Рэжысёр першага беларускага жудзіка: “Упершыню чыноўнікі не лезлі ў творчы працэс”
12.02.2010 12:37
—
Новости Культуры
Здымкі і мантаж першага беларускага жудзіка “Масакра” завершаны. Выхад карціны на экраны плануецца бліжэй да восені. Пра гэта карэспандэнту TUT.BY паведаміў рэжысёр стужкі Андрэй Кудзіненка.
Нагадаем, пяць год таму выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыят прэзідэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зняў фільм “Акупацыя. Містэрыі”, які крытыкі назвалі “адраджэннем айчыннага кіно”, а ўлады забаранілі да паказу. Стаўшы беспрацоўным, Кудзіненка з’ехаў у Расію, дзе паўдзельнічаў у шэрагу рэйтынгавых праектаў ды зняў касава паспяховы фільм “Розыгрыш”. Летась рэжысёр атрымаў запрашэнне ад “Беларусьфільму” здымаць першы беларускі страхаморнік "Масакра". Праўда, сам Кудзіненка кажа, што гэта не традыцыйны фільм жахаў, а ягоная беларуская версія — бульба-хорар — сінтэз жанраў, у якім драма спалучаецца з камедыяй. У гэтым рэчышчы пісалі нашы слынныя літаратары Ян Баршчэўскі і Ўладзімір Караткевіч. Паводле аповесці апошняга на “Беларусьфільме” нават знялі фільма “Дзікае паляванне караля Стаха” — адзіны гэткага кшталту.
Як распавёў у інтэрв’ю TUT.BY Андрэй Кудзіненка, здымкі і мантаж “Масакры” завершаны. Цяпер ягоная каманда працуем з гукам і музыкай. Далей возьмуцца за камп’ютарную графіку.
Падзеі ў фільме адбываюцца ў часе пасля задушэння антырасійскага паўстання Каліноўскага 1863-1864 гадоў. Інсургентаў высылаюць з Беларусі, а на іх месца прыязджаюць новыя людзі з Расіі. Вайна скончылася, але яе прысутнасць адчуваецца паўсюль. У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае мастак-авантурнік Казанцаў, які пад выглядам вывучэння бібліятэкі заляцаецца ад графскай дачкі. Сам жа Пазуркевіч, як выяўляецца, мядзведзь-пярэварацень...
Асноўныя здымкі карціны праходзілі ў занядбаным палацы Чацвярцінскіх каля вёскі Жалудок пад Шчучыным. У стужцы задзейнічаны як вядомыя айчынныя (Алег Журавель, Святлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз, Аляксандр Мацкевіч і інш.), гэтак і расійскія акторы. Старадаўнюю сядзібу вяртаў да жыцця адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў беларускай авангарднай культуры мастак Артур Клімаў. Саўндтрэкам да містычнага трылера будзе займацца кампазітар-авангардыст Сяргей Пукст. Агучаны бюджэт карціны — 5,5 млрд рублёў, аднак, па словах Кудзіненкі, за вылікам падаткаў і бюракратычных працэдураў, на кіно пайшло каля 900 тысяч долараў.
Ці застаўся рэжысёр задаволены тым, як прайшлі здымкі? “Ніколі не бывае так, каб усё атрымалася, аднак агулам я задаволены. Для мяне гэта першы досвед, калі начальнікі не лезлі ў творчы працэс. Прычым, не толькі не лезлі, але і дапамагалі. Так, былі эканамічныя праблемы. “Беларусьфільм” — усё-ткі структура старая, якая вымагае мадэрнізацыі. Але, калі не маеш праблемаў у творчай частцы, гэта вельмі шмат. У той жа Расіі, Польшчы цяпер вельмі цяжка працаваць, бо найчасцей рэй вядуць прадзюсары-дыктатары”, — тлумачыць Кудзіненка, які атрымаў ад кіраўніка “Беларусьфільма” Уладзіміра Замяталіна поўны карт-бланш.
Кудзіненка кажа, што завяршыць праект плануецца “бліжэй да восені”. “Складанасць палягае ў тым, што мы самі вымушаныя працаваць над рэкламай і раскруткай фільма, бо гэта самае слабае месца “Беларусфільма”. На рэкламу з бюджэту карціны, які і так абмежаваны, вылучана ўсяго 2 працэнты сродкаў. Мы ж ставім задачу зрабіць “Масакру” нацыянальным хітом, каб стужка пайшла ў пракат і зрабіла прарыў у айчыннай кінаіндустрыі, — распавядае ён. — Карацей, пакуль не зусім зразумела, як ажыццявіць прамоўцыю без грошай, бо без яе ж нічога не атрымаецца. Верагодна, будзем актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт. Ёсць задума стварыць па матывах фільма сайт-гульню”.
Каментуючы нядаўнюю інфармацыю аб тым, што на леташні фільм “Днепровский рубеж” дзяржава выдаткавала 6 мільярдаў рублёў, з якіх “адбіць” удалося ўсяго 100 мільёнаў, Кудзіненка адзначыў, што ягоная стужка робіцца “не па загадзе”. “Там такі ваенна-патрыятычны фільм. Магчыма, была нейкая замова, загад міністэрства зняць яго. У мяне зусім іншае кіно — жанравае, заснаванае на нацыянальных тэмах і міфах. Хочацца, каб сучаснае беларускае кіно асацыявалася не толькі з “партызанфільмам”, каб у яго з’явіўся ўласны твар. Таму галоўнае, каб гледачы ўбачылі “Масакру”, а поспех будзе”, — упэўнены рэжысёр.
Дарэчы, у панядзелак а 19.00 на вялікім экране сталічнага кінатэатра “Піянер” адбудзецца беларуская прэм’ера забароненага да паказу яшчэ ў 2004-м фільма “Акупацыя. Містэрыі”, якому нарэшце вярнулі пракатнае пасведчанне. Тамсама, у межах кінаклуба “Формула кіно”, пройдзе і творчая сустрэча рэжысёра з гледачамі.