90 гадоў – паэту Аляксею Пысіну
23.03.2010 12:00
—
Новости Культуры
Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пысіну — знакамітага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Жыў і працаваў на Магілёўшчыне.
Байцам не сняцца пантэоны
- На абелісках — толькі даты,
Імёнаў многіх не знайсці.
І невядомыя салдаты
Маўчаць у сціплым забыцці.
- Байцам не сняцца пантэоны,
У іх з маленства клопат быў,
Каб рунню дыхаў дол зялёны,
Каб град калоссе не пабіў.
* * *
- Палім мы маршанскую махорку,
Бачым мы Дняпроўскую граду.
Будзе сёння бой. На тым узгорку,
Можа, я таксама упаду.
- Будуць травы над курганам.
Будуць
Нас, напэўна, ў свеце не забудуць,
Успомняць, што на свеце мы жылі.
- …Я гляджу на даўняе курганне,
На траву, на рыжых мурашоў.
Ведайце: калі мяне не стане —
Я ў сваю дывізію пайшоў.
Балада пра начлег
- Вароты рыпяць ці нашы сляды?
Дарога, дарога, дарога туды,
- Дзе будзем анучы ў цяпле сушыць,
Да раніцы спаць, да старасці жыць.
- Налева зіма направа зіма,
Ні печы няма, ні дома няма.
- Граната ў руках. Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, яшчэ не стае?
- Стралковая рота сопку ўзяла.
…Пад намі зямля, над намі зямля.
Вузел
- Не ведаю, якім вузлом
Навекі я прывязан
Да старых сосен за сялом,
Да яблынь, груш і вязаў;
- Да кладак гладкіх,
Валуноў,
Да траў, жытоў на ўзлесках,
Да партызанскіх курганоў
І помнікаў гвардзейскіх…
- Адно я знаю: гэткі меч
На свеце не скуецца,
Каб мог ён вузел мой рассеч,
Не закрануўшы сэрца.