Адкрывальнік Багдановіча
Сяргей Палуян нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне. Ужо ў 15 гадоў, у 1905‑м, з‑за сувязі з сацыялістамі ў хлопца ўзніклі першыя канфлікты ў сям’і. Адміністрацыя мазырскай прагімназіі, дзе хлапец вучыўся, параіла бацькам забраць сына дадому. Але гэта не дапамагло. І бацька выгнаў Сяргея. Юнак накіраваўся ў Кіеў, дзе пачаў зарабляць напісаннем рэцэнзій і артыкулаў для ўкраінскіх газет. Пасля было знаёмства з «Нашай Нівай». Супрацоўніцтва з газетай прывяло Палуяна ў Вільню. Там ён уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду.
Менавіта Палуян адшукаў у архіве «Нашай Нівы» сшытак з вершамі Максіма Багдановіча. Рэдакцыя палічыла іх незразумелымі для селяніна, а Ядвігін Ш. ахрысціў «дэкадэнскімі». Але Палуян разглядзеў у Багдановічу генія ды настаяў на тым, каб вершы друкаваліся.
У 1910 годзе Сяргей Палуян зноў перабраўся ў Кіеў. Хто мог думаць, што жыццё гэтай энергічнай, кіпучай натуры так гвалтоўна перарвецца.«…Жыццё не вартае таго, каб жыць. У марах жыццё — казка, а спраўдзi — гнiццё раба i вечная незабяспечанасць, — напісаў ён у апошнім лісце да аднаго з сяброў. — Перадайце шчыры прывет беларусам. Багата я думаў зрабiць, ды не зрабiў нiчога. Шкода памiраць так марна, але трэба. Няхай… I яшчэ адна драбнiца: я ўмiраю «пошло», павесiўшыся. Бо не было змогi купiць рэвальвера…»
Афіцыйная версія смерці — самагубства, хаця некаторыя даследчыкі выказваюць версію пра гвалтоўную смерць. Пахаваны Палуян на кіеўскіх Байкаўскіх могілках.
«Вянок» Максіма Багдановіча прысвячаецца Сяргею Палуяну. Янка Купала прысвяціў яму паэму «Курган», Цішка Гартны верш. Палуян і сам пісаў мастацкія творы. Але шмат што з напісанага згінула. Спадчына, што захавалася, была выдадзеная кнігай «Лісты ў будучыню».
Кастусь Матушыч