Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе спыніць масавы пераслед літаратараў
Неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную акцыю па шальмаванні і пераследу літаратараў, cяброў арганізацыі. З такім заклікам на паседжанні 3 лютага выступіла Рада незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП).
Як адзначаецца ў пастанове, з 2010 года распачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шальмаванні і пераследу членаў афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі: па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі, ультыматыўна патрабуючы выйсці з СБП.
«Толькі на працягу апошніх тыдняў каля сотні членаў СБП звярнуліся да кіраўніцтва і Рады свайго грамадскага аб’яднання з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадскіх аб’яднаннях», — ідзецца ў заяве.
Рада СБП нагадвае, што пасля стварэнняў ў 2006 годзе праўладнага Саюз пісьменнікаў Беларусі» (СПБ), які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, незалежная арганізацыя літаратараў была, па сутнасці, абвешчана па‑за законам. «Творчае аб’яднанне пазбавілі ранейшай фінансавай дзяржаўнай падтрымкі і вымусілі пакінуць Дом літаратара. Былі перапісаныя школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па беларускай літаратуры, з якіх выкраслілі імёны і творы членаў СБП — народных паэтаў, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, майстраў нацыянальнага мастацкага слова. Новастворанаму саюзу былі перададзеныя літаратурныя выданні «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвік «Лім», заснавальнікам якіх дзесяцігоддзі быў СБП. Распараджэннем міністэрства адукацыі былі забароненыя літаратурныя выступленні членаў СБП у школах, ВНУ і бібліятэках, якое не адменена і да гэтага часу…», — адзначаецца ў заяве.
Рада СБП запатрабавала спыніць пераслед пісьменнікаў, сяброў арганізацыі, а таксама «даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасці кіраўніцтва СПБ на чале з М.І. Чаргінцом,
якая наносіць непапраўную шкоду развіццю сучаснага літаратурна‑грамадскага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым».
У адваротным выпадку прадстаўнікі cаюзу абяцаюць звярнуцца да шэрагу аўтарытэтных міжнародных літаратурных арганізацый.