Экспанаты дзеля будучыні
25.03.2010
—
Новости Культуры
Унікальныя рэчы перададзены Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі
Любы музей — нібы жывы арганізм, які не можа не расці і не развівацца. 2009-ы ў гэтым плане стаў рэкордным для Нацыянальнага музея гісторыі і культуры. Яго збор у мінулым годзе павялічыўся на 15 тысяч адзінак. Асабліва ўзбагаціліся калекцыі дакументаў, фарфору, фотаздымкаў, нумізматыкі. З самымі значнымі набыткамі можна было пазнаёміцца на выставе “Экспануецца ўпершыню”.
Мабыць, адным з самых папулярных пытанняў у наведвальнікаў было: “А адкуль жа бяруцца новыя экспанаты?” Як расказаў дырэктар музея Сяргей Вечар, новыя паступленні — гэта, па-першае, вынікі археалагічных раскопак. Па-другое, падарункі людзей, неабыякавых да сваёй культурнай і нацыянальнай спадчыны. Да прыкладу, пенсіянер прынёс у музей званочак 1812 года, які выпадкова знайшоў, капаючы агарод. Адна жанчына ахвяравала шыкоўнае піяніна ХІХ стагоддзя, а мінчанка Галіна Кунц перадала паштоўкі, якія некалі дасылаў ёй з фронту бацька. Па-трэцяе, шмат экспанатаў набыта за кошт Міністэрства культуры (напрыклад, скульптуры С.Бандарэнкі, карціна Л.Шчамялёва) ці камерцыйных устаноў, якія супрацоўнічаюць з музеем. У прыватнасці, “Белзнешэканамбанк” выдаткаваў у мінулым годзе фінансавыя сродкі на набыццё калекцыі старадрукаваных кніг ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў, у тым ліку і з рассеянай бібліятэкі бернардзінскага кляштара ў Будславе Мядзельскага раёна. Важкімі, са старымі пажоўклымі аркушамі, з прыгожа аформленымі пачатковымі літарамі і ілюстрацыямі, старадрукамі на выставе асабліва цікавілася моладзь, больш звыклая да глянцавых часопісаў і інтэрнэт-кніг.
Найбольш прыкметнымі сярод выстаўленых экспанатаў былі, як мне здаецца, партрэты магнатаў ХVII–XVIII стагоддзяў: Яна Сапегі, Казіміра Паца і іншых. Дакладней, не самі партрэты, а іх якасныя лічбавыя копіі, зробленыя з арыгіналаў Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка. Згадзіцеся, не так проста вярнуць на радзіму рэчы, якія ў свой час з-за нейкіх гістарычных перыпетый апынуліся на іншай тэрыторыі. І прыймальнае часовае рашэнне — іх копіі з дазволу новага гаспадара.
Вялікая падзея, анансаваная на выставе, — перадача музею звыш 70 экспанатаў былога Нацыянальнага культурна-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Гэта ахвяраванні беларусаў з розных куткоў свету: Злучаных Штатаў Амерыкі, Швецыі, Літвы, Латвіі, Польшы… Тут карціны такіх знакамітых беларускіх мастакоў як Мар’ян Богуш-Шышка, Вячаслаў Ігнаценка, Вячаслаў Целеш, Тамара Стагановіч і многія іншыя. Доўгі час экспанаты ляжалі ў нябыце пасля таго, як цэнтр імя Ф. Скарыны па розных прычынах спыніў сваё існаванне.
А сёння, патрапіўшы ў музей, рэчы зноў набылі надзейную дзяржаўную ахову. “Безумоўна, наша дыяспара — гэта частка нашай гісторыі і культуры, — сказаў на адкрыцці выставы прафесар Адам Мальдзіс. — І лагічна, каб частка калекцыі беларусаў свету захоўвалася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Гэтая падзея павінна паслужыць сігналам для суайчыннікаў: ёсць куды перадаваць культурныя скарбы, ёсць каму іх ахвяраваць”.
Першы крок з боку беларускай дыяспары ўжо зроблены. Каля 40 таленавітых акварэльных прац вядомага мастака ХХ стагоддзя Міхаіла Горшмана падараваў музею яго сын Аляксандр, які цяпер жыве ў Маскве. Міхаіл Горшман — майстра пейзажаў і партрэта. Ён нарадзіўся ў горадзе Барысаве, нейкі час жыў ў Мінску, а пасля пераехаў у Маскву, дзе вучыўся ў выдатных майстроў графікі Фаворскага, Купрыянава, Мітурыча. На пачатку 30-х і ў канцы 50-х гадоў Горшман прыязджаў у Беларусь, дзе напісаў шэраг карцін, прысвечаных беларускім краявідам і людзям. Менавіта гэтыя работы і былі перададзены на захоўванне ў музей.
Упершыню за час існавання музея ў яго збор прыняты сучасныя прадметы культавага прызначэння — ад Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Папоўніўся фонд і цікавымі сучаснымі прадметамі кшталту спартыўнай формы ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі на ХХІХ летніх Алімпійскіх гульнях 2008 годзе ў Пекіне ці прадукцыі Мінскага фарфоравага завода. І гэта добра, бо, як сказаў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкi, “сённяшні дзень праз некалькі гадоў стане таксама гісторыяй і звычайны цяпер прадмет стане важным і каштоўным экспанатам у будучыні”.
Людміла Мінкевіч