Згулялі ў культуру
03.03.2010
—
Новости Культуры
Адсутнічалі, праўда, чыноўнікі. Як запэўніў кіраўнік гульні Уладзімір Мацкевіч, ніхто з іх не прыняў запрашэнне. Па словах метадолага, яны не надта і патрэбныя былі.
Бо міністр культуры Павел Латушка, да прыкладу, сёння займае адну пасаду, а заўтра можа быць ужо на іншай.
Чыноўнікі мяняюцца, а творцы застаюцца. Таму працаваць трэба ў першую чаргу непасрэдна з тымі, хто ўцягнуты ў культурныя працэсы.
Удзельнікі гульні ахарактарызавалі дзве асноўныя праблемы беларускай культуры. «Мяне няма», калі творцы, прадзюсеры, мысляры ўхіляюцца ад сваіх абавязкаў. Маўляў, культура ідзе без іх.
Другая праблема — няздольнасць слухаць адзін аднаго. Камунікатыўнымі збоямі назваў іх сацыёлаг Аляксей Ластоўскі. «Выкліканыя як абмежаванасцю існых камунікатыўных каналаў, так і адсутнасцю моцнага жадання і сапраўднай зацікаўленасці ва ўсіх персаналіях, задзейнічаных у культурнай творчасці, да дыялогу з іншым. Да гэтага часу прасочваецца моцнае жаданне адмежавацца ў сваёй каморцы ды наводзіць там парадак. Пры гэтым адказнасць за праблемнасць сітуацыі, ход яе выпраўлення ды магчымыя наступствы вельмі лёгка перакідваюцца на кагосьці, «хто не мы».
Калі ўсе шляхі ўпіраюцца ў маналіт дзяржавы, то гэта выклікае спакусу пазбегнуць актыўнай пазіцыі ды заняцца самашкадаваннем».
Гульня дала магчымасць па-новаму паглядзець на старыя ідэі. Да прыкладу, гаварылася пра стварэнне культурнага рэгіёну Сярэдняй Еўропы (Беларусь, Латвія, Літва, Польшча, Украіна). У ім наша культура змагла б захаваць сваю аўтэнтычнасць і экспартаваць нацыянальныя праекты ў суседнія еўрапейскія краіны. Відавочна, што адразу заявіць пра сябе на ўсё Еўропу немагчыма. А стварэнне культурнага рэгіёну дае падставы для заваявання лідэрства ў пэўнай галіне культуры шляхам канкурэнцыі паміж раўнапраўнымі партнёрамі.
«Хоць Валянцін Акудовіч і скардзіўся, што ніякіх кардынальна новых прапановаў на гульні так і не прагучала, але ўжо накоплены архіў стратэгій і планаў развіцця беларускай культуры. І яны яшчэ чакаюць людзей, якія б здолелі ўзяцца за іх рэалізацыю. Ніва для працы прыгатаваная, а вось гурт аратаяў яшчэ толькі пачаў фармавацца, і гульня стала для гэтага важным этапам», — адзначае сп. Ластоўскі.
І тым не менш, першыя вынікі гульні ўжо з'явіліся. Метадолаг Святлана Мацкевіч у чарговы раз заявіла пра ідэю стварэння Нацыянальнага універсітэта. Адзін з каардынатараў кампаніі «Будзьма беларусамі!» Севярын Квяткоўскі паабяцаў працаваць на змену чалавечай філасофіі з «мяне няма» на «я ёсць». А пісьменнік Сяргей Дубавец стварыў дэкларацыю пра адзінства беларускай культуры.
* * *
Упершыню падобныя арганізацыйна-дзейсныя гульні пачаў ладзіць маскоўскі метадалагічны гурток Шчадравіцкага напрыканцы 1970-х. У Беларусь гульню прывёз метадолаг Уладзімір Мацкевіч.