Як праводзілі Каляды
28.01.2010
—
Новости Культуры
Народны абрад, які дагэтуль распаўсюджаны ў Бярэзінскім раёне, можа быць уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі
Што тут скажаш: багацце! Так і гавораць фалькларысты розных краін, знаёмячыся з беларускай народнай культурай. Бо мы, у цэнтры Еўропы, атрымалі ў спадчыну ад продкаў нямала абрадаў, ужо страчаных, забытых іншымі народамі. Асабліва ж шмат забаў прыносяць Каляды: зімою, калі “поле не кліча”, нашы продкі-сяляне любілі павесяліцца. Як, напрыклад, робяць гэта і сёння ў Бярэзінскім раёне, на Міншчыне. Там не толькі з душой святкуюць Каляды, таямнічую пару сонцапавароту на вясну, але і праводзяць іх з гумарам. Сёлета цэнтрам праводзінаў Калядаў, завяршэння святаў стала вёска Навіны. Праводзіць Каляды, ці “Цягнуць Каляду на дуба”, з’ехаліся туды творчыя калектывы ўсяго раёна, а глядзець на абрад пажадалі і фалькларысты, этнографы.
І вось ад сельскага Дома культуры гуллівая працэсія рушыла да высокага дуба, ушаноўваючы Каляду — яе сімвалізуе ўпрыгожаны стужкамі сноп. Гучаць абрадавыя песні: пара Калядзе прэч выбірацца. А куды ж яе падзець? Падвесілі сноп-Каляду на дубе: гэта, кажуць старажылы, “ад маланкі-грома абярэг ды каб буслы сяліліся”. Тыя ж, хто вывучае глыбінны сэнс абрадаў, бачаць у дзеі не проста развітанне з Каляднымі святамі, але і сакральны зварот-просьбу да язычніцкага бога Перуна. Менавіта яму, кажуць, належыць і дуб, які называюць яшчэ “Перунова дрэва”.
А жыхары Навін пасля таго, як прыстроілі Каляду на дубе, справілі вясёлае застолле з песнямі ды танцамі, каталіся на санках, гулялі ў снежкі. А яшчэ ўсім трэба было, для ўмацавання здароўя, у снезе пакачацца. Што ўсе з задавальненнем і рабілі.
Варта дадаць, што вясёлы старажытны абрад “Цягнуць Каляду на дуба” адноўлены на Бярэзіншчыне ў 90-я гады мінулага стагоддзя. І на добрай, відаць, культурнай глебе: цяпер абрад праводзіцца штогод.
Іван Ждановіч
На здымку: Для ўдзельнікаў старажытнага абрада з Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці праводзіны Калядаў — вясёлае свята