Зямля, што дыхае гісторыяй. Горад, які ўзнік на месцы вёсак Стары Шклоў і Хоцімка, упершыню згадваецца ў 1535 годзе
Паводле падання, у месцы, дзе знаходзіцца сучасны Шклоў, багаты купец, стоячы на беразе ракі, выпадкова ўпусціў на зямлю каштоўныя камяні, якія ў промнях сонца зазіхацелі як шкло. Пазней у ракі з’явілася назва Шклавянка, а ў горада — Шклоў. Калі вы вырашыце бліжэй пазнаёміцца з дзіўным краем — Шклоўшчынай, вам варта сюды прыехаць. Тут вы не толькі зачаруецеся жамчужынамі архітэктуры розных стагоддзяў, але і пабываеце ў прыгожым парку, а таксама зможаце наведаць мястэчка Александрыя — малую радзіму першага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Агурок-маладзец
Той, хто не каштаваў шклоўскіх агуркоў, многае згубіў. Ужо не адно стагоддзе моцны, пухірысты, з пяшчотнай мякаццю агурок прымушае многіх цаніць яго вартасці. Гародніна гэта сапраўды цудоўная, таму так палюбілася не толькі сучасным шклаўчанам. Ужо ў XVI стагоддзі жыхары гэтай мясцовасці валодалі сакрэтамі вырошчвання агуркоў.Але асабліва папулярнымі шклоўскія агуркі сталі ў другой палове XX стагоддзя. Агурок-маладзец дапамог многім жыхарам раёна моцна стаць на ногі, а некаторым нават разбагацець. Зялёная гародніна і сёння не страціла свайго фінансавага значэння.У Шклове нават паявілася свята — дзень агурка. Знатныя агурочнікі ахвотна дзеляцца сваімі сакрэтамі вырошчвання і засолкі агуркоў, прывозяць на выстаўку агуркі-веліканы. У канцы ліпеня 2007 года ў раённым цэнтры з’явіўся помнік агурку. Над ім працаваў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. Майстар зрабіў агурок у выглядзе вясёлага мужычка ў пінжаку з гальштукам-бабачкай. Скульптар нават даў свайму герою імя — Агуродзец. За тыя колькі гадоў, што стаіць агурок на плошчы побач з гарадскім паркам, ён паспеў стаць мясцовай славутасцю. Каля гэтай фігуркі ахвотна фатаграфуюцца прыезджыя і мясцовыя маладыя пары. Многія загадваюць жаданні, дакранаючыся да агурка. Жаданні, напэўна, збываюцца. Ці не таму бакі агурка так зіхацяць на сонцы?
Феерверк у гонар імператрыцы
З імем Сямёна Гаўрылавіча Зорыча, фаварыта Кацярыны II, якая падаравала гэтаму чалавеку маёнтак Шклоўскі, у раёне звязана шмат гісторый. Бо эпоха Зорыча — гэта эпоха эканамічнага і культурнага росквіту Шклова.Будучы гаспадаром гэтых зямель, Зорыч пабудаваў нямала мураваных і драўляных збудаванняў, дзе размясцілася шэсць мануфактур. А ў 1778-м адкрыў фабрыку на 30 станкоў, якая выпускала камзолы і шаўковыя паясы. Шклоў стаў прамысловым цэнтрам, славіўся сваімі шумнымі кірмашамі. Тут былі таксама суконная, парусная і золатавышывальная фабрыкі, гарбарны і канатны заводы.Судны Зорыча хадзілі ў Херсон, Нікалаеў. Адтуль прывозілі разынкі, фінікі, лімоны, вінаград і апельсіны. Мясцовая знаць жыла тут багата.Зорыч заснаваў таксама прыватны прафесійны тэатр. Слава пра яго трупу дайшла да Еўропы, таму ў горадзе можна было сустрэць бургундцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў. Іх увагу прыцягвалі не толькі багатыя кірмашы, але і тэатральныя прадстаўленні. Дарэчы, імператрыца Кацярына II двойчы наведвала горад і кожны раз прысутнічала на спектаклях у мясцовым тэатры. Уявіце, што дэкарацыі тут мяняліся 70 (!) разоў, а сцэна круцілася. Больш таго, у канцы прадстаўлення ўсіх чакаў феерверк з 50 000 ракет.
Стары гадзіннік яшчэ ідзе...
Сёння, як і раней, цэнтр Шклова ўпрыгожвае ратуша. Узведзеная ў канцы XVIII стагоддзя, яна прызнана ўнікальным аб’ектам культурнай спадчыны краіны.Як сцвярджаюць даследчыкі, у Беларусі захаваліся толькі адзінкі такіх помнікаў архітэктуры. Прыгожая ратуша, якая быццам падпірае неба, стала візітнай карткай горада. Яе шпіль вянчае герб Шклова, а вежу ўпрыгожвае гадзіннік, бой якога чутны ва ўсім наваколлі.Раней да ратушы прымыкалі аднапавярховыя гандлёвыя рады, якія ўтваралі вялікі прамавугольны двор. Тут лёгка размяшчаліся больш за сотню крам, ішоў бойкі гандаль не толькі сваім, але і заморскім таварам. А сёння ў будынку ратушы знаходзіцца гарадская гімназія, выхаванцы якой ведаюць шмат цікавых падрабязнасцей пра гісторыю будынка, куды яны кожны дзень прыходзяць вучыцца.Але ратуша — не адзіная жамчужына райцэнтра. Непадалёку прапісаўся яшчэ адзін архітэктурны помнік — дзеючая Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў пачатку XX стагоддзя ў цэнтры Шклова. Жыхары горада ведаюць, што ўзвядзенне храма пачалося яшчэ пры Зорычы, які змог толькі закласці падмурак, а потым будаўніцтва расцягнулася на сто гадоў. Большую частку сродкаў на будучую царкву завяшчала багамолка Агаф’я Сідарава, жыхарка Шклова. У 1993 годзе на галоўным купале храма быў падноўлены дах і з’явіўся новы крыж.
Ніжнінскі роў
Нават мясцовыя школьнікі добра ведаюць, што ў наваколлі райцэнтра ёсць унікальнае месца, якое звязвае сучаснікаў з іх далёкімі продкамі. Гэта Ніжнінскі роў, які атрымаў сусветную вядомасць.Тут, на левым беразе Дняпра, агаліўся тарфянік міжледніковага перыяду. Гэты цуд быў адкрыты ў 1965 годзе. Па сваёй магутнасці і асаблівасцях будовы тарфянік значна пераўзыходзіць аналагічныя аб’екты ў Паўночнай Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. Шырыня агалення 150 метраў, вышыня — 27, круцізна схілу — 370 метраў. Узрост гэтага аб’екта 220—250 тысяч гадоў.
Каменны ідал
Шанаванне камянёў вядома ў многіх народаў пачынаючы з каменнага веку. Пакланенне некаторым валунам дажыло да нашых дзён. Культавым камяням прыносяць у дар манеты, лён, воўну, ежу і кветкі.Шклоўскаму ідалу, або Елапу, найстаражытнейшаму помніку беларускай скульптуры, жанчыны да сярэдзіны XX стагоддзя маліліся аб прыбаўленні ў сям’і. Сёння статуя, створаная самой прыродай, прапісалася ў гістарычным музеі ў Мінску.
Кацярынінская таполя
Пабываць у Шклове і не прайсціся па гарадскім парку, значыць прапусціць штосьці важнае. Шклоўскі парк — гэта помнік садова-паркавага мастацтва.Яго асаблівасць у вялікай колькасці алей: дубовых, каштанавых, ліпавых, таполевых і кляновых. Тут няма экзотыкі, але шапацяць дрэвы, якія сустрэнеш у любым кутку Шклоўшчыны. Парк у свой час ствараў мясцовы садоўнік С.Ж.Маліноўскі — жыхар вёскі Уланава.У цэнтры гэтага зялёнага аазісу ўжо не адно стагоддзе ўзвышаецца таполя-старажыл, узрост якой крыху не дацягнуў да 300 гадоў. У часы графа Зорыча ў 1780 годзе гэтым дрэвам любавалася нават імператрыца Кацярына II, якая прагульвалася па цяністым лясным гаі і спынялася адпачыць пад яго раскідзістымі галінамі. У гонар царыцы дрэва назвалі Кацярынінскай таполяй.Ад старога парку захаваліся тры алеі, сажалка і сядзібны дом, у якім сёння размешчаны цэнтр пазашкольнай работы. Жамчужынай парку лічаць белыя таполі, дыяметр ствала якіх дасягае 1,2 метра.
Вось дык знаходка!
Чатыры гады таму недалёка ад вёскі Стараселье быў знойдзены зуб маманта вагой 3,5 кілаграма (на здымку яго дэманструе навуковы супрацоўнік Шклоўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Даўжонак). Унікальную знаходку адкапалі ў пясках на глыбіні два з паловай метры. Зуб праляжаў у глебе, як мяркуюць, 150 тысяч гадоў, але добра захаваўся.Вядома, што пры сярэдняй працягласці жыцця 70 гадоў мамант тройчы мяняў зубы. А велікану, якому належаў знойдзены зуб, было не менш як паўстагоддзя.