У Мінску адкрылася выстава аўтарскай лялькі
6 красавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску адкрылася выстава аўтарскай лялькі.
Як паведаміў БелаПАН куратар творчай акцыі Аляксей Лесін, у экспазіцыі дэманструюцца каля 50 непаўторных аўтарскіх лялек, кожная — у адзіным экземпляры. Як адзначыў куратар, выдатныя майстры Ірына Ставер («Святочнае агенцтва Ларысы Грыбалёвай»), Святлана Шор (Беларускі саюз майстроў народнай творчасці), Анжэла Міцкевіч (Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва) і Святлана Калкоўская (кіраўнік народнай мастацкай студыі «Раніца» Шашкоўскай школы мастацтваў Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці) дэманструюць розныя стылі і погляды на сучасную аўтарскую ляльку — ад традыцыйных фальклорных вобразаў да сучаснага гламуру. На выставе экспануюцца лялькі рознага памеру, зробленыя ў апошнія гады з традыцыйных матэрыялаў — воўны і тканіны.
Як паведаміў Лесін, у акцыі ўдзельнічае Анжэла Міцкевіч — нашчадак Якуба Коласа, якая спецыяльна для выставы зрабіла лялькі, прысвечаныя творам свайго продка. Сярод іх — героі паэмы «Новая зямля» і Савось-распуснік (галоўны герой аднайменнай дзіцячай паэмы).
Выставу такога тыпу музей ладзіць упершыню. Лялькі дэманструюцца ў мемарыяльнай экспазіцыі, сярод непаўторных антыкварных інтэр'ераў, якія захоўваюцца ў доме Якуба Коласа, што прыдае экспазіцыі незвычайную атмасферу.
Са згоды аўтараў некаторыя лялькі можна будзе набыць.