Experty.by назвалі The Toobes найлепшым леташнім гуртом
На сайцe experty.by падвялі музычныя вынікі 2009 года. Узнагароды ўручылі 18 лютага ў мінскай страўні «Камяніца».
Сёлетняя ўручэнне прэмій праходзіла па-беларуску. Прынамсі, вядоўца Дзмітрый Безкаравайны адгукнуўся на прапанову аднаго з экспертаў сайта Сяргея Будкіна беларусізаваць фармат мерапрыемства. Падтрымалі, праўда, не ўсе.
Чатыры з дзевяці ўзнагарод атрымаў гурт The Toobes.
Іх альбом «Hello» перамог у намінацыях «дэбют», «рок-альбом», «лепшы альбом», а таксама па версіі замежных экспертаў.
Сяргей Будкін абурыўся таму, што ўдзельнікі гурту не могуць і двух слоў звязаць на беларускай мове і адмаўляюцца нават разумець па-беларуску. «Мы гаворым музыкай. Слухайце нас», — постфактум адказаў эксперту адзін з музыкаў.
«Прыгожыя жанчыны спявалі непрыгожыя песні», — так ахарактарызаваў усю сутнасць поп-музыкі за мінулы год крытык Зміцер Падбярэзскі. І ўручыў узнагароду ў намінацыі «лепшы поп-альбом» мужчынскаму дуэту Atlantika.
Летась амаль не выйшла фолькавых альбомаў. Таму адпаведную намінацыю было вырашана адкласці. Але яе кампенсавалі новай — «лепшы беларускамоўны альбом». Перамог «Ідыятызм» гурту, які больш не існуе, — «Глюкі».
Агульны спіс пераможцаў па намінацыях выглядае так:
Лепшы дэбютны альбом — The Toobes «Hello».
Лепшы поп-альбом — Atlantika «Taboo».
Лепшы рок-альбом — The Toobes «Hello».
Лепшы рэкард-лэйбл — «West Records».
Лепшы беларускамоўны альбом — «Глюкі» «Ідыятызм».
Прыз народных экспертаў — CherryVata «ViaVanilla».
Прыз замежных экспертаў — Port Mone «Dip».
Прыз вялікага журы — The Toobes «Hello».
Лепшы альбом — The Toobes «Hello».