Міліцыя сарвала прэзэнтацыю складанкі берасьцейскага року

Источник материала:  
23.03.2010 12:47 — Новости Культуры
У Берасьці адбыўся фэст "Гукі вясны", на якім меркавалася прэзэнтаваць складанку "Права маладых — першы музычны блін" з творамі мясцовых камандаў. Але прадстаўленьне складанкі сарвала берасьцейская міліцыя. Перад канцэртам лэйтэнант міліцыі М. Ціхановіч канфіскаваў больш за 300 дыскаў для праверкі на наяўнасьць крамолы ў іх зьмесьце. Арганізатары фэсту: "Спадзяемся, што цяпер міліцыя стане бліжэй да нашай музыкі".

Фэст 20-га лютага быў прысьвечаны ня толькі гуканьню і прыходу вясны, але і прэзэнтацыі складанкі "Права маладых — першы музычны блін". На жаль, у гэтую частку праграмы свае праўкі ўнеслі супрацоўнікі міліцыі, што яшчэ перад канцэртам канфіскавалі больш за 300 дыскаў для праверкі на наяўнасьць крамолы ў іх зьмесьце. Арганізатары фэсту не пераканалі, што на дысках музыка выканаўцаў Берасьцейскай вобласьці, і што кружэлкі прызначаныя для бясплатнага распаўсюду. Лэйтэнант міліцыі М. Ціхановіч з аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў пратакол аб выманьні 348 дыскаў. Магчыма, цяпер берасьцейская міліцыя стане бліжэй да мясцовай музыкі.

Сам фэст "Гукі вясны" прайшоў на пазытыўных эмоцыях і зь вялікай колькасьцю падарункаў ад кампаніі "Будзьма беларусамі!". Ярка запаліў Vinsent, не зважаючы нават на тое, што большасьць людзей прыйшлі паслухаць рок, а ня рэп. Да ўсяго рэпэр выступіў у якасьці вядучага фэсту.

Маладая сьпявачка Prana прадставіла электронную праграму, якая ўвойдзе ў дэбютны альбом. 12 красавіка яна выступіць у менскім "Графіці". Пасьля яе спакойнай і рамантычнай музыкі публіку добра разагрэў малады беларускамоўны гурт зь Берасьця Amerta. Але найбольш яскравым і пазытыўным гуртом фэсту сталі The Fraiz. Іхняму драйву ды стылёваму гуку можна толькі пазайздросьціць.

На роздум і мэлянхалічны настрой прысутных натхніла музыка Ushuaia, які вылучыўся сярод астатніх магутным вакалам. А вось чатыры хлопцы з гурта Sciana ні хвілінкі не далі спакойна пастаяць прысутным. Гэта сапраўдныя зоркі, якія маюць мора драйву. Урэшце для берасьцейцаў адбылася прэзэнтацыя іх новага альбома "Кропка вяртаньня".

Тлустую кропку на фэсьце паставіў гурт :B:N:, які сярод іншага выканаў сумесна зь Vinsent песьню, якая неўзабаве будзе прэзэнтаваная на "Тузіне Гітоў".

Фэст ня стаўся сапраўднай прэзэнтацыяй складанкі "Права маладых — першы музычны блін", але паказаў добры музычны ўзровень гуртоў і выканаўцаў Берасцейскай вобласьці. Саму ж складанку з 55 песень у хуткім часе можна будзе спампаваць у інтэрнэце.

←Фотофакт: скульптуры иронизируют над современными представлениями о красоте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика