«Беларусь -- гэта мы» крочыць далей
У рамках дадзенай акцыі пройдзе каля 100 творчых праектаў, лепшыя прадстаўнікі беларускай культуры і народнай творчасці выступяць у іншых краінах
“Асноўная ідэя грамадска-культурнай акцыі “Беларусь -- гэта мы” -- аказаць падтрымку развіццю творчасці беларускіх калектываў і выканаўцаў, -- кажа Павел Латушка, міністр культуры Рэспублікі Беларусь. -- Усведамленне ідэі самабытнасці беларускай культуры, непаўторнасці народнага мастацтва, багацця гісторыка-культурнай спадчыны, творчасці беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў і мастакоў, іншых дзеячаў мастацтва садзейнічае развіццю пачуцця гонару за Беларусь, павагі да гісторыі краіны, культуры і мовы”.
Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка паведаміў, што ў рамках дадзенай акцыі ў лістападзе-снежні адбудзецца вялікае свята выяўленчага мастацтва, дзе будуць прадстаўлены творы беларускіх мастакоў усіх пакаленняў, усіх стыляў і накірункаў.
Анатоль Ярмоленка, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”, народны артыст Беларусі, распавёў, што адбудзецца іх вялікі сольны канцэрт ў Маскоўскім дзяржаўным Крамлёўскім палацы. Дарэчы, беларускі балет “Легенда аб Уленшпігелі” кампазітара Яўгена Глебава, будзе прадстаўлены 5 красавіка ў Маскве. А Беларускі ансамбль танца выступіць у Канцэртнай зале імя Чайкоўскага.
Нацыянальны мастацкі музей таксама актыўна ўключаецца ў акцыю, прапагандуе беларускае мастацтва. Нездарма імя вядомага мастака Івана Хруцкага, з дня нараджэння якога нядаўна споўнілася 200 гадоў, занесена ў спіс ЮНЭСКА вядомых людзей 2010 года. Дарэчы, выставы музея пройдуць ў Полацку, іншых гарадах. Творы нашых вядомых мастакоў, у тым ліку і сучасных, папоўняць і замежныя экспазіцыі, расказаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.
Саліст Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, паведаміў: “У нашым тэатры ідзе вялікая праца па аднаўленні і адаптацыі спектакляў да новай сцэны. Лічу, акцыя “Беларусь -- гэта мы” -- жыццёва неабходная. Асноўную задачу тэатра бачу ў адраджэнні цікавасці да оперы. Тэатр рыхтуе летні оперны фэстываль у Нясвіжы, у чэрвені адбудзецца спектакль у Эстоніі, у снежні -- першы Калядны оперны фэстываль у Мінску. ”
Актыўна ўключыўся ў акцыю “Беларусь -- гэта мы” Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраваннем Міхаіла Фінберга. Калектыў ужо выступаў у Бабруйску, Мастах і Слоніме. Наперадзе яго чакаюць Гродна, Брэст, Кобрын. «Сваімі выступленнямі мы жадаем сказаць, што наша краіна -- самая прыгожая, моцная і магутная, -- кажа маэстра». Больш за сорак канцэртаў правядзе аркестр падчас акцыі «Беларусь -- гэта мы». Таксама калектыў прысвеціць канцэрты святкаванню 200-годдзя з дня нараджэння Фрэдэрыка Шапэна, выступлені аркестра пройдуць і ў Полацку -- культурнай сталіцы Беларусі 2010 года.
Аляксандр Анісімаў, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, таксама падзяліўся сваімі думкамі: ”Назва акцыі вельмі ёміста і правільна адлюстроўвае ўклад дзеячаў культуры ў імідж краіны. У апошнія гады Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру атрымалася зрабіць многа ў плане прапаганды беларускага музычнага выканальніцтва. Ідэю правядзення акцыі “Беларусь -- гэта мы” паспяхова ажыццявяць у канцэртах нашага калектыву… Наперадзе -- удзел у міжнародным фестывалі ў Швейцарыі, летнія гастролі аркестра ў Германіі, ужо сталі традыцыяй выступленні ў Літве. У маі ў рамках акцыі Года культуры Беларусі ў Расіі пройдзе канцэрт аркестра ў Маскве.”
Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”