Вяртанне мастака і патрыёта

Источник материала:  
12.02.2010 11:07 — Новости Культуры

Вяртанне мастака і патрыёта

Выстава «Лявон Баразна. Спадчына» адкрылася 11 лютага ў Нацыянальным мастацкім музэі. Экспазыцыю складаюць болей як 70 малюнкаў і партрэтаў вядомага беларускага мастака і дысыдэнта савецкай пары. Лявон Баразна мог бы летась адзначыць сваё 80‑годзьдзе, калі б не трагічнае здарэньне ў 1972 годзе.

У 1960‑я гады Лявон Баразна пасьлядоўна распрацоўваў нацыянальную тэматыку. Працаваў у розных жанрах выяўленчага мастацтва, але найбольш істотны ўнёсак зрабіў у распрацоўку беларускага сцэнічнага касьцюму, якая абапіралася на аўтэнтычнасьць, а не на фальклёрную імітацыю, што на той час панавала ў мастацтве «сацыялістычнага рэалізму».

Лявон Баразна таксама вядомы як дасьледчык традыцыйнай культуры Беларусі.

Ён аўтар альбомаў «Беларускае народнае адзеньне», «Арнамэнты паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гарадзеншчыны». Дасьледаваў Баразна і мастацкую спадчыну беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Ягоны альбом «Гравюры Францыска Скарыны» і сёньня адзін са стрыжнёвых твораў навуковай Скарыніяны.

Пры канцы 1960‑х гадоў у Менску складваецца кола змагароў за беларушчыну. Людзі мастацтва і навукі, якія арыентаваліся на нацыянальныя каштоўнасьці, аб’ядналіся ў своеасаблівы дысыдэнцкі гурток «На Паддашку». Яны падпольна зьбіраліся ў майстэрні мастака Яўгена Куліка, дзе распрацоўвалі і ладзілі мастацкія і асьветніцкія акцыі. Лявон Баразна быў адным з найбольш актыўных удзельнікаў. Быў ён і сярод першых удзельнікаў руху за захаваньне і адраджэньне нацыянальна‑культурнай спадчыны.

Натуральна, што мастак‑дысыдэнт выклікаў пільную ўвагу як камуністычных уладаў Беларусі, так і яе карнага апарату — КДБ.

Змаганьне з нацыяналізмам у самай інтэрнацыянальнай савецкай рэспубліцы было пасьлядоўным.

Пры канцы 1960‑х гадоў разам зь Зянонам Пазьняком Лявон Баразна выступіў у абарону менскай Нямігі, над якой навісла пагроза зьнішчэньня. У 1972 годзе ён рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня старога Менску. 15 жніўня 1972 году мастак‑патрыёт быў забіты пры нявысьветленых абставінах. Сьледчыя органы трактавалі гэтае забойства як звычайны крымінал, але паплечнікі Баразны падазравалі і радазраюць у зьдзяйсьненьні злачынства савецкія спэцслужбы.

Погляды Лявона Баразны паўплывалі на фармаваньне сьветаўспрыманьня шэрагу мастакоў і навукоўцаў. Баразна і сёньня застаецца культавай асобай у асяродзьдзі нацыянальна арыентаваных людзей мастацтва і навукі.

Упершыню ў галоўным музэі краіны дэманструюцца творы гэтай яркай і таленавітай асобы. Выстава будзе працаваць да 8 красавіка.

←Берлинале. Праздник будет грандиозным

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика