Творчасць Віктара Казько — спроба адкрыцца

Источник материала:  
01.03.2010 20:41 — Новости Культуры

Віктар Казько за кнігу «Бунт незапатрабаванага праху» атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за 2009 год. Раман дзесяць гадоў безвынікова праляжаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». А свет пабачыў летась у серыі «Кнігарня «Наша Ніва».

Творчасць Віктара Казько — спроба адкрыцца
Віктар Казько, svaboda.org.

«Наша Ніва»: Сп. Віктар, чым вам дарагая гэтая кніга?

Віктар Казько: Дарагая тым, што ўвабрала два бакі майго жыцця, калі не больш. Яна ўвабрала сібірскі перыяд, мой пераезд у Беларусь і знаёмства з краінай, паездкі па Палессі. І няма розніцы, удалая яна ці не. У нейкай ступені гэта частка майго ўнутранага жыцця, жыцця невядомага нікому. Хоць я і адкрыты, але ў той самы час адкрывацца трэба да нейкай ступені. Нешта ў чалавека павінна быць сваё, патаемнае, што ён павінен несці. Для мяне яно адкрывалася мною ж у творчасці. Бо пра некаторыя рэчы публічна сказаць проста немагчыма, каб цябе не ўспрынялі нейкім ненармальным: пра твае пачуцці, пра твае адносіны да родных мясцін.

А творчасць як раз дае магчымасць выказацца, сказаць пра тое, што ты іншым разам нават тоіш ад самога сябе.

«НН»: Летась у вас выйшлі дзве кнігі — раман «Бунт незапатрабаванага праху» і кніга публіцыстыкі і эсэ «Дзікае паляванне ліхалецця». Сёлета чым-небудзь «выстраліце»?

ВК: Каб гэта залежала ад мяне. У мяне яшчэ дзве кніжкі ляжаць не выдадзеныя. Аповесці «Мой страх», «Прахожы» — гэта тое, што прыадчынілася праз публікацыі ў часопісах. Але я ж не сяджу, склаўшы рукі. Напісаны яшчэ некалькі аповесцяў. Апошняя з іх — «Сказ пра ката, каторы смяяўся». Публікацыі, безумоўна, будуць. А выданне кніжак — гэта надта складаная рэч. І хто можа выдаць? Я ж разумею, што ў сённяшнім нашым саюзе, якога не выдаюць у дзяржаўных выдавецтвах, 500 сяброў. Трэба ж нешта і на іх долю пакідаць. І пнуцца, займаць гэтую маленькую прастору, што засталася для цэлага «нячэснага» Саюза беларускіх пісьменнікаў, я не збіраюся. Я ніколі не імкнуўся друкавацца ні ў часопісах, ні ў выдавецтвах.

У мяне не той характар, каб лезці, забягаць, нагадваць пра сябе. І каб тусавацца.

Пра кнігу «Бунт незапатрабаванага праху» чытайце тут.

←10 марта в Минске продолжится ретроспектива фильмов Альфреда Хичкока

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика