Ціхан Чарнякевіч: 1990-я застаюцца не асэнсаванымі ў літаратуры
Аўтар адказвае на пытанні «НН».
«Наша Ніва»: Ціхан, чаму вырашыў узяцца за такую працу?
Ціхан Чарнякевіч: Яшчэ ў школе пазнаёміўся з часопісам «Крыніца», у брата было некалькі нумароў. Я іх прачытаў ад тытулу да выходных дадзеных. Трэба сказаць, што феномен «Крыніцы» дагэтуль не асэнсаваны як след. Нават сёння, праз 7 год пасля закрыцця часопіса, збольшага менавіта яго былая рэдакцыя — Някляеў, Разанаў, Акудовіч, Галубовіч, Арлоў, Сідарэвіч, Станкевіч — і тыя, хто супрацоўнічаў з «Крыніцай», вызначаюць твар нашай літаратуры. Бо ў «Крыніцы» надрукаваць абы-што было немагчыма. Графаманы ведалі сваё месца.
Да перакладаў і перакладчыкаў у мяне заўсёды было нейкае замілаванне. Калі бачыў у бібліятэцы кнігу замежнай літаратуры па-беларуску — заўсёды адчуваў радасць і захапленне. Калі ўжо вучыўся на філфаку, сутыкнуўся з праблемай, што перакладзена, урэшце, нямала, але адшукаць пэўнага аўтара практычна немагчыма. Былі, праўда, некаторыя носьбіты «таемнай веды», якія хітравата казалі: «А вось беларускага Паўнда можна пачытаць у такім нумары». За саветамі выйшла некалькі бібліяграфічных даведнікаў па перакладах, у альманаху «Далягляды» заўсёды адлюстроўвалася бібліяграфія перакладных кніг за год. Але 1990-я, самы прадуктыўны час, так і не былі каталагізаваны ў гэтым плане.
Ціхан Чарнякевіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў Пінску. Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ і магістратуру пры ім. Цяпер вучыцца ў аспірантуры БДПУ. Рэдактар аддзела прозы і паэзіі тыднёвіка «ЛіМ». Перакладае з украінскай, польскай і англійскай.
Гэтак сышліся два захапленні — «Крыніцай» і перакладамі. Я прыходзіў у акадэмічную бібліятэку імя Якуба Коласа, замаўляў камплект «Крыніцы» і перапісваў у агульны сшытак усе назвы перакладаў. Так паступова перабраў усе падшыўкі часопіса. Дома пераводзіў у камп’ютэр. Быў тады студэнтам-максімалістам. Хацелася прачытаць і выпісаць абсалютна ўсё. Пасля «Крыніцы» ўзяўся і за «Нашу ніву», але зрабіў выпіскі толькі за адзін год. Далей наляцелі іншыя справы. Ачомаўся толькі сёлета, праз пяць гадоў пасля пачатку працы. Давёў да ладу нумарацыю, зрабіў паказальнікі аўтараў і перакладчыкаў.
«НН»: Ці адсочваў далейшы лёс часопісных публікацый?
ЦЧ: Так, вядома, стараюся наогул усе пераклады адсочваць. З «крынічанскіх» некаторыя пераўвасобіліся ў кнігі. Напрыклад, выбранае Мілаша, Галчыньскага, «Курдупель Цахес» Гофмана ў перакладзе Сёмухі нядаўна выдрукавалі, старабеларускія ўзнаўленні Разанава сталі першым томам серыі «яйкаквадратаў», праца В. Калацкай нядаўна ўвасобілася ў анталогію «Бог скарпіён». Шэраг тэкстаў увайшоў у нядаўні двухтомнік Баршчэўскага, Васючэнкі, Тычыны «Беларуская літаратура і свет». Ды шмат што выйшла і працягвае выходзіць. Але вельмі многа, праўда, так і не дачакалася кніжак. Напрыклад, перакладаў таго ж Разанава не на адзін том ладны хапіла б яшчэ. Каласальная перакладчыцкая праца Алеся Асташонка дагэтуль ляжыць мёртвым грузам. Мусіць, так і будзе ляжаць, бо творцы ўжо няма сярод жывых і бегаць па выдавецтвах ён не будзе. Так і не выйшаў кнігай Зюскінд у перакладзе Сёмухі. Напэўна, праз складанасці з аўтарскімі правамі… Кніга, на мой погляд, кананізуе пэўны тэкст. І, праз цяжкасці выдавецкай справы ў 1990-я, мы пакуль не можам тыя самыя часы асэнсаваць, бо факты той літаратурнай сітуацыі адсутнічаюць. А гэта вельмі важны перыяд.
«НН»: Як перакладчык скажы, што перакладаць трэба, калі не хочуць чытаць і нацыянальнай літаратуры?
ЦЧ: Не хочуць чытаць людзі з нізкім узроўнем культуры, якія часам да таго ж агрэсіўна не жадаюць гэты ўзровень павышаць. І іншым, ахвотным, перашкаджаюць. У нас сёння кожны перакладае тое, што любіць. І гэта добра, з аднаго боку, бо не з’яўляецца «шэранькай» перакладной літаратуры. З другога боку, многія перакладчыкі, упэўнены, з задавальненнем працавалі б і на замову, абы ім можна было б з гэтага карміць сваю сям’ю. Апошняе гучыць нерэальна, але ў краінах, дзе існуе нармальная сітуацыя з мовай тытульнай нацыі — гэта звычайная з’ява.
Вядома, трэба перакладаць. Кожная прачытаная кніжка замежнай літаратуры адорвае іншым, небеларускім ракурсам мыслення. А кожны твор замежнай літаратуры на беларускай абнаўляе нашу літаратурную мову, у шырокім сэнсе — абнаўляе ўвесь беларускі тэкст. Мая запаветная мара — каб на паліцах кнігарняў заўсёды стаялі беларускія Рабле, Дантэ, Шэкспір, Гамер, Вергілій. Веру, некалі так і будзе. А таксама будзе часопіс перакладной літаратуры («Прайдзісвет» — выдатны праект, але гэтага мала). У «ЛіМе» з красавіка будзе выходзіць пастаянная старонка перакладаў «Далягляды». Вядома, лёгка гаварыць «мала, мала». Бо перакладчыкі сёння працуюць на голым энтузіязме. Ім і надрукавацца часта няма дзе, не тое што кніжку выдаць і ганарар атрымаць. А добра перакласці старонку прозы ці восем вершаваных радкоў, да прыкладу, Гётэ — гэта вельмі няпроста. Безумоўна, трэба перакладаць і суседзяў — украінцаў, літоўцаў, латышоў. Асабліва прозу, зусім мала яе ведаем. Сітуацыя, як заўжды, абсурдная. Але нешта ды будзе.
Аўтар: Гутарыў Сяргей Макарэвіч