Міхаіл Велер і французскія пісьменнікі на Мінскім кніжным кірмашы

Источник материала:  
08.02.2010 20:59 — Новости Культуры
Краіны СНД, далёкаўсходнія Карэя і Кітай, блізкаўсходнія Сірыя і Іран, далёкія-блізкія Венесуэла і Куба, а таксама заходнія кніжныя гіганты Нямеччына і ЗША — разам 26 дзяржаваў — возьмуць удзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбудзецца з 10 да 14 лютага ў мінскім выставачным павільёне "БелЭкспа".

Французская кніга

Пасля Ізраіля і Украіны сёлета ганаровы госць — Францыя, якой адмыслова дзеля кірмаша падрыхтавала шмат сюрпрызаў. Па-першае, расійскія ды беларускія пераклады, а таксама французскамоўныя арыгіналы на французскім стэндзе падчас кірмаша можна без можна будзе набыць без нацэнкі.

"Вы не ўбачыце на нашым стэндзе Мапасана і Флабера, якіх беларускі чытач ужо пэўна прачытаў у беларускім ці расейскім перакладах, а можа і ў арыгінале, — кажа Людовік Руае, дарадца па культуры Амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, — Наш арыенцір — сучасная французская літаратура — мы пастараемся паказаць беларускаму чытачу сучасных, папулярных аўтараў, такіх як Крысціян Гарсэн і Анна Гавальда".

Акрамя гэтага на французскім стэндзе адбудзецца шэраг мерапрыемстваў:

12 лютага адбудзецца майстар-класа па ілюстрацыях вядомага ілюстратара Пьера Карнюэля (Пачатак 15.30).

13 лютага літаратурная сустрэча з гісторыкам і пісьменнікам Т’еры Ленцам "Еўрапейская геапалітыка ў эпоху Напалеона". Пачатак а 14-й.

Таксама 13 лютага адбудзецца сустрэча з Крысціянам Гарсэнам. Яго раман "Палёт паштовага голуба", упершыню на расійскую мову пераклалі менавіта ў Беларусі.

На мінскі кніжны кірмаш таксама завітае таксама пісьменніца, што піша для падлеткаў — Ан-Мары Поль, кнігу якой пераклаў Зміцер Колас (13 лютага, пачатак сустрэчы, а 11 раніцы).

Дарэчы, кожны, хто набудзе хаця б адну кнігу на стэндзе Францыі, у рамаках латарэі зможа пазмагацца за адзін з двух квіткоў на канцэрт французскай спявачкі Патрысіі Каас.

Расійская кніга

Расія, хоць і не з’яўляецца ганаровым госцем выставы-кірмашу, але ж сваімі стэндамі паводле словаў намміністра інфармацыі Ігара Лапцёнка зойме такую сама плошчу, як і гаспадары, беларусы. Акрамя праанансаванай міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым прэзентацыі кнігі аб расійскай дыяспары ў РБ "Русские в Беларуси", самай запамінальнай з расійскіх імпрэзаў, пэўна, будзе прыезд нашумелага ў канцы 90-х гадоў аўтара постперабудовачнага рамана "Самавар" Міхаіла Велера. 12 лютага ён сустрэнецца са студэнтамі БДУ (Маркса, 31) і дасць лекцыю "Зліццё элітарнай і масавай літаратуры ў ХХІ ст." Пачатак, а 14.25.

Беларуская кніга

Кірмаш будзе праходзіць на тле невялікага пагаршэння справаў у выдавецкай дзейнасці. Паводле афіцыйных звестак летась у Беларусі было выдадзена 12885 кніжных найменняў агульным накладам 22,8 млн асобнікаў, што на 2% менш чым у 2008. Не ў апошнюю чаргу гэта звязана з пагаршэннем стана выдавецкай дзейнасці ў Расіі, якая з'яўляецца асноўнай заказчыцай беларускіх выдавецтваў. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак змяншэнне тлумачыць тым, што самае буйное выдавецтва краіны "Харвест" (прадстаўнік расійскага "АСТ") колькасць выдаваных кніг скараціла ажно ў чатыры разы і зачыніла адзін з двух сваіх паліграфічных камбінатаў.

Беларускія прэзентацыі адбудуцца збольшага ля стэндаў дзяржаўных выдавецтваў. Гэтак, 13 лютага адбудзецца прэзентацыі выданняў "Мастацкай літаратуры", сярод якіх кнігі Уладзіміра Караткевіча "Лебядзіны скіт" і Быкава "Аповесці". Пачатак а 12.30.

12 лютага — прэзентацыя рукапісных кніг супрацоўніка музея-запаведніка "Заслаўе" мастака Юрася Малаша з дэманстрацыяй слайд-фільма "Сусвет з душою беларуса". Пачатак а 12-й.

З недзяржаўных прэзентацыяў — прэзентацыя фотаальбома "Дікая жізнь в центре Европы" выдавецтва "Рыфтур". Пачатак а 15-й.

Зноў жа 13 лютага выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" прэзентуе 3-ці том энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае", першыя два тамы, выхад якіх быў цёпла сустрэты за мяжой на леташнім Віленскім кірмашы. Акрамя гэтага на Мінскай кніжнай выставе будуць прэзентавацца і іншыя энцыклапедыі выдавецтва "Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага" і "Гарадыі мястэчкі Вялікага княства Літоўскага", а таксама факсімільныя выданні альбому "Фамільныя партрэты князей Радзівілаў" з гістарычнымі каментарамі. Пачатак аб 11-й.

Такім чынам, Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш у павільёне "БелЭкспа" (Купалы, 27), 11–14 лютага. Уваход — вольны.

←В Минске открылась выставка портретов Оксаны Аракчеевой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика