«Яшчэ 20 гадоў — і мы пераможам»

Источник материала:  
19.02.2010 15:19 — Новости Культуры

21 лютага — Дзень роднай мовы.

International Mother Language Day заснаваны рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года. Мэта святкавання — абарона моўнай і культурнай разнастайнасці.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сярод сённяшніх прыярытэтаў арганізацыі вызначае барацьбу за прысутнасць мовы ў сферы адукацыі. Колькасць беларускамоўных вучняў у сярэдніх школах падала апошнія гады. Дагэтуль не ўдалося дабіцца стварэння цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта.

У той жа час яго пацешылі вынікі сацыялагічных даследаванняў лабараторыі «Новак». «Большая частка грамадства мае выразна пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы. Гэты момант трэба замацаваць. Яшчэ 20 гадоў — і мы пераможам», — падсумаваў Трусаў.

У бліжэйшых задачах ТБМ — годна адсвяткаваць гадавіну Грунвальдскай бітвы і дамагчыся прызначэння беларускмоўнага міністра адукацыі.

Што варта зрабіць у Дзень роднай мовы беларусам, якія не ўжываюць мову штодзённа? «У гэты дзень трэба хоць штосьці зрабіць па‑беларуску: даслаць беларускамоўную паштоўку, падпісацца на беларускамоўнае выданне ці паразмаўляць выключна на роднай мове на вуліцы. Праблема беларусаў — вялікая пустэча паміж жаданнем і жыццём».

Вольга Жарнасек

У межах Дня роднай мовы ў Мінску можна...

…19 лютага патанчыць

У пятніцу ад 18‑й да 23‑й гадзіны ў «Клубе 6_А» (Мінск, Партызанскі пр‑т, 6а) адбудзецца беларускамоўная дыскатэка для прагрэсіўнай моладзі і асобаў сталага веку. Мерапрыемства прысвечана творчасці Міхаіла Фінберга і ВІА «Бяседа».

Спецыяльныя госці вечарыны — DJ з Валожына Алеся Гагарына і вядучыя з Палесся пан Якубоўскі і Марына Андросенка. Наведвальнікаў таксама чакае нацыянальны стрыптыз «Беларускія косы» і экзотык‑шоу «Харошкі». Уваход каштуе 5 тыс. руб. Даведкі праз тэл.: (29) 857‑47‑39, (29) 863‑00‑00.

…20 лютага пагукаць вясну

Вясёлыя карагоды, спальванне пудзiла Зiмы, дужаннi i гульнi на паветры разам з этна фолк гуртом «Guda» адбудуцца ў суботу а 13‑й гадзіне. З блiнамi, традыцыйнай яечняй, спечанай на вогнiшчы, чакаюць гасцей у панi Яні. Запіс на мерапрыемства па тэл. (29) 669‑37‑31.

…21 лютага напісаць дыктоўку

Непасрэдна ў сам Дзень роднай мовы адбудзецца 3‑я агульнанацыянальная беларуская дыктоўка, якую арганізуюць Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Таварыства беларускай мовы. Збор удзельнікаў у 11.00 у памяшканні тэатра «Зніч», што знаходзіцца ў касцёле Святых Сымона і Алены (пл. Незалежнасці, 5).

У тым жа памяшканні у 13.00 адбудзецца прэзентацыя беларускамоўных выданняў: газетаў «Новы час» і «Наша слова», часопісаў «Верасень» і «Лідскі летапісец», Слоўніка беларускай мовы пад рэдакцыяй У.Завальнюка, а таксама новай кнігі Р.Барадуліна «Навошта».

…24 лютага адсвяткаваць афіцыйна

Святкаванне Дня роднай мовы ў ДК Мінскага трактарнага завода супольна ладзяць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва і агульнанацыянальная кампанія «Будзьма беларусамі!». Святочны канцэрт пройдзе ў вялікім будынку ДК МТЗ, дзе будуць выступаць сучасныя беларускамоўныя калектывы і барды. Там таксама можна будзе паглядзець экспазіцыю фотаздымкаў на тэму «Беларусь па‑беларуску», а таксама даведацца шмат цікавых гістарычных фактаў пра беларускую мову. Святочны канцэрт распачнецца а 19‑й гадзіне па адрасе: вул.Даўгабродская, 24.

←75-летие сегодня отмечает народный артист СССР и Беларуси Геннадий Овсянников.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика