Што за сіла — талака!
08.04.2010
—
Новости Культуры
Надзвычай багатая, больш чым з тысячагадовай гісторыяй архітэктурная спадчына Беларусі ва ўсёй яе разнастайнасці і прыгажосці засведчана ў грунтоўным 4-томным навукова-папулярным выданні
Спачатку хацелася вынесці ў загаловак: Краіна замкаў. Ці: Краіна дойлідаў. І сапраўды, дзесяткі каштоўных помнікаў архітэктуры ацалелі ў Беларусі праз гады: палацы, замкі… А то нават і храмы абарончага тыпу, накшталт 600-гадовай Царквы святога архангела Міхаіла ў Сынкавічах, якім належала бараніць мясцовы люд як ад немачы духоўнай, так і ад фізічнага знішчэння. І сёння такія славутасці, як Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Сафійскі сабор у Полацку і шэраг іншых моцна стаяць “за незалежную Беларусь”, краіну з даўняй, самабытнай гісторыяй і культурай.
Ды ўсё ж у праекце, прэзентацыя якога прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, таксама адным з нядаўна ўзведзеных будынкаў-шэдэўраў, ключавым словам было: талака. Яно прагучала і з вуснаў доктара архітэктуры Армена Сардарава, аднаго з удзельнікаў вялікай працы — дзякуючы “прафесару дарог”, гаварылася, “упершыню сістэмна адлюстравана архітэктура розных беларускіх шляхоў зносін”. “Свята ў нас надзвычайнае, — зазначыў Армен Сардараў. — Як вядома, самыя важныя грамадскія справы, у тым ліку і вялікія будоўлі, у Беларусі спрадвеку вяліся талакой. Важна, што мы прадоўжылі вельмі плённа звычай талакі ў новым, навуковым фармаце, што годна завяршылі сваю работу, і што яна, я ўпэўнены, будзе мець працяг.”
Шэсць кніг “Архітэктура Беларусі: Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце” — сапраўды салідны плён амаль 10-гадовай талакі. Шчыравалі 15 вядомых у краіне спецыялістаў па архітэктуры, сярод якіх 8 дактароў і 7 кандыдатаў навук. Па сутнасці, падведзены грунтоўны падмурак пад усю нашу сучасную культуру. Прычым усе дойліды, узводзячы гэты “архітэктурны пантэон”, працавалі разам. Змаглі згарманізаваць у тамах розныя погляды, асэнсаваць сваю культуру, цывілізацыю ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Упершыню разам талака будучых аўтараў сабралася ў снежні 2000 года.”Трэба ж было падумаць: як весці працу, каб яна ўрэшце адпавядала і нашаму часу, і новым патрабаванням у галіне архітэктуры, што паставіла жыццё перад незалежнай дзяржавай, нацыянальнай культурай, усім народам, — згадваў той час прафесар, двойчы доктар навук Аляксандр Лакотка, нязменны лідар творчага калектыву, цяпер дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — І мы адразу высока паставілі планку, вырашылі паглядзець на архітэктуру як складнік культуры, які фарміруе нацыянальнае аблічча дзяржавы, прадстаўляе нас у сусветнай супольнасці: па архітэктуры ж мяркуюць пра ўклад усяго народа ў скарбонку сусветнай цывілізацыі”.
Такія праекты, вядома ж, не робяцца ў адначассе. Увесь гістарычны шлях належала агледзець, і ўсе напрацоўкі папярэднікаў творча скарыстаць. А дойлідства беларускае мае больш за 1000-гадовую гісторыю: вядзе радавод ад храмаў старажытных Полацкай, Тураўскай зямель, праходзіць праз перыяд Вялікага Княства Літоўскага, і прыводзіць да сённяшняй архітэктуры. І паколькі архітэктура, як і ўся культура Беларусі, набіралася моцы на скрыжаванні культурных шляхоў, то і сфарміравалася нацыянальна адметнай, мае непаўторнае аблічча, свой культурна-гістарычны фенамен. Пра гэта, вядома ж, пісалася і раней. Згадваліся працы вядомых даследчыкаў Кацара, Асмалоўскага, Ягорава, Чантурыі, Воінава. А таксама салідныя папярэднія выданні:“Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, “Гісторыя беларускага мастацтва”, “Гарады і вёскі Беларусі”...
Карацей: даследчыкам было на чым будаваць гэтыя салідныя шэсць кніг — прыгожа, на высокім мастацкім узроўні выдадзеныя дзякуючы таленавітым людзям з Выдавецкага дома “Беларуская навука” — яны таксама былі ўдзельнікамі свята. Выступоўцы з гонарам падкрэслівалі: супольная праца навукоўцаў і выдаўцоў пашырае беларускую прысутнасць у свеце. Беларусь здолела паказаць сваю культуру ва ўсёй красе і разнастайнасці. І для чытачоў паўсюль — а тамы ўжо ёсць і ў шэрагу вядомых бібліятэк Расіі, ЗША, Кітая, Малдовы — з архітэктурнымі помнікамі ўжо асацыюецца вобраз Беларусі, усёй яе культуры. А спадчына дойлідаў прыцягальныя не толькі для развіцця турызму, але і гуманітарных, дзелавых кантактаў з усім светам.
І яшчэ. Радуе вялікую навуковую талаку тое, што выданне ў яе атрымалася “не местачковае, а з выхадамі ва ўсе бакі, з прасочваннем культурных сувязяў Беларусі з усёй Еўропай, усім светам”.
Іван Ждановіч