Веснавы конкурс з сонечнай назвай

Источник материала:  

У чацвер раніцай у музычнай школе пачаўся конкурс “Веснавы праменьчык–2010”. На гэты раз у ім удзельнічалі не толькі маладзечанскія калектывы, але і прадстаўнікі іншых раёнаў – рэгіянальны конкурс стаў адкрытым.
Яго арганізатары – упраўленне культуры Мінаблвыканкама, аддзел культуры Маладзечанскага райвыканкама, дзіцячая музычная школа. Інфармацыйны спонсар – “Рэгіянальная газета”.

“Мы спадзяёмся, што ўзровень выканаўцаў будзе высокі, – сказаў напярэдадні ў інтэрв’ю “РГ” дырэктар дзіцячай музычнай школы Уладзімір Яцыновіч. – Прынамсі мы правялі строгі адбор удзельнікаў і з дзевяці калектываў нашай школы выбралі толькі пяць”.

За паўгадзіны да пачатку конкурсу на сцэне ў зале працягваліся рэпетыцыі. Да выступлення рыхтаваўся ансамбль гітарыстаў Вілейскай школы мастацтваў. У розных складах ён існуе з сярэдзіны 1990-х гадоў. Дзеці неаднаразова ўдзельнічалі ў фестывалях і конкурсах у Беларусі, выступалі за мяжой.

На конкурс “Веснавы праменьчык–2010” у Маладзечна прыехалі Захар Чачулін, Святлана Прылепская, Павел Чарапан, Ілья Ражко, Сяргей Чаўлытка. Дзеці рознага ўзросту: Захару 10 гадоў, Ільі – 16. Кіраўнік ансамбля Уладзімір Лапцік.

Гэта былі не адзіныя прадстаўнікі Вілейскага раёна. Паказаць сваё майстэрства на конкурс прыехалі і навучэнцы Нарачанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Конкурс традыцыйны. Праходзіць раз на год. Інструменты мяняюцца. Сёлета ў “Веснавым праменьчыку” ўдзельнічалі выканаўцы на струнных смычковых (віяланчэль, скрыпка), струнных народных (домра, балалайка, цымбалы, гітара) і на народных язычковых (баян, акардэон). За званне лепшых яны спрачаліся ў дзвюх намінацыях – малы ансамбль (дуэт, трыа, квартэт) і вялікі ансамбль (ад пяці да 12 чалавек). Спалучэнне інструментаў – любое.

Кожны калектыў выконвае па два рознахарактарныя творы. Удзельнічаюць ансамблі са Смаргонскага, Вілейскага, Мядзельскага раёнаў, з Ліды, Дзяржынска, іншых рэгіёнаў, нават з Браслава.

Выступленне ансамбляў ацэньваюць выкладчыкі маладзечанскага музычнага вучылішча Юры Каламіец, Аляксандр Баравік, Мікалай Шкет.

Калі газета рыхтавалася да друку, пераможцы, прызёры і ўладальнікі Гран-пры не былі вядомыя. Іх імёны мы паведамім у наступным нумары.

Святлана ЦІШКО.

←Литовцы отказались менять название Белоруссии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика