The Toobes уразілі крытыкаў больш, чым «Ляпісы»
Усе, хто цікавіцца айчыннай музыкай, паспелі заўважыць, што, нароўне з выхадам забароненых рок-дземанаў на блакітнавокія экраны і ўзнікненнем хвалі абсалютна новых фестывальных прапаноў, на белмузпрасторы змянілася яшчэ і поле крытычнае. Рэсурс «Эксперты.бай», які ўзнік ўсяго пару год таму, стварыў абсалютна новы для Беларусі падыход да ацэньвання і ўзнагароджання: цяпер лепшых стала магчыма вызначаць не толькі паводле продажаў у адной з гандлёвых сетак, не толькі вузкім колам сяброў-аднадумцаў, якія, напрыклад, летась юбілейны раз сабраліся пад польскім Гарадком.
«Эксперты.бай» вызначаюць лепшых паводле рэцэнзій — гэтага прызабытага ў Беларусі жанру журналістыкі. Сёлета яны ізноў раздалі свае дыпломы ў кавярні «Камяніца». Калі ў мінулым годзе большасць узнагарод крытыкаў пабралі «качкí» з гурта «Ляпис Трубецкой», то цяпер безумоўнымі лідэрамі па колькасці дыпломаў сталі «адраджэнцы старых часоў» — The Toobes.
У штаце «Эскпертаў» працуюць чатыры крытыкі, якім даводзіцца праслухоўваць амаль усё, што выдаюць беларускія музыкі за год. Па-за штатам — беларускія і замежныя меламаны, а таксама актыўныя зарэгістраваныя наведвальнікі сайта.
«Беларускія навіны» распыталі заснавальніка сайта і прэміі, музычнага журналіста і крытыка Змітра Безкаравайнага пра тое, як ён ацэньвае год, пражыты ў навушніках з судзейскай таблічкай у руцэ.
— Як табе здаецца, ці можна ўжо сказаць, што «Эскперты.бай» сталі пэўным аўтарытэтам сярод музыкаў і пачалі моцна ўплываць на сітуацыю цалкам?
— Мы ніколі не прэтэндавалі на нейкую глабальную ролю. Мы робім сваю маленькую справу: рэцэнзуем 60-70 дыскаў у год. Пасля закрыцця «Музыкальной газеты» музычныя калонкі з рэцэнзіямі засталіся ўсяго ў пары грамадска-палітычных выданняў — больш у прэсе нічога няма. 10-15 дыскаў за год патрапляюць у гэтыя калонкі, а выдаецца нашмат больш. Нашы невялікія артыкулы станоўча ўплываюць на тое, што музыкі пачынаюць разумець: нехта за імі ўвесь час сочыць, нехта ацэньвае. А публіка мае магчымасць даведацца пра цікавыя запісы нават калі іх выдаюць невядомыя музыкі.
— Колькі людзей у сярэднім штодзень наведваецца на сайт?
— Чатыры-пяць соцен чалавек. І гэта пры тым, што сайт у нас непапсовы, мы ж не друкуем артыкулы пра тое хто з кім, дзе і калі, мы друкуем толькі навіны пра дыскі і рэцэнзіі. У нас няма мэты здабыць аўдыторыю праз скандалы, таксама мы не марым пра мільённую наведвальнасць — мэта праекта ў тым, каб даводзіць менавіта музычную інфармацыю для тых, хто ёй сапраўды цікавіцца.
— Рэцэнзія як жанр зараз вельмі непапулярная. У чым справа?
— Сам жанр рэцэнзіі дастаткова сухі і досыць спецыялізаваны. Тое, што да яго ў агульных грамадска-палітычных выданнях звяртаюцца ўсё радзей — гэта нармальна і аб’ектыўна, таму што яны канцэнтруюцца на тэмах, разлічаных на шырокую аўдыторыю. Рэцэнзіі хутчэй павінны быць у спецыялізаваных выданнях.
— Калі грамадска-палітычныя выданні выбіраюць для рэцэнзавання каля дзесятку дыскаў за год, можа быць, толькі той дзесятак нечага і варты?
— Яны арыентуюцца часцей за ўсё не на цікавасць дыска, а на вядомасць артыста. Палітыка такіх выданняў — пісаць пра вядомых людзей, а не прасоўваць малавядомых персанажаў. І гэта таксама зразумела. Наш праект дапамагае артыстам здабыць водгукі і адзнакі аўтарытэтных крытыкаў у незалежнасці ад іх вядомасці і статусу. Калі рэліз адпавядае пэўным крытэрыям «афіцыйнасці», мы яго абавязкова разглядаем.
Наша мэта ў нечым энцыклапедычная — паказаць агульную карціну таго, што адбываецца ў музыцы, а не зрабіць нейкі суперпрывабны і супермасавы медыяпрадукт, дзе будзе напісана толькі пра вядомае ці толькі пра цікавае, каб прадаць рэкламу. Дзякуючы гэтаму зараз можна зайсці на «Экспертаў» і ўбачыць, што рабілі музыкі ў 2008 — 2009 гадах, убачыць нармальны каталог рэлізаў і артыкулаў. Мы таксама збіраем архіў запісаў — спадзяюся, хутка можна будзе іх паслухаць на сайце. А дзе знайсці інфармацыю пра дыскі за 2005 год, тым больш, альбомы, выдадзеныя ў 90-х? Нідзе.
— Тым не менш, у вас ёсць стылістычныя межы, за якія вы не выходзіце?
— Так, мы не бярэм да разгляду, да прыкладу, неа-класіку, джаз, экстрэмальныя гатункі металлу... Справа ў тым, што ў гэтых стылях зусім іншыя крытэрыі, нельга іх аб’ядноўваць. Мы і без гэтага ў пэўнай ступені абагульняем досыць розныя рэчы.
— Распавядзі, пра штатных экспертаў — хто яны і чаму ім можна давяраць. Мне здаецца, гэтыя трое блізкія да цябе па сваім светапоглядзе.
— Мы сябруем, але жыццёвы досвед, погляды і густы ў нас розныя. Лічу, што гэта добра. Пачынаючы праект, я запрашаў у праект і іншых крытыкаў, але многія не здолелі з-за адсутнасці часу. Сёння я спадзяюся, што не будзе аніякіх прычынаў, каб склад штатных крытыкаў змяніўся, інакш мы не зможам параўноўваць вынікі розных гадоў. Гэта хоць і суб’ектыўны, аднак усё ж непарушны зрэз. А ўсе людзі, якія маглі яшчэ ўдзельнічаць у праекце, пішуць нам пазаштатна. Таму калі пачынаюцца нейкія выказванні, пра тое, што ў нас «храновыя» эксперты, я магу адказаць, што іншых няма наогул. Усе, хто тут нешта можа пісаць, ужо працуюць з намі. Мне кажуць: што гэта за крытыкі, вось у Англіі — сапраўдныя крытыкі. Але ў Англіі і музыка, у Англіі наогул многа ўсяго лепш і інакш, чым у нас. Але давайце цвяроза глядзець на рэчы. Тое, што тут не Англія, яшчэ не падстава, каб нічога не рабіць.
Што тычыцца асоб, то Сяргей Будкін — фанат беларускамоўнай музыкі. Многія лічаць яго зацятым беларускім нацыяналістам, а ён можа паставіць добрую адзнаку альбому олдскульнага рускага рока. Алег Клімаў — гэта Містэр Рок-н-рол, часам вельмі катэгарычны (можа, часам нават занадта), часам адкрывае для сябе нейкія новыя рэчы і за гэта ставіць ім высокія адзнакі. Зміцер Падбярэзскі — старэйшына, аматар джаза, пры гэтым вельмі ўважліва ставіцца да новай музыкі, хоць наслухаўся ён рознага дакладна больш за нас усіх. Ён прафесар, але будзе цярпліва выслухоўваць нюансы ў якім-небудзь вар’яцкім нью-метале.
Я, мабыць, з усіх экспертаў найбольшы аматар заходняй музыкі і найбольш талерантны да папулярнай музыкі. Атрымліваецца, што поп-альбомам і альбомам, якія ў творчасці кіруюцца заходняй музычнай традыцыяй, я стаўлю адзнакі вышэйшыя за астатніх крытыкаў.
— Ты адслухаў літаральна кожны запісаны музычны гук апошніх двух гадоў? Чым розніцца мінулы год ад пазамінулага?
— Колькасць беларускіх дыскаў, якія выдаюцца ў апошнія гадоў пяць амаль аднолькавая — каля шасцідзесяці. А вось стылістычна гады вельмі розныя. Пазамінулы быў вельмі фолкавым, выйшла адразу шмат вельмі добрых альбомаў гэтага накірунку, у гэтым годзе не было ніводнага. Гэта хутчэй звязана з тым, што ў нас невялікі рынак, і ў такіх вузкіх нішах усё адбываецца хвалямі. У гэтым годзе было шмат дэбютаў — The Toobes, «Петля пристрастия», Nevma, Yellow Brick Road, Port Mone. Гэтыя моцныя дэбюты ўвайшлі ў нашы ТОП-10.
Усіх пераможцаў прэміі «Экспертаў.бай» можна паглядзець тут.