Карціны, напісаныя без фарбаў
Сёння ў Мінску адкрываецца незвычайная выстава прац з пуху
Адбудзецца гэта ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з'езда РСДРП». У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 30 работ Соф'і Лях. Выкананы яны ў незвычайнай тэхніцы. Неверагодна, але пух таполяў, а таксама дзьмухаўцоў, скрыпеню і іншых кветак замяняюць фарбы! Наведвальнікі музея ўбачаць партрэты Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Уладзіміра Караткевіча і нават Уладзіміра Мулявіна, якія створаны з пуху дзьмухаўцоў. Тут жа экспануюцца сілуэтныя карціны (Пушкін і яго эпоха), рэпрадукцыі твораў знакамітага амерыканскага мастака Рокуэла Кента ў тэхніцы аплікацыя. Цікавая і серыя работ да Дня Перамогі. Побач з імі праз пухавыя «мазкі» акрэсліваюцца выявы сусветна вядомых прыгажунь -- Неферціці і Джаконды…
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН».