Ноч. Філармонія. Фестываль.
Цяпер не толькі ў музеях! У ноч на Івана Купалу, 23 чэрвеня, у будынку Дзяржфілармоніі адбудзецца вялікі трыё-фестываль сучаснай і класічнай культуры «Ноч музыкі». З 21 да 5 раніцы дзверы музычнай установы будуць адчыненыя для наведнікаў: на сцэне будуць гучаць класічныя і мадэрновыя творы беларускіх і замежных кампазітараў, а таксама дэманстравацца харэаграфічныя нумары. Пра гэта паведаміла кампазітарка, арганізатарка фэсту, Ларыса Сімаковіч.
Кульмінацыяй начнога фестывалю зробіцца пастаноўка спектаклю «Жорж Санд, мазурка і Шапэн».
«На сцэне будуць стаяць тры раялі і гучаць творы Шапэна, упоравень з прамовамі драматычных актораў, — кажа Ларыса Сімаковіч. - Літаратурная аснова спектаклю — ліставанне Жорж Санд з Фрыдэрыкам Шапэнам».
Падчас «Ночы музыкі» у фае філармоніі выставяць свае працы сучасныя мастакі. А на прыступках будуць усталяваныя плазменыя экраны, каб мінакі таксама маглі сочыць за дзействам на сцэне. А каб публіка не прысынала падчас фестывалю будуць зробленыя перапынкі на каву.
Аб сваім удзеле ў «Ночы музыкі» ужо заявілі творчыя калектывы з Польшчы і Расіі. Да іх могуць далучыцца ўкраінскія, французскія ды італьянскія музыкі і танцоўшчыкі.
Яшчэ адна мэта незвычайнага начнога фестывалю — прыцягнуць увагу да творчасці сучасных беларускіх кампазітараў.
«З непачутымі творамі беларускіх кампазітараў часам хочацца паступіць, як у свой час зрабіў са сваёй неадпраўленай карэспандэнцыяй Шапэн: перавязаць стужачкай і надпісаць «Маё гора», — дадае Сімаковіч. — Вельмі хочацца, каб сапраўдная беларуская музыка была сыграная, і каб не панавала на сцэне паказуха і не вельмі якасная папса».