Гаспадар меднай гары. Крыміналіст з Чачэрска можа са старога дроту зрабіць копію твора Чэліні ці Бацічэлі
Чачэрскі эксперт-крыміналіст Аляксандр Плістоў — адзіны беларускі мастак, які працуе ў тэхніцы гальванапластыкі.
Перш чым рабіць першы крок у мастацтве, Аляксандру Плістову давялося пасядзець за падручнікамі. Бо гальвана-пластыка — узнаўленне формы прадмета шляхам электралітычнага асаджэння металаў — патрабуе трывалых ведаў у галіне фізікі і хіміі.— Дык вы мастак ці навуковец? — спрабую зразумець я.— Па першай адукацыі тэхнік-механік, скончыў Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж, — тлумачыць суразмоўца. — Але яшчэ ў каледжы замучыў выкладчыкаў просьбамі зрабіць мне абсталяванне для майстэрні, якое б адпавядала вызначаным параметрам. Урэшце сканструяваў яго сам, абапіраючыся на вопыт народных умельцаў і ранейшыя ўласныя памылкі. Спадабаўся мне гэты від мастацтва — надзвычай тонка перадае самыя дробныя дэталі. Нават калі на арыгінале зрабіць непрыкметную драпінку іголкай, медная копія атрымаецца з такой самай драпінкай.У асабістай калекцыі чачэрскага майстра больш за 300 работ: іконы, пано з батальнымі ці міфалагічнымі сюжэтамі, геральдыка. Большасць з гэтых твораў — копіі палотнаў знакамітых і малавядомых мастакоў.— У мяне было ўжо каля 60 выстаў — у Віцебску і Гарадку, Гомелі і Рэчыцы, Полацку і Добрушы, — кажа суразмоўца. — Некалькі разоў з’ездзіў у Расію, а на пачатку 90-х выстаўляўся ў Аўстрыі.Творы Аляксандра Плістова нараджаюцца ў ванне, напоўненай адмысловым растворам. Зыходны матэрыял — медны лом, прычым неабавязкова добрай якасці. Метал усё роўна трэба расшчапіць да малекул, раствор прапусціць праз фільтры, каб атрымаць рафінаваную медзь. Пад уздзеяннем электрычнага току малекулы шчыльна кладуцца на загадзя падрыхтаваную матрыцу. Важна толькі своечасова дастаць чарговы шэдэўр з ванны, каб не набраў лішнюю вагу.— Ну а потым я, як стаматолаг, бяру бормашыну, акуляры з павелічальнымі шкельцамі і дапрацоўваю.Зараз у ветэрана афганскай вайны Аляксандра Плістова далёкая ад аграрнай сферы праца, ён маёр міліцыі, старшы эксперт-крыміналіст. Між іншым, праца вельмі дапамагае ў творчасці: часта даводзіцца бываць у кватэрах незнаёмых людзей. Аляксандр прызнаецца, што, калі бачыць у гаспадароў прыгожую карціну ці старажытную ікону, абавязкова просіць дазволу зняць з яе копію.— У прыватных калекцыях шмат чаго можна знайсці. Не так даўно я нават зрабіў копію рэдкай іконы “Пакланенне вешчуноў” (на здымку яна з чатырма рубінчыкамі), паўгода над ёй працаваў. А яшчэ маю цесныя кантакты з Веткаўскім музеем народнай творчасці, Гомельскім палацава-паркавым ансамблем, царквамі. Святары часта звяртаюцца з просьбамі зрабіць аклад на Евангелле ці распяцце: гадоў дванаццаць таму архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх благаславіў мяне на гэтую добрую справу.