Памёр знакаміты рэжысёр дзіцячых фільмаў Леанід Нячаеў
У Маскве на 71-м годзе жыцця памёр класік дзіцячага кіно, кінарэжысёр Леанід Нячаеў. Пра яго смерць паведаміла дачка Настасся.
«Тата памёр сёння ўначы ў 1 гадзіну 20 хвілін пасля перанесенага інсульту. У найбліжэйшы час будуць вызначаныя дата і месца пахавання», - цытуе словы дачкі газета.ру.
Леанід Аляксеевіч Нячаеў нарадзіўся 3 траўня 1939 г. Ён дэбютаваў у 1974 г. знятай на «Беларусьфільме» карцінай «Прыгоды ў горадзе, якога няма». Сусветную славу прынеслі «Прыгоды Бураціна» (1975) і «Пра Чырвоны Каптурок» (1976) – класіка дзіцячага кіно.
Зняў таксама «Казку пра Зорнага хлопчыка», «Рыжага, шчырага закаханага», «Пітэра Пэна», «Не пакідай», усяго пад два дзясяткі добрых дзіцячых казак - з іх 13 на «Беларусьфільме».
У красавіку 2009 года Леанід Нячаеў прывозіў у Мінск сваю новую казку - фільм «Дзюймовачка».