Краіну чакаюць грандыёзныя культурныя праекты

Источник материала:  
04.02.2010 12:23 — Новости Культуры
“На жаль, сярод прыярытэтаў беларусаў на першым месцы стаіць не культура. Людзей найбольш турбуюць матэрыяльны дабрабыт, здароўе, сям’я - сведчаць сацыялагічныя даследаванні. Але культура - той падмурак, без якога не можа быць развітой дзяржавы”, - міністр культуры, нягледзячы на рэчаіснасць, настроены аптымістычна. Павел Латушка падвёў вынікі мінулага года і акрэсліў перспектывы на цяперашні. А работы хопіць усім 64 тысячам супрацоўнікаў сферы культуры.

Як прайсці ў бібліятэку?


- Летась адкрыта 10 новых бібліятэк. Гомельская вобласць вылучаецца найлепшым станам камплектацыі бібліятэк. У Мінску, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях бібліятэкі найлепш камп’ютарызаваны, але не больш як напалову, хаця ў сталіцы дык увогуле цалкам. Аднак ёсць яшчэ бібліятэкі ў глыбінцы, якія нават не тэлефанізаваны - такіх чатырнаццаць працэнтаў. Трэба развіваць сетку бібліёбусаў - перасоўных бібліятэк. Дарэчы, кожны другі беларус наведвае публічныя бібліятэкі, агульны фонд якіх змяшчае 67 млн кніг (а летась іх стала на паўмільёна больш).

Хруцкі ў Парыжы

- Нацыянальны мастацкі музей летась дамовіўся аб супрацоўніцтве з парыжскім Луўрам. Мы чакаем, што сёлета ў Нацыянальным музеі Францыі будуць выстаўлены творы выдатнага беларускага мастака Івана Хруцкага. Ёсць папярэдняя дамоўленасць пра арганізацыю ў Мінску выставы скрыпак Страдывары, якія будуць дастаўлены з Італіі.

Глядзіце беларускае!

- Летась айчынныя тэатры зрабілі некалькі выдатных пастановак: на купалаўскай сцэне “Вяселле” паводле Чэхава, на горкаўскай - “Бег” паводле Булгакава. Тэатр драматургіі рыхтуе пастаноўку паводле Караткевіча. Аднак па-ранейшаму маладыя рэжысёры не праяўляюць актыўнасці, амаль не прапануюць сваіх праектаў тэатрам. Міністэрства культуры з мэтай заахвочвання выдзеліла гранты на стварэнне новых спектакляў. Разглядаецца пытанне аб стажыроўках здатных майстроў за мяжой. Непакоіць і той факт, што ў нашых тэатрах толькі чвэрць рэпертуару створана беларускімі драматургамі: з 595 пастановак - толькі 162 (на беларускай мове - 183 ад усіх спектакляў). Між тым у папулярызацыі нацыянальнай спадчыны вызначыўся Нацыянальны канцэртны аркестр, які пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга правёў фестывалі старадаўняй беларускай музыкі ў сямі гісторыка-культурных цэнтрах краіны.

Вертыкаль для спадчыны

- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей летась папоўніўся 124 аб’ектамі і складае цяпер 4911 адзінак. Аднак ёсць пэўныя праблемы. У час рэстаўрацыі помнікаў дойлідства мусяць захоўвацца аўтэнтычныя элементы, не павінна пад відам рэстаўрацыі адбывацца разбурэнне старых будынкаў і весціся на тым жа месцы новае будаўніцтва, што мы яшчэ дагэтуль дзе-нідзе назіраем. Патрэбна аднаўленне сістэмы строгага кантролю за захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне адпаведнай вертыкалі - ад раённых улад да міністэрства. Неабходна павысіць ролю Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Варта прыцягваць пазабюджэтныя сродкі на аднаўленне сядзіб, палацаў, трэба зацікавіць інвестараў у набыцці і аднаўленні гэтых аб’ектаў, натуральна, пры ўмове кантролю з боку міністэрства.

Класікі нашага часу

- Міністэрства культуры ў 2009 годзе набыло ў мастакоў твораў на 700 млн рублёў, разлічылася з пазыкамі перад майстрамі пэндзля, якія мела з 2004 года. Цяпер стаіць задача фарміравання ў Нацыянальным мастацкім музеі калекцый твораў Селешчука, Шчамялёва, іншых выдатных творцаў. Увосень пройдзе рэспубліканская выстава сучаснага выяўленчага мастацтва - як у Мінску, так і ў абласных цэнтрах.

Не пройдзены “Дняпроўскі рубеж”

- Айчыннае кіно яшчэ не стала канкурэнтаздольным. Так, на фільм “Дняпроўскі рубеж” было выдаткавана 6 млрд рублёў, а выручка склала толькі 100 млн. Актуальнай патрэбай застаецца стварэнне факультэта экраннага мастацтва ў мастацкай акадэміі. Аднак мы ведаем, што 60 грамадзян Беларусі вучацца ў інстытутах кіно Масквы і Пецярбурга. Значыць, наша кіно мае патэнцыял, ён павінен рэалізавацца і ў тым ліку і праз сумесныя праекты з кінакампаніямі іншых, у першую чаргу суседніх краін.

Нацыянальная ідэя дзеля будучыні

- Распрацавана Дзяржаўная праграма развіцця культуры на 2011-2015 гады. Асноўным прыярытэтам вызначана даступнасць культуры. Мы ставім мэту захаваць гісторыка-культурную спадчыну і прыцягнуць у сферу пазабюджэтныя сродкі. Вяртанне да традыцый - важнейшая задача сённяшняга часу. Яе вырашэнне паспрыяе нацыянальнаму самаўсведамленню народа Беларусі.

Амаль трыльён рублёў выдаткаваны на культуру летась. Дакладней, 923 млрд. А вось даходы сферы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі толькі 146,6 млрд. Зрэшты, гэта на 20% больш, чым залетась.

←Мінскія тэатры: 4 — 14 лютага

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика