Мастак Васiль Зянько прапануе гледачам азiрнуцца на "Жыццё насякомых"

Источник материала:  
20.03.2010 07:34 — Новости Культуры
У Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася персанальная выстаўка маладога беларускага мастака Васiля Зянько. На ёй прадстаўлена 15 карцiн — серыя жывапiсных работ пад назвай “Жыццё насякомых”.

Чаму прывабiлi аўтара вобразы менавiта насякомых? Гэтае пытанне Васiлю Зянько задаюць даволi часта.

— Можна адказаць пытаннем на пытанне, маўляў, а чаму б i не яны? Цi пажартаваць: быццам пачаў з малых форм, а закончу дыназаўрамi. Але калi сур’ёзна, то ў гэтых работах няма нiякага заалагiчнага падтэксту. Прырода – галоўная тэма маёй творчасцi, i праз яе вобразы я iмкнуся нагадаць усiм нам пра вытокi. Каб у сучасным экспрэсiўным, хуткасным свеце людзi ўспомнiлi пра сваю еднасць з прыродай, каб крыху прыпынiлiся, зрабiлi паўзу, азiрнулiся наўкол, узгадалi тое, з чаго ўсё некалi пачыналася, — гаворыць мастак.

Прафесiяналы адзначаюць у работах Васiля Зянько складаны сэнсавы код, “счытваць” якi ў адпаведнасцi з уласным узроўнем развiцця i светаўспрымання зможа кожны, хто наведае выстаўку.

— Гледачу, безумоўна, кiнецца ў вочы прыгажосць свету насякомых. Але разгляд матылькоў, стракоз цi жукоў абавязкова прымусiць i задумацца, звярнуць увагу на многiя сiмвалы, якiя прысутнiчаюць у выявах. Карцiны серыi быццам праводзяць своеасаблiвую паралель памiж светам насякомых i людзей, над якiмi дзейнiчаюць адны i тыя ж законы прыроды. Цiкавая i колеравая гама, абраная мастаком. Ён выкарыстоўвае осноўныя фарбы першабытнага мастацтва. У гэтым таксама вялiкая сiмволiка, зразумець якую цiкава паспрабаваць i гледачу. Акрамя таго, работы Васiля Зянько выкананы ў адметнай аўтарскай тэхнiцы, яго карцiны не зблытаеш нi з чыiмi, — тлумачыць мастацтвазнаўца Наталля Сялiцкая.

Дарэчы, сам аўтар пра сакрэт свайго “почырку” гаворыць проста: акрыл, рукi i талент. Работы напiсаны без пэндзля.

Васiль Зянько родам са Стоўбцаў. Талент будучага мастака заўважылi з дзяцiнства. Як гаворыць мацi Ганна Iванаўна, было ў каго. I лiчыць, што мастацкi ген у iх сям’i, канечне ж, ад бацькi, вядомага фотарэпарцёра, таксама Васiля Зянько, работы якога не раз адзначалiся на многiх рэспублiканскiх i мiжнародных конкурсах. Мiж iншым, ёсць у сям’i Зянько i яшчэ два прафесiйныя мастакi: старэйшы сын i яго жонка. Яны — выкладчыкi школы мастацтваў.

З 1989 года – з часу, як паступiў у Беларускi лiцэй мастацтваў iмя Ахрэмчыка, Васiль Зянько-малодшы жыве ў Мiнску. У 2006-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмiю мастацтваў. З 1995-га ўдзельнiчае ў выстаўках, у тым лiку рэспублiканскiх i мiжнародных. Яго карцiны знаходзяцца ў Музеi сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША), у прыватных калекцыях Нарвегii, Германii, Польшы, Амерыкi, Турцыi, Расii i Беларусi. У Мiнску серыя жывапiсу Васiля Зянько “Жыццё насякомых” прадстаўлена ўпершыню.

На здымку: два Васiлi Зянько — бацька i сын.
Фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ


←Есть чем поразить столицу!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика