Леанід Дайнека адзначыў юбілей

Источник материала:  
30.01.2010 15:34 — Новости Культуры

70-годдзе пісьменнік адсвяткаваў у мінскім Чырвоным касцёле.

Святкаванне адбылося ў храме нездарма. Пісьменнік, які разам з сынамі валодае гарэлачным заводам БЕЛПІ, мог бы сабе дазволіць і куды большую залу. Але для аўтара «Жалезных жалудоў» і «Мяча князя Вячкі» гэта было сімвалічна. Бо Леанід Дайнека толькі пару гадоў таму пачаў хадзіць у касцёл.

Юбілей — гэта заўсёды падарункі і ўзнагароды. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч паведаміў, што 28 студзеня Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў марыністаў і баталістаў уганаравала сп. Дайнеку прэміяй імя Валянціна Пікуля за серыю гістарычных раманаў.

І ўжо днямі разам з дыпломам ён павінен атрымаць залаты медаль.

«Да маладосці мы наўрад ці вернемся», — двухсэнсоўна сказаў былы рэдактар часопіса «Маладосць» Васіль Зуёнак. Ці ён меў на ўвазе літаратурна-мастацкае выданне, якое сёння знаходзіцца «пад крылом» лукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў, ці маладыя гады, паэт не патлумачыў. Зразумела, што ні першы варыянт, ні тым больш другі не магчымыя. Ды і сам Дайнека адзначыў, што выходзіць з незалежнага СБП не збіраецца.

Павіншаваць юбіляра прыехала дэлегацыя з роднага пісьменніку Клічава. Сярод іх быў і «работнік нябачнага фронту» — начальнік ідэалагічнага аддзела Клічаўскага райвыканкама. Прамова была непрацяглая, але па-беларуску.

«Практыка такая будзе, пакуль будуць газеты», — абураўся са сцэны Уладзімір Дамашэвіч. У «Народнай Волі» скарацілі яго артыкул пра сябра і змянілі загаловак. Пісьменнік скарыстаўся момантам, каб зачытаць выразаныя кавалкі.

Сяргей Законнікаў быў некалі такі самы руды, як і Дайнека. У апошняга, праўда, і да сёння захаваліся на галаве напаміны аб маладосці. А вось у паэта Законнікава — толькі сівая шавялюра. А яшчэ з маладосці побач з Леанідам Марцінавічам засталася яго надзейная сяброўка — жонка Зінаіда.

Вы — Леанід.

Я — Леанід.

Мы балуемся вершамі.

З усіх цудоўных Зінаід

Вы выбралі найлепшую.

Дэкламаваў Леанід Дранько-Майсюк.

Увесь вечар гучалі вершы, песні. Спявалі Алесь Камоцкі, Таццяна Беланогая. А гурт «Стары Ольса» стаў ужо заўсёднікам на сямейных святах Дайнекаў.

Леанід Дайнека адзначыў юбілей

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Леанід Дайнека

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Сыны пісьменніка Сяргей, Зміцер, Сцяпан

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Уладзімір Дамашэвіч

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Сяргей Законнікаў

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Таццяна Беланогая

Леанід Дайнека адзначыў юбілей
Гурт «Стары Ольса» пастаянны госць на святах у Дайнекаў

←Уникальное событие ожидается в столичном Аукционном доме.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика