Хай жыве антыгламур
Суполка “Літаратурнае прадмесьце” любіць традыцыі і сімвалы. Вось толькі пафасу і афіцыёзу ў прадмесці не любяць, а пачуццё гумару (нават чорнага) вітаецца. Таму суполка заснавала першую на Беларусі антыгламурную літаратурную прэмію і ўручае яе за нонканфармізм і праяўленую здольнасць захаваць творчую “самасць”.
Прэмія “Блакітны Сьвін” выглядае: дыплом плюс сто чаго-небудзь… На дыпломе на фоне неба выява пятачка -- электрычнай разеткі: падключайся да натхнення… А што сто? Гэта як узбрыдзе ў галовы прадмесцеўцам. Узбрыдалі: сто алоўкаў, заточаных уручную, сто круглых свечак і сто перапяліных яек. (З яйкамі ўгадалі. У прошлым годзе іх жэрлі на ўручэнні сырымі пад шампанскае). Зараз Маргарыце ўручылі сто насовак. Першымі лаурэатамі былі Аксана Спрынчан, Віктар Ываноў і Мікола Кандратаў. Людміла Рублеўская, паэтка, кіраўнік суполкі “Літаратурнае прадмесце” распавядала:
-- Блакітны Сьвін – экстравагантны, трохі брутальны, але вельмі ўдалы вобраз, які цалкам можа стацца архетыпам. Тут і авангард, і нацыянальная традыцыя, і вялікія магчымасці для фантазіі. Так, зубр, вядома, істота больш высакародная для ўвасаблення нацыянальнага бестыарыю… Але Сьвін увайшоў у кожную беларускую хату, як і бульба. Гэта -- зразумелы ўсім персанаж народнага карнавалу, частка нашага побыту. На ягоных капытах -- спрадвечная беларуская дрыгва, след балота. Ягоны пятачок задзерты да аблокаў. Яднанне фарсу і трагедыі, кіча і высокага мастацтва -- канапкі з свойскім салам на прэзентацыі ўзнёслага паэтычнага зборніка…
Хай жыве і лётае Блакітны Сьвін!
Фота Людмілы Рублеўскай.