Зміцер Вішнёў распавёў, як будуюцца замкі з крапівы
Яго ведаюць і як вялікага мінскага дзівака-рамантыка, і як жанчынаненавісніка, і як жанчыналюба, і як містыфікатара-перфарматара, а часам і як свайго хроснага бацьку, які дапамог прыйсці ў беларускую літаратуру і пачуцца там доўгачаканым і патрэбным.
Гэтай вясной Зміцер прэзентуе свой новы постмадэрновы раман ― «Замак пабудаваны з крапівы», з кожнай старонкі якога ў побыт, засыпаны лыжкамі, талеркамі, бутэлькамі і кніжкамі, трапляе процьма жывых істот, якія прымушаюць прадметы гаварыць, а людзей ― ператварацца ў прадметы. Лірычны герой і сам час ад часу ператвараецца ў прадмет, прадмет ― у героя: тут мы то сустракаем тыповага багемнага мінскага выпівоху, то смакуем свет яго вуснамі, то раптам упіваемся пальцамі ў руку Вішнёва і разам з ім перамяшчаемся ў Берлін. Вішнёў стварае абсурдны і эклектычны фантастычны пейзаж на фоне звычайнай кухні, або звыклага мінскага двара. У звычайнай мінскай кухні з плямай звычайнага двара ў акне «Беларускія навіны» распыталі Вішнёва пра актуальнасць постмадэрнізму, пра персаніфікацыі, гульні ў літаратуры, пра п’янства і беларускіх літаратараў, якія ўвесь час стаяць «у чарзе па хлеб».
— Раман вымагае ад пісьменніка шмат вольнага часу. Калі ж вы паспелі напісаць фундаментальны твор буйнога жанру?
— Раманам я не зусім задаволены. З іншага боку, гэта добра, калі аўтар лічыць, што лепшая кніга ў яго наперадзе. Аб’ёмныя творы патрабуюць шмат часу і сістэматычнай працы. Таму я спадзяюся праз некалькі гадоў вярнуцца яшчэ да гэтага твора і перапрацаваць яго, аднак цяпер наспела патрэба ў тлустай кропцы, і я паставіў яе так, як мог, з улікам каласальнага недахопу часу. Прынамсі, мне не сорамна за новую кнігу, і гэта галоўнае. Я атрымліваў кайф, калі працаваў над раманам, у першую чаргу гэты «Замак» для мяне самога, а потым ужо для чытачоў.
— А вось Альгерд Бахарэвіч гэты раман назваў вашай лепшай кнігай...
— Мне здаецца, што Альгерд пажартаваў. Ён выказаўся досыць іранічна, бо не сказаў, што яна добрая ў творчай просторы ў прынцыпе. Ён паведаміў, што яна проста лепшая з маіх. Значыць, усе мае кнігі могуць быць і дрэннымі, напрыклад? Мне б больш спадабалася, калі б ён сказаў, што гэта добры твор беларускай літаратуры (смяецца).
— Вас не хвалюе, што тое, што вы пішаце, ― гэта нішавая літаратура, і наўрад ці некалі раман, пра які мы гаворым, прачытае вялікая колькасць людзей?
— А я і не імкнуся зацікавіць масы! Свайго чытача я знайшоў, або ён мяне знайшоў. Гэта панкі, анархісты, людзі з нестандартным мысленнем, тыя, каму больш імпануе інтэлектуальная літаратура.
— Мінск ― прыдатны горад для пісьменніка?
— Для мяне не вельмі, у мяне тут занадта многа сяброў і ворагаў. Я хачу з’ехаць на нейкі час і папрацаваць у цішыні.
— У вашых кнігах заўсёды столькі жывёлак, насякомых, жывых прадметаў, рэчываў ― столькі каларытных істот. Ваша рэальнае жыццё такое ж?
— Так, такое ж. І на прэзентацыі «Замка пабудаванага з крапівы» многія выступоўцы казалі не пра лірычнага героя, а непасрэдна пра Змітра Вішнёва, з якім нібыта адбывалася ўсё апісанае ў кнізе. Гэта не зусім так, яны купіліся проста на маю гульню. Бо аўтар і герой у мяне пераплятаюцца — гэта інсінуацыя. Мэта была ― усіх заблытаць, у тым ліку і сябе. Я фантазёр, я такі з дзяцінства, нездарма амаль кожная частка майго рамана пачынаецца з маленства.
— У такой форме, як раман, усё ж самае асноўнае ― гэта сюжэт. Ці можаце сказаць, што ў «Замку» ён ёсць?
— Ёсць, толькі ён заблытаны. Той, хто прачытае кнігу ад пачатку да канца, знойдзе сюжэт, толькі шукаць будзе няпроста.
— Гэта кніга пра каханне?
— У тым ліку.
— Пра Мінск?
— Пра Мінск, Берлін, падарожжы па Еўропе, пра п’янства. Там ёсць адна частка нават, дзе падаецца рэцэптура экзатычных беларускіх кактэйляў: «Белы мядзведзь», «Цёця Клава», «Дзядзя Пеця», «Бабнік». Але я ніколі не сядаю нецвярозым пісаць, дарэчы, ніколі. І вышэйзгаданых напояў увогуле не ўжываю.
А наогул цэнтральнай фігурай твора з’яўляецца бабулька, вось яна, я думаю, спадабаецца ўсім, хто стане чытаць раман.
— «Замак» — гэта постмадэрнізм у сваёй крытычнай форме, праўда?
— Праўда. І я хачу нагадаць, што прэтэндую на першы ў гісторыі беларускай літаратуры постмадэрнісцкі раман ― гэта «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў». Так што калі нехта вам скажа, што ён стварыў першы беларускі постмадэрновы раман, ведайце: ён хлусіць!