Драўляная візітоўка Гомеля
Непаўторная разьблёная архітэктура горада ўсё слабей відаць з‑пад сайдынгу і ПВХ. Гомель губляе магчымасць праславіцца і зарабіць. Піша Сямён Печанко.
На думку гомельскага гісторыка Яўгена Малікава, горад мае вялізарны турыстычны патэнцыял. Што кідаецца ў вочы, калі трапляеш на старыя гомельскія вуліцы? Кожны дом упрыгожаны адметнай драўлянай разьбой.
«У нас у горадзе ўсе прызвычаіліся да разьблёнага дэкору. Позірк тубыльца прыцягне хутчэй дом, абшыты сайдынгам з вокнамі ПВХ. Затое замежных гасцей не адцягнуць ад драўляных дамкоў з разьбой — у іх жа такога няма!
Фатаграфуюць аздобу на вокнах, дзвярах, пытаюцца ў гаспадароў, ці можна зайсці ўсярэдзіну», — кажа даследчык. Замежнікі дзівяцца, што горад нічога не мае са сваёй унікальнай драўлянай архітэктуры і не спрабуе развіваць спецыяльны турыстычны маршрут.
Супадае з арнаментамі ручнікоў
Скансэн. Слова паходзіць ад назвы першага ў свеце этнаграфічнага музейнага комплексу пад адкрытым небам, музея‑вёскі на востраве Юргардэн у Стакгольме. Заснаваны ў 1891. Музей быў размешчаны побач з маёнткам Скансэн (па шведску skans — умацаванне), адсюль і назва. У Скансэне былі сабраныя дамы і пабудовы з розных куткоў Швецыі і нават цэлыя комплексы, як, напрыклад, кузня, гута, пякарня. Назва «Скансэн» стала шырока выкарыстоўвацца для абазначэння такіх музеяў па ўсім свеце.
Разьблёны дэкор Гомельшчыны як асобную з’яву ў народным мастацтве ніхто да Я.Малікава не даследаваў. Гісторык сабраў унікальную фотабазу. Яна налічвае каля 8000 фотаздымкаў, з інфармацыяй пра амаль 3000 дамоў канца XIX — XX стст. З іх каля 700 дамоў — з самога Гомеля.Гомельскі драўляны дэкор, які звычайна лічыўся вынікам уплыву Расіі, грунтуецца на старажытных мясцовых традыцыях, лічыць Я.Малікаў. Разьблёныя карункі аканіц і шчытоў паўтараюць тканыя арнаменты ручнікоў. У іх трапляюцца старажытныя матывы. Чым далей на паўднёвы ўсход Беларусі — тым яскравейшыя вышыўкі, тым багацейшая разьба. Рэгіён з самымі яскравымі традыцыямі разьбярства месціцца на сутыку Гомельшчыны, Чарнігаўшчыны і Браншчыны.
Я.Малікаў тлумачыць гэта тым, што там сыходзіцца «веер» асноўных рэк (якія ў старажытнасці выконвалі ролю дарог) верхняга Падняпроўя, што звязваюць гэтую тэрыторыю з традыцыямі захаду (праз Прыпяць), поўначы (вярхоўі Дняпра і Бярэзіны), усходу (Сож і Дзісна), і ўсходнееўрапейскага поўдня (па ніжнім Дняпры). Тут ад старажытнасці сыходзіліся мастацкія традыцыі.
Праект «Стары горад»
Як жа скарыстаць Гомелю свой унікальны турыстычны «джокер»? Найперш, на думку гісторыкаў, трэба вылучыць у горадзе ахоўную зону з драўлянай забудовай, накшталт стакгольмскага Скансэна.
Такі музей пад адкрытым небам стаў бы турыстычнай візітоўкай Гомеля. Найлепшае месца для яго —тэрыторыя вакол парку Румянцавых‑Паскевічаў. Гэта рэальны гістарычны цэнтр места, большая частка якога знаходзіцца ў межах ахоўнай археалагічнай зоны. Тут абмежаваная будаўнічая дзейнасць, так што грошай, выдзеліўшы ўчастак пад музей, горад не страціць. Дый транспартам да яе зручна даехаць турысту з любога пункта Гомеля.
Гісторыкі лічаць, што гэта не мусіць быць суцэльны музеяфікаваны раён. Каб дамы не былі мёртвымі экспанатамі. У іх мусяць месціцца мастацкія галерэі, майстэрні, пякарні, кавярні.
«У большасці дамкоў безумоўна маюць жыць людзі, каб па вечарах свяціліся вокны», — кажа Я.Малікаў. Абавязкам жыхароў павінна быць захаванне аўтэнтычнага выгляду дамоў. Цяпер з гэтым вялікая праблема: часта гаспадары робяць рамонт, забіваючы сайдынгам непаўторнасць свайго жытла. Заахвоціць іх да захавання можна будзе, напрыклад, ільготамі на камунальныя паслугі.
«Што тут глядзець!»
Даследаванне драўлянай архітэктуры Гомеля яскрава выявіла адзін з грамадскіх комплексаў — нявер’е ў моц, прывабнасць, каштоўнасць сваёй культуры. «Раз‑пораз чуеш: ой, знайшлі красату. У нас тут на ўсёй вуліцы такая разьба! Вось у Кіеве прыгажосць — чыстата, дамы высокія!» — кажа Я.Малікаў.
Гэты комплекс прасочваецца нават у мясцовага начальства. Хаця ў адносінах з чыноўнікамі гісторык адзначае пацяпленне. Стаіць задача зарабляць грошы на турызме. «Гарадскія ўлады станоўча адгукаліся наконт ідэі стварэння ў Гомелі музейнага квартала драўлянай забудовы. Аднак… ніхто з іх не верыць у яе рэальнасць!»
— з сумам распавядае гісторык.
Дзе ўзяць грошы
Самая вялікая праблема — грошы. Цяпер, замест даследчай працы, Яўген Малікаў вымушаны асноўны час аддаваць пошуку хаця б тэарэтычных крыніц фінансавання свайго праекта. Ён упэўнены, што, акрамя бюджэтных сродкаў і рэспубліканскіх праграмаў развіцця турызму, варта стварыць прывабны інвестыцыйны клімат для мясцовых прадпрымальнікаў. Гэта можа быць зніжэнне альбо адмена часткі падаткаў на нейкі тэрмін для тых, хто перанёс альбо адрамантаваў будынак, стварыў там выстаўную залу ці майстэрню.
З вонкавых крыніц фінансавання можна разлічваць на праграмы Еўрасаюза па захаванні драўлянага дойлідства як часткі разнастайнасці еўрапейскай архітэктурнай спадчыны — праз «Усходняе партнёрства». Да таго ж, стварэнне музея павялічыць шанцы на тое, што традыцыі драўлянага архітэктурнага дэкору трапяць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. А гэта дае надзею на шчодрае фінансаванне…
Пакуль даследчык ходзіць па замкнёным коле.
Нейкія рэальныя працы па стварэнні музея могуць быць распачатыя толькі пры наяўнасці ясных крыніц фінансавання. Тым часам дамы парахнеюць, перабудоўваюцца гаспадарамі і зносяцца. А Гомель губляе турыстаў.
Складзем наш фотабанк народны
Фатаграфаваць будынак трэба так, каб па здымку можна было ўзнавіць пабудову з усімі драбніцамі. У кадр мусяць трапіць агульны выгляд, фасад, бакавыя часткі, выгляд з кутоў, усе элементы — вокны, дзверы, шчыты, разьба, завесы, клямкі… Здымаць трэба як унікальныя дамы, так і самыя звычайныя, нават у вельмі дрэнным стане — бо толькі ўсе яны разам перадаюць аблічча і традыцыі старога горада. Кожны файл абавязкова пашпартызаваць — назва паселішча, вуліца, нумар дома.
«Цяпер нашы гарады хутка мяняюць сваё аблічча. Яшчэ 5—10 гадоў — і знікне шараговая забудова, што склалася ў канцы XIX — 1‑й палове XX стст. Недаследаваная, яна сыдзе ў нябыт, як большасць архітэктуры ХVII—XVIII стст. і амаль усё сярэднявечча. Мы згубім частку сваёй непаўторнасці», — кажа Яўген Малікаў.І прапануе ідэю: кожны з нас можа сфатаграфаваць самабытную архітэктуру свайго роднага горада, мястэчка ці вёскі — і драўляную, і мураваную. «Гэта не так складана — напрыклад, на Мазыр — горад з 110 тыс. насельніцтва — у мяне пайшло дзён пяць.
А сучасныя лічбавыя фотаапараты дазваляюць рабіць якасныя здымкі. Сфатаграфаваць, запісаць на дыск і перадаць у мясцовы музей ці школу — нічога не каштуе. А вынік будзе вялізны
— фотаздымкі можна выкарыстаць і на краязнаўчым сайце, і ў студэнцкай працы, і ў краязнаўчым артыкуле. Даты пабудовы можна даведацца ў жыхароў ці ў раённым бюро тэхнічнай інвентарызацыі. У выніку мог бы паўстаць сапраўдны народны фотабанк архітэктурнай спадчыны Беларусі», — кажа гісторык.
Замежнікі ў захапленні ад такіх дамкоў. Вул. Парыжскай Камуны. Фота Яўгена Малікава. |
Горад наступае, разам з ім — вокны ПВХ. Гомель, вуліца Валатоўская. Фота Яўгена Малікава. |
Так можна зрабіць у Гомелі. На вуліцах стакгольмскага Скансэну. venividi.ru |
Музей у Строчыцы — першы беларускі скансэн. Фота Юліі Дарашкевіч. |
***
Яўген Малікаў нарадзіўся ў Гомелі. Гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства. Вывучэннем драўлянога разьбянога архітэктурнага дэкору займаецца 14 гадоў, абараніў дысертацыю «Дэкаратыўная драўляная разьба ў народным дойлідстве паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі (канец ХІХ - 1-я палова ХХ стст.)»
Фатаграфаваць будынак трэба так, каб па здымку можна было ўзнавіць пабудову з усімі драбніцамі. У кадр мусяць трапіць агульны выгляд, фасад, бакавыя часткі, выгляд з кутоў, усе элементы — вокны, дзверы, шчыты, разьба, завесы, клямкі… Здымаць трэба як унікальныя дамы, так і самыя звычайныя, нават у вельмі дрэнным стане — бо толькі ўсе яны разам перадаюць аблічча і традыцыі старога горада. Кожны файл абавязкова пашпартызаваць — назва паселішча, вуліца, нумар дома.
Віртуальная відэаэкскурсія па драўляным Гомелі:
Відэа Ларысы Шчыраковай, паводле magdalena_jo_jo.