Глабальнае пацяпленне
Mein Vaterland, auf Wiedersehen! — адразу па прыходзе на сцэну развіталіся з Бацькаўшчынай Ігар Варашкевіч і Кр° на сваім канцэрце ў клубе «Рэактар». І ў момант вока выправіліся ў блюзавыя надхмар’і. Усё было па-клубнаму, сутонне і святло пражэктараў, тут спалучалася неспалучальнае: утульнасць і ракенрольнасць.
Ідзе глабальнае пацяпленне клімату: нагадаем, у снежні «Краму» запрасілі выступіць у тэлеперадачы «Зорны рынг», дзе яны ў музычным двубоі перамаглі спявачку Лаліту Міляўскую. У 2009 адбылося колькі канцэрты рок-гурта пасля трохгадовай забароны. І дадамо: акрамя НН канцэрт здымала таксама дзяржаўнае СТВ.
СТВ, на адной сцэне з Міляўскай, уліваемся ў мэйнстрым?
«Нікуды мы не ўліваемся, не хвалюйцеся, — кажа Ігар Варшкевіч ужо пасля канцэрту, апрануты ў свой заўсёдную страката-паласатую робу. — У чырвона-зялёны мэйнстрым не ўвальёмся. Але хіба дрэнна, што мы на тэлебачанні?»
А веснавыя працэсы працягваліся. Каб расцяпліць лёд, музыкі начапілі святамікалаеўскія каўпакі і прэзентавалі «З новым годам». « Зразумела чаму беларусы змрочныя такія — сонечных дзён у нас мала, — каментуе песню Варашкевіч».
Некаторыя заўважаныя на канцэрце селебрыці падрыхтаваліся да канцэрту па-рознаму. З абсалютна новай кароткай фрызурай, зліквідаваўшы расты, прыйшла Руся, а вось лідэр партыі БНФ, Аляксей Янукевіч, адданы фанат «Крамы» не здрадзіў свайму афіцыйнаму гарнітуру. Не памяняў стрыжку і саліст «Палацу» Алег Хаменка, які таксама актыўна ўсюдыіснаваў на канцэрце. Астатнія публіка таксама не вылучалася аднастайнасцю: тут табе і наглуха ўкручаныя ў скуру вусатыя байкеры, і пост-хіпуючае пакаленне з заплечнічкамі і небяспечнымі брытвамі ў якасці завушніц.
«Бярыце ў рукі бутэлькі, бо зараз будзе песня «Рушым на піва», — заклікаў публіку Варашкевіч, але сам адкруціў агаловак «Мінскай». Публіка не пакрыўдавала і ўзняла рыльцы ў гору. За лагоднасць нораву па каторым часе музыкі трактавалі публіку прэм’ерай «Дзяўчынка са шклянымі вачыма».
А пасля пасыпаліся гіты: «Падае дождж», «Бяжы, бяжы, хлопец», «Хавайся ў бульбу». Гэты апяяны карняплод фронтмэн гурту назваў беларускім бананам.
На канцэрце не было вядомага расійскага блюзмэна і сябра гурту Аруцюнава і таму ролю special guest’a з поспехам адгуляў запрошаны гітарыст-віртуоз Лёнік Вярэніч. Яны супольна са штатным Трухановічам дазволілі сабе некалькі гітарных запілаў у манеры Сантаны.
«Слуцкую браму» падалі на галоўнае. І не падаць не маглі, бо існавала насамрэчная небяспека, што сцэна перасунецца на танцпол, бо зала ўжо заводзіла сама сябе рэфрэнам з песні, «Ла-ла-ла», а таксама крычала: «Ігар, можна і без гітары, галоўнае — голас».
І каб у публіцы заварушыўся чарвячок сумневаў наконт ілюзорнасці глабальнага пацяплення пасля крыкаў «Яшчэ, яшчэ!» «Крама» вярнулася на «біс» і песняй давяла, што «жыццё — гэта сон».
«Ракенрол — паратунак, — падсумоўвае імпрэзу Варашкевіч. — Мой дык дакладна».