Як напісаць раман?

Источник материала:  
27.01.2010 10:46 — Новости Культуры

Пра што пісаць? Як назваць свой твор? Сакрэтамі прафесіі дзеліцца аўтар трылераў, авантурна-прыгодніцкіх раманаў, а таксама гістарычных і палітычных дэтэктываў Максім Клімковіч.

Як напісаць раман?

Пра што пісаць? Ходзім і глядзім, або выдумваем «з галавы»?

Максім Клімковіч: Адзін мінскі паэт (прозвішча яго апусцім) атрымаў у сярэдзіне 70-ых кватэру. Ходзіць у пустых сценах разам з цёшчай, а тая плануе: «Тут дзіцячы пакой будзе, тут зала, а тут — кабінет. Стол паставім, будзеш, Антон, сядзець і пісаць». Паэт паглядзеў на яе і кажа: «Пісаць! Пісаць! А пра што пісаць, ты падумала, старая падла?»

Пісьменнік, якому няма пра што пісаць, такі ж нонсэнс, як адкручаны кран, з якога не цячэ вада. Вядома ж, раман, як і літаратурны твор іншае формы, суцэльна складаецца з жыццёвага досведу літаратара. А што яшчэ можа быць у чалавека апроч яго? Ён уключае і ўспаміны дзяцінства і прачытаныя чужыя кнігі, пачутыя гісторыі... Літаратура манціруецца з жыццёвых сітуацый, вобразаў, гатовых словаў, зрэшты, з літараў алфавіты і знакаў прыпынку. Іх аўтар, дакладна, не прыдумляў, яны існавалі да яго і па-за ім. Задача пісьменніка знайсці тыя, што будуць працаваць на абраны ім сюжэт, і расставіць усё ў правільным парадку. Задача не лёгкая. Пошук патрэбных элементаў сувымяральны з пошукам ільва ў пустэльні. Маўляў, трэба падзяліць пустэльню напалам, потым паглядзець, дзе застаўся леў, і падзяліць тую палову на дзве чвэрткі. Ну, і так далей. Рэшту прасеяць праз сіта, што застанецца, тое і ёсць леў. Пісанне ж, праблема ўмелага і нечаканага мантажу знойдзеных банальных элементаў. Так, у выяўленчым мастацтве з чалавечага цела і птушыных крылаў, аб’ектаў абсалютна рэальных, узнікае анёл. З кракадзіла, птушыных лапаў, кажановых крылаў — цмок. Тое ж і ў літаратуры. Менавіта на стыках банальных сітуацый, на сутыкненні словаў, у гульні з імі, у судакрананні знаёмых паасобку, але не ў пары, вобразаў з’яўляецца жарынка мастацтва, свежы вобраз, толькі гэтыя стыкі і «б’юць па мазгах» чытачу, выклікаюць пачуцці, прымушаюць думаць і суперажываць. Увесь астатні тэкст — спажыўны булён, дзе жывуць і множацца бацылы новага. Або не множацца.

Як пісаць (графік пісання, умовы, інтэнсіўнасць)? Запіскі на манжэтах або суцэльнае гультайства аўтара?

Чым і як «пісаць» раман, не мае ніякага значэння. Адзін прыдумляе сцэны ў галаве, а потым запісвае іх, другі думае і піша адначасова. У кожным выпадку раман ствараецца на шляху ад галавы да картрыджа прынтара. Але пісанне вялікай памерамі прозы, гэта заўсёды цяжкая праца. Нават, калі проста ўзяць пад увагу колькасць набраных і ўпарадкаваных знакаў. Таму пісаць даводзіцца нават тады, калі не вельмі і хочацца. Заўсёды знойдзецца праца пад псіхалагічны стан: выправіць памылкі ва ўжо напісаным, падкарэктаваць, шліфануць рэплікі, проста перачытаць і зірнуць на тэкст вачыма старонняга чалавека. Паміж часткамі можа быць перапынак у некалькі гадоў, але пісаць тэкст трэба на «адным дыханні». Таму для мяне абсалютна непрымальнае спалучэнне творчасці і алкаголю. Падвясёлены чалавек інакш глядзіць на свет, у яго зменена тое самае «дыханне». Тут, як з аўтамабілем: выпіў, за стырно не садзіся. Хаця, магчыма, мае права на існаванне і метад пісання ў перманентна нецвярозым стане. Не спрабаваў і спрабаваць не збіраюся.

Прафесія раманіста, як і кожная іншая, мае свае хітрыкі. Неяк мы з Уладзімірам Сцяпанам неабачліва паабяцалі аддаць у газету фрагмент нашага новага рамана «Цень анёла». Насамрэч, рамана на той час яшчэ не было. Існавалі толькі пэўныя расплывістыя ідэі наконт яго. Аднак надышоў час здаваць той самы неіснуючы фрагмент неіснуючага твору ў друк. Пад яго ўжо была запланаваная плошча. А, як сказана ў рэкламе: смага нішто, імідж — усё. Каб захаваць рэнамэ сур’ёзных людзей, давялося занесці ў рэдакцыю яшчэ нідзе не засвечанае апавяданне, напісанае зусім з іншае нагоды. Яго і надрукавалі. Назад жа хады няма. Раман быў ужо запланаваны ў тоўстым часопісе. Давялося нам са Сцяпанам тэрмінова прыдумляць універсальную канструкцыю, пры дапамозе якой, тое абсалютна завершанае і самадастатковае апавяданне, стала арганічнай часткай задуманага раману. Фармальная задача надзвычай складаная. У выніку ўзніклі новыя часавыя плоскасці, яны свядома перасякаліся. Але мы імкнуліся схаваць швы, каб ніводнае ніткі не тырчэла. Здаецца, атрымалася. Прынамсі, ніхто з крытыкаў не тыцнуў нам пальцам у першапрычыну дзіўнай кампазіцыі твору. Наадварот, хвалілі за яе. У другой сітуацыі мы, вядома ж, не сталі б ускладняць сабе пісанне, абышліся б больш традыцыйным. У другім рамане, які мы пісалі разам з Уладзіславам Ахроменкам «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», фармальную задачу паставілі сабе абсалютна добраахвотна. Гэтым разам у выглядзе цалкам адкрытага прыёму мы змайстравалі фабулу з галівудскіх штампаў кшталту «бойкі ў салуне», «бутлегеры і паліцыя падчас Вялікай дэпрэсіі», перасадзілі падзеі на нашу глебу і насялілі створаны намі свет тыповымі беларускімі літаратурнымі персанажамі.

Чым больш складаную фармальную задачу ставіць перада сабой аўтар, тым больш яму даводзіцца прыкладаць майстэрства. У выніку і нараджаюцца нечаканыя хады, здараюцца адкрыцці.


Чым натхняцца для напісання рамана? Якое месца ў творы займае асабісты досвед?

У Юліяна Тувіма ёсць цудоўная карацелька пра літаратара, які сядзіць, пакутуе і піша, піша. «І нашто, — пытаецца Тувім, — мучыцца, калі можна пайсці ў кнігарню і купіць нешта гатовае?»

Як можаш не пісаць, не пішы. Натхненне — стымул для напісання. Ім могуць быць грошы, жаданне праславіцца, атрымаць сацыяльны статус «пісьменніка, які напісаў раман...»

Я асабіста саджуся за клавіятуру, калі мне здаецца, што ніхто да мяне пра гэта і так не пісаў. Інакш і не варта брацца. Але гэта самападман. Усё ў літаратуры ўжо даўно вынайдзена і рэалізавана іншымі. Ратуе ўласная і чытача неадукаванасць.

У большасці выпадкаў пішу не сам, а з адным са сваіх сааўтараў. Але гэта для літаратуры, хутчэй, выключэнне, а не правіла.

Яйка або курыца, сюжэт ці мэсідж (пасланне)? Ці раман адлюстроўвае ідэю або пачуцці?

Сюжэт, ці дакладней, фабула напрасткі не перасякаюцца з мэсіджам — пасланнем. Калі пішуць пра жыццё бадзяжнай коткі з кацянятамі на сметніку, то, хутчэй за ўсё, маюць на ўвазе «гаротны лёс беларускай жанчыны». Раман мусіць не адлюстроўваць пачуцці, яны толькі інструмент аўтара, а выклікаць іх у чытача. Гэта можа рабіцца і метадам ад адваротнага. Аўтар нібыта з сімпатыяй ставіцца да героя-нягодніка, і чытач пачынае справядліва абурацца. Мэта аўтара дасягнутая — жаданае пачуццё ён выклікаў. Увогуле, трэба максімальна пазбягаць уласных ацэнак герояў і іх учынкаў. Трэба стварыць у рамане свой сусвет, у якім героі дзейнічаюць згодна са сваімі мараллю і жыццёвымі ўстаноўкамі, у кожнага павінна быць свая праўда. А чытач, няхай, сам выбірае, хто яму даспадобы. Таму ўласны мэсідж нельга агучваць у тэксце наўпрост, ён можа не супасці з тым, пра што падумаў чытач. Чым больш з’явіцца суб’ектыўных чытацкіх месіджаў, тым лепей. Не трэба навязваць уласнага меркавання.

Задумаў я раман...

Задума раману нараджаецца з прамоўленага ці пачутага слова, з убачанага, згаданага. Але не наўпрост, а шляхам асацыяцыі ці адмаўлення. Так адна канцылярская сашчэпка выцягвае за сабой наступную. Раптам разумееш, што вось гэтага і няма ў знаёмай табе літаратуры, а мусіць быць. Вольную ж нішу варта запоўніць. Ну, а потым ужо пачынаецца тэхналогія. Раман вялікая і складаная канструкцыя. Таму задума, у шырокім разуменні гэтага слова, павінна забяспечыць дзве якасці: рэсурс і ўстойлівасць. На працягу ўсяго тэксту даводзіцца трымаць сюжэт. Не будзе рэсурсу, імпэт сціснутай спружыны фабулы сыдзе ў нішто занадта рана, і чытач згубіць цікаўнасць. Устойлівасць жа дасягаецца перакрыжаваннем сюжэтных ліній, іх балансам. Калі нейкі кавалак тэксту можна безбалесна выкінуць, то лепш гэта і зрабіць, перш, чым аддаваць рукапіс у друк. Калі двух персанажаў мажліва аб’яднаць у аднаго з захаваннем іх функцый, так і трэба зрабіць.

Перш чым пісаць тэкст, варта скласці сцэнплан будучага рамана з разбіўкай на эпізоды, з апорнымі рэплікамі дыялогаў. Лепш не пісаць без гэтай падрыхтоўчай працы, інтуіцыя можа не спрацаваць, а талент завесці ў багну, з якой не будзе выйсця.

Як дасканаліць сваё творчае мысленне?

Творчае мысленне лепш за ўсё дасканаліцца падчас працы. Яшчэ трэба вучыцца разбіраць на вінцікі чужыя творы — спрабаваць зразумець, якім чынам дасягнуты той ці іншы эфекты. Не для таго, каб спісваць, а для агульнага развіцця.

Пішучы раман, ці варта прыслухоўвацца да апініі іншых людзей?

Уласна я пры напісанні рамана не маю магчымасці прыслухоўвацца да апініі іншых. Не пра сааўтараў, вядома, гаворка, з імі пішу, з імі я ў працэсе. Проста нікому не даю чытаць няскончаны твор. Потым, калі ласка. Гэта не прынцып і не пагарда да чужога меркавання — гэта адна з маіх прыхамацяў.

Як выбраць назву раману?

Яшчэ няскончаны раман зазвычай фігуруе ў думках і рукапісу пад працоўнай назвай. Калі ж пастаўлена апошняя кропка, яму даецца і канчатковая. Назва павінна быць правакацыйнай, кідкай, запамінальнай, парадаксальнай, бо чытач набывае ў кнігарні вокладку, тэкст чытае потым.

Максім Клімковіч (нар. у 1958, Менск). Празаік, драматург, сцэнарыст. Піша як для беларускага чытача, так і для расійскага рынка ( аўтар і сааўтар блізка двух сотняў так званых камерцыйных раманаў, што выдадзены ў маскоўскіх выдавецтвах).

Унук Міхася Клімковіча, аўтара гімна БССР.

Асноўныя творы па-беларуску: камерны дэтэктыў пра забойства нацыянальнага класіка «Сцэнарый смерці»,

Трылера «Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага» (разам з Міраславам Адамчыкам),

палітычны дэтэктыў, у цэнты якога — Пішчалаўскі замак,або турма «Валадарка», «Заўсёды светла каля турэмных муроў» (разам з Адамам Глобусам і Міраславам Адамчыкам), раман-кінафарс пра прыгоды заходнебеларускіх бутлегераў у 30-ыя гады «Янкі, або Астатні наезд на Літве» (разам з Уладзіславам Ахроменкам), авантурна-прыгодніцкага раману «Цень анёла» (разам з Уладзімірам Сцяпанам).

←Лявон Вольскі і «ліст шчасця»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика