Летапіс стагоддзяў

Источник материала:  

З сівой даўніны пачынаецца загадкавая і таямнічая гісторыя Навагрудчыны.

Упершыню ў летапісах Навагрудак узгадваецца ў 1044 годзе — у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Літву. На працягу стагоддзяў Навагрудак з’яўляўся важным дзяржаўна-палітычным і рэлігійна-культурным цэнтрам, меў шырокія міжнародныя сувязі. Ён спазнаў як перыяды палітычнага, эканамічнага, духоўнага і культурнага росквіту, так і часы цяжкіх выпрабаванняў. У 1253 годзе ў Навагрудку каранаваўся Міндоўг. Менавіта на долю навагрудскай зямлі выпала гістарычная роля стаць у другой палове XIII стагоддзя ядром аб’яднання беларускіх і балцка-літоўскіх земляў у адзіную дзяржаву. У пачатку XVI стагоддзя Навагрудак стаў цэнтрам буйнога ваяводства, тут неаднаразова збіраліся соймы Вялікага княства Літоўскага. У XVI—XIX стагоддзях горад неаднаразова падвяргаўся спусташальным пажарам і разбуральным нашэсцям варожых войскаў.

Авеяны легендамі

На жаль, толькі асобныя фрагменты нагадваюць сёння пра легендарны Навагрудскі замак. Руіны дзвюх вежаў узвышаюцца ў старажытным цэнтры горада. Паводле археалагічных звестак, у XI—XIII стагоддзях на замкавай гары стаялі драўляныя сцены, якія некалькі разоў аднаўляліся. У другой палове XIII стагоддзя была пабудавана з вялікіх камянёў на вапне першая мураваная абарончая вежа. У 1394 годзе, падчас нападу крыжакоў, яна была моцна пашкоджана, і на яе падмурках узвялі з цэглы новую — Шчытоўку (Цэнтральную). Пазней дабавіліся яшчэ вежы: Касцельная, Малая брама, Пасадская, Калодзежная, Дазорца, Меская. У выніку замак стаў сямівежавым і лічыўся адным з наймагутнейшых у ВКЛ.У XIV стагоддзі на тэрыторыі замка была пабудавана праваслаўная царква, якую асвяцілі ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. У канцы XVI стагоддзя на тэрыторыі замка пабудавалі палац. У сярэдзіне XVII стагоддзя, у час руска-польскай вайны, замак быў моцна пашкоджаны, а канчаткова яго разбурылі шведы ў 1706 годзе.

Намолены храм

Свята-Барыса-Глебская царква ў Навагрудку адносіцца да найстаражытнейшых помнікаў культавага дойлідства Беларусі. На месцы, дзе яна стаіць, у першай палове XII стагоддзя быў узведзены храм, які пасля стварэння ў 1317 годзе самастойнай Навагрудска-Літоўскай праваслаўнай метраполіі стаў кафедральным саборам. У канцы XV — пачатку XVI стагоддзя ён прыйшоў у заняпад. У 1517—1519 гадах на яго падмурках быў узведзены новы будынак храма ў гатычна-рэнесансавым стылі з рысамі абарончага дойлідства.Пасля Брэсцкай уніі 1595 года гэты храм падзяліў лёс большасці праваслаўных храмаў, прымусова ператвораных ва ўніяцкія. У 1617 годзе ён стаў рэзідэнцыяй Базыліянскага ордэна. У першай палове XVII стагоддзя пры храме былі створаны мужчынскі і жаночы базыліянскія манастыры, заснавальнікамі якіх лічацца ўніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі і магнат Адам Храптовіч.У першай палове XVII стагоддзя храм быў перабудаваны, ён значна павялічыўся. 28 сакавіка 1839 года Свята-Барыса-Глебская царква стала саборнай, цэнтральным храмам Навагрудскага благачыння адноўленай праваслаўнай Літоўскай епархіі. У другой палове XX стагоддзя царква была закрыта. У ёй знаходзіўся архіў. У 1990-я гады будынак царквы зноў перадалі вернікам.

Няпросты пастушок

Ёсць на Навагрудчыне месца, да якога з асаблівай павагай ставяцца мусульмане, — магіла Контуся. Яна знаходзіцца ў вёсцы Лоўчыцы. Згодна з легендай, Контусь быў пастушком у багатага татарына. Кажуць, ён мог у адно імгненне перанесціся з Лоўчыц у Мекку, але ж трымаў гэты дар у сакрэце.Аднойчы Контусь перанёс з Меккі дамоў свайго гаспадара і папрасіў яго нікому не расказваць пра гэта, каб не прагнявіць Алаха. Але той расказаў жонцы. Контусь цяжка захварэў і памёр. Пахавалі яго ля мячэці ў Лоўчыцах. Слава пра чараўніка разнеслася сярод беларускіх татар. З таго часу яго магіла стала месцам паломніцтва. Сярод мусульман Контусь лічыцца святым. У яго просяць дапамогі і пазбаўлення ад хвароб. Паломнікі бяруць з магілы Контуся мох — лічыцца, што ён з’яўляецца лекавым сродкам ад розных хвароб.

Фарны касцёл у Навагрудку

Фарны касцёл у Навагрудку — помнік архітэктуры барока. Ён заснаваны вялікім князем Вітаўтам у 1395 годзе. У 1422 годзе менавіта ў гэтым касцёле адбылося вянчанне польскага караля Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай. Іх шлюб палажыў пачатак еўрапейскай манархічнай дынастыі Ягелонаў.Цяперашні будынак касцёла пабудаваны ў 1712—1723 гадах на месцы  ранейшага храма.12 лютага 1799 года ў Фарным касцёле быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. А ў 2000 годзе сюды былі перанесены і пакладзены ў спецыяльны саркафаг мошчы 11 сясцёр Навагрудскай манаскай абшчыны каталіцкага ордэна “Свяцейшай Сям’і з Назарэта”. Ватыкан далучыў іх да ліку блажэнных за духоўны і грамадзянскі подзвіг — у гады Другой сусветнай вайны яны выратоўвалі ад смерці мясцовых жыхароў. Манаская абшчына сясцёр-назаратанак і ў цяперашні час дзейнічае ў Навагрудку.

Курган Бессмяротнасці

Навагрудчына цесна звязана з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча.Тут прайшлі яго дзіцячыя гады. У 1815 годзе ён скончыў Навагрудскую дамініканскую школу. Шэраг твораў Міцкевіч стварыў па матывах беларускіх народных песень і казак. А многія падзеі, апісаныя ім, адбываюцца менавіта ў Навагрудку ці яго ваколіцах.У гонар славутага сына гэтай зямлі ў Навагрудку ўзвышаецца курган. Ён быў насыпаны па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта, створанага ў студзені 1924 года. Пляц для кургана купілі на добраахвотныя ахвяраванні (каля 6 тысяч злотых) у мясцовага землеўладальніка. Урачыстая закладка кургана адбылася 27 мая 1924 года. Скончылі яго насыпаць у 1931 годзе.Памяць пра Адама Міцкевіча ў Навагрудку захоўвае і адкрыты 11 верасня 1938 года  Дом-музей. Непадалёку ад мемарыяльнага кургана ў 1992 годзе ўстаноўлены помнік паэту. Яго імя носіць адна з цэнтральных вуліц Навагрудка.

Сардэчнае возера

Самым вялікім возерам Навагрудчыны з’яўляецца Свіцязь. З вышыні яно нагадвае сэрца. Яго прыгажосць і загадкавасць натхнялі многіх паэтаў і пісьменнікаў. Плошча воднай паверхні возера складае 2,24 квадратнага кіламетра. Сярэдняя глыбіня — 3,5 метра, а найбольшая — 15 метраў. З возера выцякае рака Сваратка. Свіцязянскі ландшафтны заказнік — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Тут захоўваецца шэраг рэдкіх відаў флоры і фаўны. У 1970 годзе на беразе возера быў пабудаваны пансіянат “Свіцязь”. А ў 2007 годзе пасля грунтоўнай рэканструкцыі тут адкрыўся камфартабельны санаторый.

Крэпасць над Нёманам

На паўднёва-ўсходняй ускраіне пасёлка Любча знаходзяцца рэшткі яшчэ аднаго старажытнага замка. Яго будаўніцтва пачалося, верагодна, у 1581 годзе пры Яне Кішку і закончылася ў пачатку XVII стагоддзя пры Радзівілах. Замак быў змураваны з цэглы і каменю на ўмацаваным вялікімі валунамі высокім беразе Нёмана. Ён меў чатыры вуглавыя вежы. З цягам часу замак прыйшоў у заняпад, захаваліся дзве вежы — Заходняя і Паўднёвая. На замчышчы да канца XVIII стагоддзя размяшчаўся палац. Пасля гэтага ў XIX стагоддзі ён быў перабудаваны. У канцы 1940-х гадоў усе захаваныя ў цэласці будынкі замка былі перададзены Любчанскай сярэдняй школе, якая “кватаравала” тут да 1984 года. Зараз намаганнямі рупліўцаў-землякоў з дапамогай валанцёрскіх атрадаў вядуцца работы па рэстаўрацыі Паўднёвай вежы замка і іншыя аднаўленчыя работы.

←Мой неизбежный выбор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика