Памёр доктар Вітаўт Рамук

Источник материала:  
14.03.2010 00:42 — Новости Культуры

11 сакавіка ў Чыкага памёр доктар Вітаўт Рамук. Ён пражыў 95 з паловай гадоў.

Вітаўт Рамук нарадзіўся 15 ліпеня 1914 г. у Екацярынаславе (тады гэта была яшчэ царская Расія, а сёння Днепрапятроўск, Украіна). Ягоныя бацькі былі там у гастарбайтэрах.

У 1922 г. сям’я вярнулася на радзіму, пасяліўшыся ў Ліпнішках каля Ліды. Гэта была Заходняя Беларусь, Польшча.

У 1926—1930 гг. Вітаўт Рамук навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Ягоная настаўніцай была знакамітая педагог Алена Сакалова-Лекант.

Пасля Беларускай гімназіі Рамук пераводзіцца ў польскую гімназію ў Пінску ды вырашае стаць святаром. Але ўрэшце адмаўляецца ад гэтай ідэі іпаступае на біялагічны факультэт віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Праз год ён пераводзіцца на медыцыну,

а яшчэ праз год Вільню займаюць саветы, і ўніверсітэт зачыняецца.

У часе нямецкай акупацыі Рамук вяртаецца на Лідчыну, працуе ў гарадской адміністрацыі перакладчыкам, бярэ ўдзел у беларускім жыцці. У Лідзе ён працуе разам з беларускім дзеячам Адольфам Клімовічам, які лічыў, што сядзець ва ўмовах нямецкай акупацыі як мышы пад венікам – недапушчальна.

Клімовіч і Сакалова-Лекант па вайне застануцца ў Вільні і атрымаюць вялікія тэрміны ад саветаў. Вітаўт Рамук, відаць, зразумеўшы, што ад саветаў ласкі чакаць не варта, выязджае на чужыну. Пагатоў у Беларусі яго нічога не трымала, бацька памёр у 1941-м, маці - на наступны год.

Па капітуляцыі Нямеччыны Вітаўт Рамук апынуўся ў Мюнхене, дзе паспрабаваў працягнуць навучанне медыцыне, мару ўдалося ажыццявіць у Лювенскім універсітэце ў Бельгіі.

У Лювене Рамук бярэ актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці і нават некаторы час кіруе беларускай студэнцкай грамадой, а таксама ўдзельнічае ў з’ездах міжнароднай студэнцкай каталіцкай арганізацыі Pax Romano.

Наступны хуткацечны перыяд жыцця быў звязаны ў Англіяй. Рамук нават некаторы час быў намеснікам старшыні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1954). Але доўга ў Лондане не затрымаўся ды вярнуўся ў Бельгію. Некаторы час ён працаваў у дзіцячым прытулку ў Брусэлі.

Жыццё ў паваеннай Бельгіі было невыносна цяжкім, і Вітаўт Рамук пераязджае ў ЗША, у штат Ілінойс.

Некаторы час жыў у горадзе Пеорыя, а потым селіцца ў Чыкага. У 1958 г, ён ажаніўся з Верай Жызнеўскай, маладзейшай за яго на 17 гадоў. У Рамукоў нарадзіліся двое дзяцей. Сын Янка пазней зробіць вялікую кар’еру ў кампаніі «Хітачы», а дачка Ірэна стане педагогам.

Вітаўт і Вера Рамукі бралі актыўны ўдзел ў жыцці беларускай грамады ў Чыкага,

разам працавалі ў Беларускім каардынацыйным камітэце, былі актывістамі грэка-каталіцкай парафіі св. Хрыста-Збаўцы. Яны таксама былі падпісчыкамі "Нашай Нівы".

Усё гэта было ў вольны час. Вітаўт Рамук працягваў прафесійную дзейнасць, здаваў іспыты, праходзіў стажыроўкі, працаваў у Цэнтры педыятрыі, а затым у Дзіцячым цэнтры ў Чыкага і выйшаў на пенсію толькі ў 74 гады.

У 1993 г. Рамукі адведалі Беларусь, прычым зрабілі гэта на запрашэнне Генадзя Бураўкіна – у той час прадстаўніка Беларусі пры ААН - ды тагачаснага пасланніка ў Вашынгтоне Міхаіла Хвастова.

Наступным разам збіраліся ў сярэдзіне 1990-х, але сябры з Беларусі параілі «пачакаць» (быў абраны першы прэзідэнт), а потым ужо здароўе і ўзрост не дазволілі.


Вера і Вітаўт Рамукі пражылі разам 52 гады.

←Рыцары і сярэднявечная кухня ў суправаджэнні аркестра Фінберга

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика