Уладзімір Арлоў: «Мая прэмія - узнагародай для ўсёй нашай літаратуры».

Источник материала:  
Уладзімір Арлоў ездзіў у Гданьск не толькі на цырымонію першага ганаравання лаўрэата прэстыжнага агульнаеўрапейскага конкурса «Еўрапейскі паэт свабоды» — у Польшчы была насычаная асветніцкую праграма.Па-першае, выступ перад студэнтамі Гданьскага ўніверсітэту, пасля якога польскія студэнты паводле словаў выкладчыкаў выразна адчулі розніцу паміж беларускім і расійскім менталітэтам. Потым сустрэча ў літаратурнай кавярні «Экслібрыс», дзе Арлоў з перакладнікам Адамам Паморскім чыталі беларускія арыгіналы і польскія пераклады. Тамсама пісьменнік і паэт сустрэўся з студэнтамі-каліноўцамі, каб падравацьь кнігу Барыса Пятровіча «Плошча» беспасяродных удзельнікам тых падзеяў.

«Наша Ніва»: Наколькі польская публіка і еўрапейская літаратурная грамадскасць, што прысутнічала ў гэтыя дні ў Гданьску, прыязна сустракала прадстаўніка беларускай літаратуры?

Уладзімір Арлоў: На круглым стале ў выглядзе своеасаблівага ток-шоў па праблемах свабоды творчасці, цэнзуры і самацэнзуры, які праходзіў 25 сакавіка, (у ім сярод іншых узялі ўдзел знакамітыя дысыдэнты і літаратары: чэх Іржы Груша і літовец Томас Венцлава, паляк Рышард Крыніцкі), адбыўся незабыўны момант. У канцы сустрэчы вядоўца, палітык і адзін з ідэолагаў «Салідарнасці» Адам Міхнік сказаў, што сёння беларусы святкуюць Дзень Волі, і некалькі сотняў гледачоў улучна з удзельнікамі круглага стала наладзілі Беларусі і беларусам колькіхвілінную авацыю…

У журы конкурса «Еўрапейскі паэт свабоды» былі вядомыя польскія інтэлектуалы: Кшыштаф Чыжэўскі, Агнешка Голанд, Анжэй Ягадзінскі, вядомы пісьменнік Павел Гюле, аўтарка культавага раману «Расійска-польская вайна» Дарота Маслоўска. Кіраваў журы адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў легендарнага Ежы Гедройца, прафесар Кшыштаф Помян, які прыехаў у Гданьск з Парыжу.

«НН»: Сп-р Уладзімір, пару словаў пра саму цырымонію…

УА: Прэмія «Еўрапейскі паэт свабоды» — гэта яшчэ адзін крок Гданьску на шляху да абвяшчэння культурнай сталіцы Еўропы. Фінал праходзіў у форме гала-канцэрту, які адбыўся ў тэатры «Выбжэжэ». На цырымоніі прысутнічалі дыпламаты краін-спаборніц. Дарэчы, Наконт наяўнасці прадстаўнікоў беларускай амбасады нічога дакладна сказаць не магу: яны сябе, як кажуць, не абазначылі.

На вечары самім паэтам і перакладчыкам чытацьі вершаў не даверылі: за іх гэта рабілі музыкі і акторы пад акампанемент сучаснай музыкі.

Уладзімір Арлоў выйграў прэмію за кнігу вершаў «Паром праз Ля-Манш» — яна ў арыгінале выйшла ў 2007 у выдавецтве «Логвінаў». На польскую гэты зборнік, выпушчаны ў свет гданьскім выдавецтвам Slowo/Obraz/Terytoria пераклаў Адам Паморскі. Ён ўваходзіць у эліту польскіх перакладчыкаў: зпольшчвае творы з беларускіх, расійскіх, ангельскіх, нямецкіх і ўкраінскіх аўтараў. Ягонымі кансультантамі выступілі беластоцкая літаратарка Міра Лукша і Лявон Баршчэўскі.

«НН»: Наколькі нашую літаратуру ведаюць у Польшчы?

УА: На ўсіх сустрэчах мне даводзілася шмат гаварыць пра імёны сваіх калегаў ды іх творы, і распавядаць пра беларускую літаратуру ўвогуле. На сустрэчах з чытачамі, калегамі і журналістамі шматкроць гучалі пытанні кшталту «Назавіце калі ласка самых значных або самых папулярных літаратараў Беларусі». Шмат распытвалі пра пераклады на беларускую з польскай. Тут нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Толькі за апошнія гады выйшлі па-беларуску творы Чэслава Мілаша, Збігнева Герберта, Паўла Гюле, Рышарда Капусцінскага, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Рафала Ваячака…

Але я бясконца далёкі ад нейкай эйфарыі. Духі займае, калі думаеш колькі нам трэба зрабіць, каб напрыклад у еўрапейскай Іспаніі не моршчылі лоб, успамінаючы, дзе гэта знаходзіцца нашая краіна, не кажучы ўжо пра ведаенне яе літаратуры. Гуляючы па вулках Варшавы і Гданьску, я з сумам пазіраў на назвы ўстановаў, якія прапагандуюць у Польшчы французкую, нямецкую, румынску, славацкую культуры...

Асабіста мне пашэнціла — я меў такога выдатнага перакладчыка, як Адама Паморскі, але трэба, каб у Беларусі была створана адмысловая культурная ўстанова, якая бы займалася прасоўваннем беларускай культуры і літаратуры за мяжой.

«НН«: Цяпер, па павароце дадому, якія планы?

УА: Рыхтую да выдання працяг кнігі «Адкуль наш род» для падлеткаў. Калі ў папярэднім выданні аповяд спыняўся на 1918 г., дык у гэтай кнізе я распавяду пра падзеі і асобаў усяго ХХ ст, у тым ліку пра нашых сучаснікаў: Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш, Васіля Быкава... Назва новай кнігі пакуль што абмяркуоўваецца з самім сабой, але будзе нешта сугучнае папярэдняму выданню, каб чытач убачыў сувязь паміж кнігамі. А яшчэ нараджаюцца новыя тэксты з цыклуц «Полацкія апавяданні». І — вершы.

«НН»: Яшчэ раз віншуем вас, спадар Уладзімір, з перамогай і зычым творчага плёну!

УА: Дзякуй «Нашай Ніве» і ўсім, хто павішаваў мяне гэтымі днямі. Увогуле лічу сваю прэмію ўзнагародай для ўсёй нашай літаратуры.
←В Витебске проходит выставка дореволюционных пасхальных открыток

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика