Франак Вячорка. Ліза
Але сэксу паміж намі больш не было. — Усяму свой час! — любіла гаварыць яна… Апавяданьне.
Нашы позіркі сустрэліся. Яна пільна ўгледзелася, прымружыўшы вочы, пасьпешліва адвярнула галаву і пашыбавала ў бок Нямігі. Пэўна, мая пэрсона не ўнушала даверу. Зрэшты, ці можа ўнушыць давер чалавек, якога сустракаеш трэці дзень запар у тым самым месцы і ў той самы час?
Першы раз, пазаўчора, я сядзеў на лаўцы і чытаў газэту. Яна прайшла міма, пакінуўшы шлейф водару салодкай парфумы. Яе абцасы адбівалі хуткі крок па тратуарнай плітцы, і ўжо неўзабаве яна зьнікла за мурам Ратушы.
На заўтра яна ішла ў кампаніі сяброўкі з боку кавярні «Фрэскі». Дзяўчаты спрачаліся. Мая незнаёмка нешта даказвала, жэстыкулюючы рукамі, пераходзіла на сьмех, а часам задумліва змаўкала. Я зачаравана лавіў кожны рух яе зграбнага цела. Вопратка падкрэсьлівала ўсе выгоды паставы. На ёй былі блакітныя, зьлёгку пацёртыя джынсы і ружовая, падперазаная чорным пасам, блюзка.
Я спахапіўся і паспрабаваў яе дагнаць.
— Дзевушка! — крыкнуў наўздагон.
Але яна не абярнулася. Рэзка зьвярнула на пераход, і цяпер я мог добра яе разглядзець. Яна была яшчэ больш прыгожая, чым пры першай сустрэчы. На торбачцы сваёй незнаёмкі я заўважыў вялікі белы значак з надпісам «За Свабоду!» і прышпіленую
Увесь вечар я дакараў сябе, што даў ёй сысьці. І што такая пекная дзяўчына робіць у апазыцыі? Я ня мог заснуць, мяне мучылі здагадкі.
Назаўтра я прыйшоў зь вялікай ружовай герберай. Спадзяваўся зноў яе сустрэць, урачыста ўручыць кветку, і аб усім распытацца. Але яна не прыйшла. На прыпынку стаяла бабулька зь вялікімі клункамі і заклапочаным выразам твару. Яна вярталася зь лецішча і чакала свайго аўтобуса. Я працягнуў ёй герберу. Жанчына расплылася ў шчасьлівай усьмешцы. Здавалася, ёй не дарылі кветак цэлую вечнасьць.
2
Мне працягнулі кантракт. Ужо трэці год я працую фатографам у сталічнай газэце «Минский курьер». Пасьля трэцяга курсу мяне ўзялі на практыку, так там і застаўся. Рэдактар мне асабліва давяраў і пасылаў на адказныя заданьні, дзяржаўныя сустрэчы, прэсавыя канфэрэнцыі, сьвяты і парады. Плацілі стаўку плюс бонусы за кожны апублікаваны здымак. Мне хапала на кватэру, паесьці, апрануцца і выслаць грошы бацькам, якія выжывалі на жабрацкі калгасны заробак.
Апошнія месяцы прыбавілася работы. Ледзь не штодня пасылалі на бессэнсоўныя і збольшага нікому нецікавыя акцыі БРСМ і брыфінгі гарадскіх чыноўнікаў. А вечарам я прагульваўся па горадзе і цікаваў прыгожыя кадры. І што раз, як я праходзіў паўз Плошчу Свабоды, я разьлічваў убачыць яе ‒ сваю незнаёмку.
Сёньня ў рэдакцыі планёрка. Шэф зьбірае ўсіх супрацоўнікаў. «Яўка ўсім абавязкавая!» — значылася ў электронным лісьце, які прыйшоў па рассылцы. Усе сабраліся, чакалі рэдактара, размаўлялі.Уладзімір Генадзьевіч маўкліва зайшоў у пакой, дастаў стос папераў і ўсіх павітаў.
— Неўзабаве прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Мне неабходна давесьці да вас плян работы.
У пляне значыліся інтэрв’ю з чыноўнікамі, дэпутатамі, мэрам Мінска, асобнымі спартоўцамі, рэпартаж пра будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і гандлёвага цэнтру «Сталіца». Усе матэрыялы павінны быць пададзеныя ў выключна пазытыўным ключы і суправаджацца сьлёганам агульнанацыянальнай кампаніі «За Беларусь!»
— Будуць акцыі, сутычкі з міліцыяй, ну вы разумееце… Ніякай самадзейнасьці! І ня дай Божа хто з вас пападзецца, імгненна вылецеце з работы, — папярэдзіў шэф і вытрымаў мнагазначную паўзу. Планёрка закончылася і ўсе пачалі расьцягвацца па кабінэтах. Я падумаў пра сваю незнаёмку. Ня лёгка ёй прыходзіцца…
3
Ужо тры месяцы не было вестак ад маёй незнаёмкі. На плошчы яна больш не зьяўлялася. Жыцьцё і без таго біла ключом, шмат працы, а таму я ўжо амаль зьмірыўся, што нам не давядзецца пазнаёміцца.
Прачнуўся, а сёмай, зрабіў тосты з сырам, зварыў кавы і паплёўся на працу. Часу ставала, а таму замест традыцыйнай маршруткі паехаў на трамваі. Калісьці гэта быў мой любімы від транспарту, я езьдзіў з аднаго канца горада ў іншы, — зь Зялёнага Лугу ў Серабранку, зь Мясьнікова да Камсамольскага возера, — разглядаў людзей і краявіды. А бывала, забіраліся зь дзяўчынай у самы канец вагона і падоўгу цалаваліся.
Трамвай быў запоўнены і
— Адзін талёнчык, калі ласка! ‒ сказаў я падрсэсьлена
Яе позірк набрыняў разгубленасьцю і варожасьцю. Я паўтарыў. Кандуктарка глядзела на мяне, як на іншаплянэтніка. Нямая сцэна трывала некалькі сэкундаў, пасьля тая нешта фыркнула, схапіла тысячу, дала рэшту і зьбегла ў іншы канец вагона.
Яшчэ з трамвая я заўважыў, што ўздоўж праспэкту, ад выхаду з мэтро да крамы «Акіян» растаўленыя шчыты з партрэтамі кандыдатаў. На поўную моц ішла прэзыдэнцкая кампанія. Я, далібог пасьмейваўся з усіх гэтых агітатараў, якія чапляліся да прахожых.
Насустрач мне ішла дзяўчына. Мне падалося, я бачыў гэты твар раней. Пэўна, пэўна гэта яна — тая самая незнаёмка, якую я сустрэў ля Ратушы. Яна паказала мне партрэт кандыдата, ‒ і загаварыла
завучанымі фразамі:
— У сакавіку 2006 году будуць выбары. Мы зьбіраем подпісы за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.
Я ня ведаў, чаму больш здзіўляцца: раптоўнай сустрэчы, яе прыгажосьці ці таму, што яна размаўляе са мной
На ёй былі карычневыя боцікі, абцягваючыя карычневыя джынсы, вэльвэтавая куртачка пад колер ботаў, блакітны шалік і бэрэт. Нават у зімовай вопратцы яна не губляла сваёй абаяль-
насьці. Правільныя рысы твару, выцягнуты нос, выпуклыя ружовыя вусны і румяныя шчокі. Яна была без касмэтыкі! Дзяўчына ўтаропліва глядзела на мяне. У яе былі незвычайныя вочы: адно карычневае, а другое — палавіністае,
Я не стрываў і апусьціў позірк. Дзяўчо, відаць, падумала, што я з тых абыватэляў, якія штодня ходзяць на працу і нічым больш не цікавяцца.
— Пастаўце подпіс у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, — паўтарыла яна больш настойліва і гучна, каб я ўжо пэўна пачуў. Я ўсьміхнуўся.
— Як цябе завуць? — запытаўся я і было відаць, яна разгубілася ад нечаканага пытаньня.
— Ліза.
Яна пачырванела, але вачэй не адварочвала. Я пацягнуўся, каб расьпісацца, але Ліза мяне спыніла.
— Патрэбны ваш пашпарт.
—
4
Спачатку мяне праверылі на надзейнасьць. Далі стос улётак, мапу з пазначанымі дамамі, якія трэба закідаць.
Зь Лізай мы бачыліся на «штабе». Гэта была звычайная праватная кватэра ў Серабранцы. Амаль штодня нас зьбіралася чалавек 20. Мы распаўсюджвалі ўлёткі, раздавалі незалежную прэсу, расклейвалі налепкі, абыходзілі кватэры, агітавалі ды зьбіралі подпісы, ладзілі сустрэчы з Мілінкевічам. Неўзабаве пачалі выпускаць самвыдат «Вольная Серабранка», дзе я быў штатным фатографам.
Я хутка з усімі пасябраваў і мне давяралі новую і новую працу. Усё цалкам дабраахвотна, ніхто не атрымоўваў ні капейкі. Але больш за ўсё мне падабалася слухаць Лізу. Яна каардынавала збор подпісаў. Ліза заўжды гаварыла на чысьцюткай беларускай мове. Але гэта была не стэрыльная мова тэлерадыёдыктараў і не трасянка школьнай настаўніцы. Яна ўмела падбірала словы. Я зачаравана назіраў за яе мімікай, і калі нашы позіркі сустракаліся, яна мне падміргвала. Беларуская мова з вуснаў Лізы гучала вельмі сэксуальна. Аднойчы я ёй сказаў пра гэта, а ў адказ яна пырскнула рогатам.
Я ўсё больш прывыкаў да свайго новага амплюа. Мне падабалася тое, чым я займаўся. А ў Лізе я бачыў беларускую Жанну Д’Арк, гатовую ахвяраваць жыцьцём дзеля Беларусі. Нягледзячы на мае спробы, Ліза заўжды трымала дыстанцыю і рэдка падпускала да сябе, а ўсе размовы пра асабістае пераводзіла на жарт.
5
Лічыцца, людзі ахвотней падпісваюцца, калі хадзіць парамі — хлопец і дзяўчына. Мы падзялілі акругу і выкінулі, хто з кім пойдзе. Мне выпала хадзіць з Лізай у дзевяціпавярховіку па Ракасоўскага. У нас атрымаўся выдатны тандэм. Яна размаўляла з выбарнікамі, расказвала пра кандыдата, а я запаўняў падпісныя лісты.
Не абышлося без прыгодаў: у адной кватэры пачаставалі торцікам і падарылі кніжку зь вершамі; У іншай мы натрапілі на сям’ю чыноўніка. Яны гразіліся выклікаць міліцыю і ледзь не спусьцілі на нас сабаку…
Закончылі, а
— Навошта ты гэта зрабіў? — абурылася Ліза, але працягвала нерухома сядзець на лаўцы.
— Хіба я не казаў, што працую фатографам і лаўлю прыгожыя імгненьні?
— І чым жа гэтае імгненьне прыгожае? — цяпер ужо заігрываючы запытала дзяўчына.
— Табой. Ты прыгожая.
— Ідзі сюды. Пасядзі са мной побач.
Мы сядзелі на лаўцы і моўчкі назіралі за прахожымі ды машынамі. Па горадзе блукалі парачкі закаханых, а за калёнамі Ратушы цалаваліся хлопец зь дзяўчынай. Яны трымаліся за рукі і гаварылі адно аднаму пяшчотныя словы.
Я асьцярожна крануўся рукі Лізы, але яна ўвярнулася, зрабіўшы выгляд, што хоча дастаць мабільнік.
— Ты мяне зусім ня ведаеш, — яна больш не ўсьміхалася.
Я дапытліва зірнуў на яе. Ліза перабірала рукамі пасмачку валасоў, і пра нешта напружана думала.
— Ты займаесься гэтым усім толькі выключна для мяне. Думаеш, я ня бачу?, — яна гаварыла спакойна і ўпэўнена, нібы тлумачыла выбарніку нашу праграму, — а для мяне гэта жыцьцё, разумееш? Я прыйшла да гэтага сама. Я чытала беларускую літаратуру — Коласа, Купалу, Арсеньневу, Геніюш. Зь іх твораў я чэрпала натхненьне і любоў да беларускай мовы і культуры. Я была закаханая ў Алеся Загорскага і Андрэя Лабановіча, уяўляеш?
Нашу клясу перавялі на расейскую мову, так прагаласавалі бацькі, а дырэктара, які размаўляў
Мы зь сябрам Максам арганізавалі драмгурток, ставілі спэктаклі па Караткевічу і Купалу, ладзілі чытаньні ў гонар Быкава і Арсеньневай. Гэта не падабалася кіраўніцтву, гурток зачынілі. Бацькоў выклікалі ў школу і распавялі пра мяне няведама што, нібы я ісламская тэрарыстка.
Насуперак волі бацькоў я паступіла ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа. Праз два гады яго зачынілі, мы вучыліся падпольна. Тады я і занялася грамадскай дзейнасьцю, пайшла ў «Малады Фронт».
Ліза спыніла гаварыць, паглядзела на месяц, на мяне, уздыхнула. І мякка усьміхнулася.
— Так, на чым я спынілася? Дык вось. У Макса, зь якім мы ладзілі драмгурток, правялі ператрус, а потым яго зьбілі на ланцугу неабыякавых. Я выклікала «хуткую», і яго забралі ў шпіталь. Я гатова была разарваць гэтых пачвараў! Потым я закончыла ліцэй, здала экстэрнам 30 іспытаў. Усе на «выдатна». І паступіла ў «Кулёк». Я хачу стаць актрысай. Вось такая мая гісторыя.
Я быў уражаны. Гэтая дзяўчына за свае 19 год перажыла столькі, колькі не здараецца за ўсё жыцьцё.
— Ты праз многае прайшла. Я захапляюся табой.
Ліза моўчкі глядзела на зоркі.
— А дзе ён цяпер? — запытаў я.
— Хто?
— Ну той хлопец, Макс, зь якім вы рабілі драмгурток?
— Ня ведаю, — відавочна, Ліза не хацела пра гэта размаўляць. — У яго пачаліся праблемы, і ён адышоў ад справаў… А давай пойдзем куды сагрэемся, га? А то я зусім зьмерзла.
Мы пайшлі ў нядаўна адчыненую кавярню ля кінатэатра «Перамога» з рамантычнай назвай «Мая дарагая». Замовілі па гарбаце, кілішку белага віна. Ліза ўзяла ўзьбітыя вяршкі з кавалачкамі фруктаў.
У асноўным гаварыла яна. Я зачаравана слухаў. Тое, што я чуў, ня ўпісвалася ў мой сьветагляд, прымушала задумацца.
— Ты разумееш, што нічога не даецца проста так? За свабоду, як і за каханьне, трэба змагацца. — тут яна сербанула гарбаты й заплюшчыла вочы ад задавальненьня. — Ведаеш, я раней нікому не распавядала пра сябе. Толькі табе. Разумееш?
Ліза дапытліва глядзела на мяне разнакаляровымі вачыма. Цікава, яна бачыць сьвет таксама ў розных колерах?
Я адчуў, што перада мной безабаронная дзяўчына, якой патрэбна апека і дапамога. Ува мне мяшалася бацькоўская клапатлівасьць зь юнацкай жарсцью. Я хацеў стаць яе абаронцам і правадніком.
— Ліза, ты цуд! Можаш мне цалкам даверыцца.
Я правёў яе да трамвайнага прыпынку. Мы ішлі, трымаючыся за рукі. Нашы пальчыкі спляталіся ў замку. Часам Ліза сьціскала руку мацней, і ў мяне па целе прабягалі дрыжыкі.
На разьвітаньне я паспрабаваў яе пацалаваць. Але яна павярнула галаву так, што я тыкнуўся ў вуха. Тады Ліза шапнула:
— Да сустрэчы, любы!
6
Мне прыйшло смс: «У нядзелю ў 20.00 там жа. Пойдзем у кіно."
Я сабраўся загадзя. Надзеў гарнітур, завязаў гальштук. Ліза, як і належыць дзяўчыне, на спатканьне спазьнілася. Я ўручыў ёй букет галяндскіх цюльпанаў — гэта яе любімыя кветкі.
— Сёньня мы ідзем на Рычарда Гіра. На мой погляд, гэта найлепшы амэрыканскі актор. Нягледзячы на свой узрост, ён не губляе мужчынскай абаяльнасьці, — урачыста абвясьціла Ліза і ўручыла мне 2 квіткі ў «Піянэр», фільм называўся «Давайце патанцуем!». Як я зразумеў, Ліза яго ўжо глядзела, і не адзін раз.
Шукаць месцы нам не прыйшлося: у нас быў першы шэраг.
— Тут ніхто нам ня будзе замінаць! — яна скінула зь сябе куртку і ўладкавалася ў крэсьле.
Ліза захоплена глядзела, сьмяялася і плакала разам з акторамі, шчыра перажывала за ўсё, што адбывалася на экране. А я ўпотайкі назіраў за ёй. Раптам я адчуў Лізіну руку ў сябе на калене. Па маім целе прабеглі дрыжыкі, і я імгненна ўзбудзіўся. Асьцярожна абхапіў яе абедзьвюма рукамі за стан, і мы пацалаваліся. Лізіны ручкі сьлізганулі мне пад кашулю. Я жарсна цалаваў яе вусны, рукі і шыю. А яна лашчыла мой торс. Яе далоні былі гарачыя і мяккія. Маё цела патрабавала працягу.
Да нас падышла жанчына з бэджам і настойліва папрасіла пакінуць залю. Мы ня сталі пярэчыць.
На вуліцы ішоў дробны цёплы дождж. Яна ўзяла мяне за руку, і мы пабеглі. Неўзабаве мы апынуліся на прыпынку. Ліза сьціснула маю руку і пацягнула за сабой у трамвай. Мы стаялі ў канцы вагона, лашчыліся і цалаваліся. Яе вусны ідэальна пасавалі да маіх. Мы былі зь ёй адным цэлым.
Ліза прывяла мяне ў аднапакаёвую кватэру, якую, відавочна, здымалі студэнты: два ложкі, два сталы, шафа, тумбачка, люстэрка і стос кніжак прама на падлозе. На сьценах — постэры N.R.M., «Валадар пярсьцёнкаў», Рычырд Гір, а над ложкам —
— Мы здымаем кватэру з аднагрупніцай. Але сёньня яна ў свайго хлопца. Мы зусім адны…
Ліза падышла да мяне так блізка, што я мог адчуць яе дыханьне. Я хацеў пацалаваць яе, але яна раптоўна зрабіла крок назад. Я запытальна зірнуў на яе. Ліза адвяла вочы і сказала:
— Хадзем на кухню!
Лядоўня была абклеена налепкамі і магніцікамі з выявамі розных гарадоў, а на пліце стаяў вялікі рондаль з кампотам. Яна заварыла дзьве гарбаты «каркадэ» і дастала скрыначку вішнёвых цукерак. Некалькі хвілінак панавала цішыня, чулася толькі пасёрбваньне гарбаты.
— Я табе казаў, што ў цябе незвычайныя вочы? — сказаў, каб неяк спыніць няўтульнае маўчаньне.
— Ужо сотню разоў, дурненькі!
Яна падышла і села мне на калені так, што яе грудзі аказаліся насупраць майго твару. На Лізе не было станіка, і смочкі спакусьліва выпіралі
— Ты кахаеш мяне? — запытала яна, кранаючыся сваімі вуснамі да маіх.
— Я цябе вельмі кахаю…
Мы пацалаваліся. Кожны яе дотык быў напоўнены пяшчотай. Яе рукі павольна расшпільвалі маю кашулю. Ліза дазволіла сьцягнуць зь сябе кофтачку, і цяпер яна сядзела ў мяне на каленях у танюсенькай маячцы і гладзіла сваімі пяшчотнымі рукамі маю сьпіну. Я апантана цалаваў яе плечы, шыю, вусны і сквапна ўдыхаў водар яе цела. Ліза пахла мёдам з малаком. І я ня мог зразумець — гэта парфума, шампунь ці натуральны пах скуры… Ад гэтага водару я п’янеў.
Я ўстаў і прыціснуў яе да сьцяны. Супольнымі намаганьнямі мы сьцягнулі рэшту вопраткі. Ліза стаяла перада мной у адных майтках. Яна была чароўная і безабаронная, як анёлак, які спусьціўся на зямлю. Я шапнуў ёй:
— Хачу цябе! — і жарсна пацалаваў у вусны.
Я апусьціў руку і пачаў лашчыць яе ніжэй жывата. Ліза гучна дыхала і выгінала сьпіну падобна котцы. Я асьцярожна запусьціў руку пад майткі. Там было мокра і горача. Ліза сударгавата схапіла мяне за руку і, глянуўшы ў вочы, сказала:
— Гэта ў мяне першы раз…
— Не хвалюйся, мілая. Даверся мне…
Мы вярнуліся ў пакой. Я пяшчотна ўзяў Лізу на рукі і акуратна паклаў на ложак. Дзявочае цела калацілася, а скура пакрылася дрыжыкамі, што надавала яму яшчэ больш сэксуальнасьці. Яна глядзела на мяне спалоханымі і разам з тым закаханымі вачыма. Я акуратна сьцягнуў яе майткі і нырнуў пад коўдру.
Ліза выцягнула руку і пагасіла сьвятло…
* * *
Нараніцу, пакуль Лізачка салодка спала, я падсмажыў тосты з сырам і прынёс іх ёй у ложак з кубачкам кавы.
Гэтай ноччу Ліза стала жанчынай. Маёй жанчынай. Я кахаў яе ўсім сэрцам. Цяпер нас ніхто і нішто ня зможа разлучыць!
7
За апошнія тры месяцы мы зь Лізай моцна зблізіліся, сустракаліся некалькі разоў на тыдзень, хадзілі ў кіно і тэатр, проста шпацыравалі па начным Менску. Але сэксу паміж намі больш не было.
— Усяму свой час! — любіла гаварыць яна і пераводзіла размову на іншую тэму. Зрэшты, я не настойваў.
Пасьля выбараў у знак пратэсту моладзь разгарнула намётавае мястэчка. Ліза там праводзіла круглыя суткі, а я пад’яжджаў пасьля працы. Гэтай ноччу стаялі некалькі соцен чалавек, збольшага — моладзь. Я быў у ланцугу ачапленьня, а Ліза разносіла гарачыя каву і гарбату.
— Калі што — сустракаемся ля Ратушы! — сказала Ліза і растварылася ў натоўпе. Ёй прыйшлося крычаць: з дынамікаў грала музыка, а зь іншага боку спрабавалі мітынгаваць. Я не адчуваў рук, вушы і нос замерзьлі. Цягам апошніх дзён тэмпература не падымалася вышэй 20 стопняў марозу.
Раптоўна пасярод ночы пад’ехалі аўтазакі — вялікія
— Представителей средств массовой информации просим выйти за оцепление сотрудников милиции! — абвесьцілі па гучнай сувязі і ў натоўпе запанавала паніка.
І тут я зразумеў, што ўсё вельмі сур’ёзна. Я адразу стаў шукаць Лізу, але яе нідзе не было. Я гукнуў, але без адказу. У мяне было журналісцкае пасьведчаньне, я мог сысьці, але застаўся ў ланцугу. Ліза бы мне проста не прабачыла.
Нехта скамандаваў, і мы селі на пляц. Пачуўся жаночы лямант і енк. Людзей выцягвалі за рукі і ногі, бесцырымонна кідалі ў машыну. Тых, хто супраціўляўся, білі нагамі па жываце. Дзяўчат хапалі за валасы і цягнулі па тратуарнай плітцы. Пры гэтым іх абзывалі «гнідамі» і «сучкамі». У аднаго хлапца ўвесь твар быў заліты крывёй. Ён ляжаў на асфальце і глядзеў мне ў вочы, нібы прасіў дапамогі. Яго паднялі за куртку і закінулі, як і іншых, у аўтазак.
На Акрэсьціна нас паставілі ўздоўж сьцяны і пачалі афармляць. Вачыма я шукаў Лізу, але дзяўчат сярод прысутных не было. Напэўна, іх трымаюць недзе асобна. Я так і не дастаў журналісцкае пасьведчаньне…
На заўтра нас, чалавек 40, запіхнулі ў старэнькі «Лазік» і адвезьлі ў суд. Разгляд справы доўжыўся 5–7 хвілінаў. Супраць мяне сьведчылі двое спэцназаўцаў, якіх я бачыў упершыню. Зрэшты, як і яны мяне. Паводле іх «паказаньняў», я быў п’яны і прыставаў да прахожых. Мне, як і большасьці затрыманых, далі пятнаццаць сутак.
У камэры, разьлічанай на дзесяць арыштаваных, нас было дваццаць. Холадна і цесна. Перадачы забароненыя. Але самае цяжкае — недахоп інфармацыі. Мы хацелі ведаць, што насамрэч адбываецца? Ці
ёсьць хто на плошчы?
Ніхто з маіх сукамэрнікаў ня ведаў пра лёс Лізы, але ўсе шчыра суперажывалі. Не дапамог і турэмны тэлефон — вэнтыляцыйная шахта, якая злучае ўсе камэры на паверсе.
Апоўдні вывелі на калідор на прыём да фэльдшаркі — паўнаватай жанчыны ў гадах і вялікіх акулярах. Яна мерала ціск і тэмпературу. Калі заводзілі назад у камэру, я пачуў знаёмы голас: гэта была Ліза!
На трэці дзень у суседнюю камэру падкінулі трох чалавек. Іх забралі пад час шэсьця 25 сакавіка. Кажуць, Лізе далі сем сутак.
8
А трэцяй ночы пачалі вызваляць. Нас сустракалі з шампанскім. Было мноства людзей: журналісты зь мікрафонамі і тэлекамэрамі, палітыкі, дыпляматы, паплечнікі, у тым ліку тыя, хто ўжо адседзеў свае «суткі».
Але той, каго больш за ўсё прагнуў пабачыць, думкі аб якой сагравалі ўвесь гэты час, не было.
Яе мабільны тэлефон таксама не адказваў. Усе толькі паціскалі плячыма. Няголены і нямыты, я адразу ж узяў таксоўку і паляцеў у Серабранку да яе на кватэру. Мне адчыніла заспаная зграбная бляндынка ў белай мужчынскай кашулі. Было відаць, яна не адна.
— Прабачце за раньні час, а дзе Ліза? — запытаў я, падумаўшы, ці не памыліўся адрасам.
— Я ўжо тыдзень яе ня бачыла, — дзяўчына зрабіла паўзу. — Хіба не з табой?
Я павярнуўся на выхад, але дзяўчына схапіла мяне за руку:
— Слухай, як даведаешся што зь Лізкай, паведамі. Я вельмі хвалююся.
Я кіўнуў.
Пад раніцу вярнуўся дадому і залез пад душ. Я цёр сябе мылам і вяхоткай, але турэмны пах не сыходзіў. Ад мяне патыхала тытунем і мачой.
Але дзе яна магла зьнікнуць?
А восьмай раніцы пачаў абзвоньваць сяброў і паплечнікаў, аддзяленьні міліцыі і шпіталі — ніхто нічога ня ведаў. Гэта толькі ў нашай краіне сярод белага дня можа зьнікнуць чалавек і ніхто нічога не даведаецца.
Я адчуў сябе самотным і кінутым, у галаву лезьлі непрыемныя думкі. Няўжо яна вырашыла сысьці ад мяне, нічога не сказаўшы?
І тут я ўзгадаў апошнія словы, якія Ліза сказала перад разгонам мястэчка: «Калі што — сустрэнемся ля Ратушы!»
Ужо праз паўгадзіны я быў на месцы. Прачакаў да позьняга вечара. Яна так і не прыйшла. Я ўглядаўся ў паўзмрок вуліцы, здавалася: «Яна! Гэта дакладна яна!» Бег насустрач і кожны раз прасіў прабачэньне ў зьбянтэжанай незнаёмкі: памыліўся.
9
Мяне звольнілі з працы, не працягнуўшы кантракт. Да бацькоў прыходзілі з КДБ, распытвалі пра мяне і пагражалі праблемамі. Потым памёр дзед — мой любімы дзядуля, які прышчапіў мне любоў да Беларусі, навучыў мяне быць цярплівым і сумленным. Яго сьмерць была нечаканай, і я доўга ня мог прыйсьці ў сябе.
Сёньня роўна два гады, як я ўпершыню сустрэў Лізу. Яна зьмяніла мой сьветагляд і маё жыцьцё. Я загаварыў
А можа быць, гэта была ілюзія, фантом? І нашае каханьне — усяго толькі плод маёй хворай фантазіі? Няўжо я мусіў прайсьці праз гэта пекла, каб зразумець сапраўдную каштоўнасьць свабоды і шчырага каханьня?
Я сядзеў на парапэце і пускаў каменьчыкі па вадзе. Па ціхай Сьвіслачы разыходзіліся хвалі. Недзе ўдалечыні крачалі качкі.
10
У Сядзібе — базавы сэмінар для новых сябраў. Поўная заля, пераважна хлапцы і дзяўчаты 16–18 гадоў. Бальшыню я бачыў упершыню. Пачалі са знаёмства, кожны мусіў распавесьці, як прыйшоў да Беларушчыны і чым хоча займацца ў арганізацыі.
Алесю сямнаццаць. Вучыцца на першым курсе філфака БДУ.
— Мая дзяўчына ўжо некалькі год у Маладым Фронце. Яна мяне і заразіла ўсёй гэта справай, — ён гаварыў
У Алесю я пазнаў сябе двухгадовай даўніны. Калі б ня Ліза, я і далей бы сядзеў у лукашэнкаўскай газецёнцы, а можа, стаў бы сакратаром БРСМ. У любым разе, я быў бы па іншы бок барыкадаў.
Я зайшоў ў пад’езд свайго дома і звыкла сунуў мезінец у дзірку паштовай скрыні. На маё зьдзіўленьне, ён на нешта натыкнуўся. Там было пісьмо. На двух марках — партрэт Адама Міцкевіча і подпіс: «Poczta Polska». Зваротны адрас не пазначаны.
У капэрце быў картонны запрашальнік на польскай мове:
«11 верасьня ў 19.00 у Палацы Культуры і Навукі (Варшава) адбудзецца прэм’ера спэктаклю «Гражына» паводле аднайманнага твору Адама Міцкевіча. Запрашэньне на дзьве асобы."
З адваротнага боку напісана ад рукі: «Я ў галоўнай ролі. Абавязкова прыяжджай! Ліза».
Я быў разьюшаны: яна зьнікла на два гады, а зараз, як ні ў чым не бывала, дасылае запрашальнік на чортаў спэктакль. Але я ня мог не паехаць. Я ўсё яшчэ яе кахаў. Я спадзяваўся…
11
На мяжы мяне прашманалі: вывелі з купэ цягніка, распранулі, праверылі торбы і кішэні, як у крымінальніка. Нават у турме я не адчуваў такога прыніжэньня.
У тэатральнай залі было шматлюдна, у асноўным — студэнцкая моладзь. Ліза вельмі пасавала на ролю Гражыны. Здавалася, Міцкевіч пісаў менавіта пад яе. Жанчыны на першых шэрагах плакалі. Актораў тройчы прасілі на біс.
У буфэце частавалі віном і шампанскім. З службовага выйсьця паказалася Ліза. Яе адразу ж абступілі карэспандэнты і фатографы, заміргалі бліскавіцы. Я пераканаўся, што гэта тая самая Ліза — яркая, натхнёная, упэўненая ў сабе. Раптам да яе падышоў хлапец у дарагім гарнітуры, чмокнуў у шчаку і нешта шапнуў на вуха. Ліза ўсьміхнулася. Яны ўзяліся за рукі і, прайшоўшы ў двух мэтрах ад мяне, выйшлі вонкі. Яны размаўлялі
Адбылося тое, чаго я баяўся: яна мяне не пазнала. Я вярнуўся ў апусьцелы буфэт. Я быў зломлены і расьціснуты. Падышоў да барнай стойкі і папрасіў кілішак віскі. І раптам мяне гукнуў незнаёмы голас.
12
— Ты і ёсьць той самы сябра Лізы? — перада мной стаяў дваццацігадовы хлопец з прыгладжанымі гелем валасамі. Ён глядзеў мне проста ў вочы. Заўважыўшы маё здзіўленьне, дадаў:
— Я Алесь. Я быў на Плошчы, мы сядзелі ў суседніх камэрах. Ты яшчэ пытаў, дзе Ліза. Бачу, ты яе знайшоў.
— Баюся, што сёньня я яе згубіў, — я ня мог стрымаць сьлёз, ад болю сьціскала грудзі. — Яна мяне кінула.
— Не, дружа, яна цябе ня кінула. Яна проста вырашыла пачаць новае жыцьцё. Зразумей яе, дай ёй шанец.
«Шанец! Які яшчэ шанец?!« — падумаў я сабе. Мяне разьдзірала рэўнасьць і крыўда.
— Чуў, ты стаў важным чалавекам? — мой суразмоўца паспрабаваў зьмяніць тэму.
— Я ўсяго толькі каардынатар менскай арганізацыі. ‒ адказаў я. Мне не хацелася пра гэта гаварыць. Толькі ня зараз. — А хто той фраер у гарнітуры, які пайшоў з Лізай?
— Гэта яе жаніх. Макс. Яны сябры зь дзяцінства. Яго бацькі год пяць таму атрымалі палітычны прытулак, забралі з сабой Макса. У іх тут свая фірма. На жаль, яны даўно адышлі ад беларускіх справаў.
— А як жа яна?
— А што ёй заставалася? Яна адсядзела свае суткі, праз дзень як выкінулі з унівэрсітэту. Падчас адседкі ў доме яе бацькоў правялі вобшук. У маці здарыўся інфаркт, яны пасварыліся, і Лізу выставілі за дзьверы. Ёй нават не было на што паесьці! Прапанавалі ехаць сюды, яна пагадзілася. Ёй проста не пакінулі выбару!
— А чаму мне… А чаму мне яна нічога не сказала? Не паведаміла…
— Напэўна, яна баялася цябе расчараваць. Яна хацела, каб ты запомніў яе непакорлівай змагаркай. Але пад гэтай, зьнешне бясстрашнай абалонкай, жыве безабаронная пяшчотная дзяўчына. Тут яна ўладкавалася, ёй дапамог Макс. Яе, як рэпрэсаваную, без праблем прынялі на акторскае ў Акадэмію мастацтваў. А я вучуся ў Палітэху па праграме Каліноўскага.
— Дык, атрымоўваецца, усё было дарма? — спытаў я ў Алеся, дапіваючы другі віскі.
— Ты ёй прабач і прымі як ёсьць. Яна вольная птушка. А раптам, глядзі, перадумае і вернецца, — Алесь спрабаваў мяне суцешыць. — А сама лепш, кідай усё і пераяжджай да нас. Бо рана ці позна, дабяруцца і да цябе.
Яго словы мяне абразілі. Няўжо гэты чалавек думае, што я магу проста так усё кінуць і зьезаць? Але я не пакрыўдзіўся, бо разумеў: ён жадае мне толькі дабра.
Я разьлічыўся за віскі, моўчкі паціснуў руку свайму новаму знаёмаму і бліжэйшым цягніком зьехаў на Менск…