Барадулін: Фенаменальная заглыбленасць у хараство мовы
Піша літаратуразнаўца Арсень Ліс.
Рыгор Барадулін на канцэрце «Будзьма», снежань 2009. |
Рыгор Барадулін — постаць з плеяды старэйшых беларускіх паэтаў, якую сёння годна рэпрэзентуюць Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак.
Менавіта прадстаўнікі гэтага пакалення, што прайшло ў беларускую літаратуру ў 50-я гады ХХ ст., насуперак складанай эпосе, з яе прывіднай мэтай і ідэалагічным прэсінгам, здолела плённа папрацаваць дзеля духоўнага ўзбагачэння і ўзвышэння свайго народа, вызначылася адказным грамадзянскім слугаваннем беларускаму мастацкаму Слову.
У маштабе ўсёй айчыннай літаратуры праз творчасць Рыгора Барадуліна праходзіць, пранікнёна-ўзвышана гучыць, набываючы ўніверсальную сімвалічную форму, матыў маці, матулі, Радзімы.
Фенаменальная заглыбленасць Рыгора Барадуліна ў сэнсавае багацце і гукавое хараство роднай мовы дзіўна азвалася ў паэтычна-вобразнай сістэме творцы, паэта-чараўніка беларускага Слова.
Радасна ўсведамляць, што Рыгор Барадулін, як і яго пагодкі ды з імі большасць прадстаўнікоў сярэдняга і малодшага пакалення беларускіх літаратараў сёння шчыра падзяляе дэмакратычныя і нацыянальныя духоўныя каштоўнасці — суверэннасць, дзяржаўнасць беларускага народа, свабоду чалавечай асобы.
Ці не ёсць гэта зарука добрай будучыні не толькі літаратуры нашай?..
* * *
Рыгор Барадулін
Нар. 24 лютага 1935 на хутары Верасоўка на Ушаччыне. Скончыў філфак БДУ. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, адзін з айцоў-заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, заснавальнік Беларускага ПЭН-цэнтру. Народны паэт Беларусі (1992). У 1995—1997 сябар кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса. Сустаршыня Усебеларускага з’езда за незалежнасць (2000).
Друкуецца з 1953. Усяго выдаў каля 70 кніжак. Вершы, гумар, пераклады, эсэ. Вершы перакладзены больш як на 30 моваў.
Дзіцячыя пацешкі — і філасофскія вершы. Табуяваныя прыпеўкі — і ўзнёслая духоўная лірыка. А нават музычныя праекты з Вайцюшкевічам і Камоцкім. Барадулін шматаблічны і парадаксальны ў сваёй творчасці. За кнігу духоўнай паэзіі “Ксты” ён быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ад Беларусі.