Мастачка Валянціна Шоба адкрыла выставу “Светлае Свята Раства”

Источник материала:  
16.01.2010 09:43 — Новости Культуры
Мастачка Валянціна Шоба адкрыла выставу “Светлае Свята Раства”У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску адкрылася выстава “Светлае Свята Раства” мастачкі Валянціны Шоба.

Раство — свята, у якім аб'ядноўваюцца язычніцкая і хрысціянская традыцыі ў агульнай, вечнай чалавечай і Боскай мудрасці. Гэта свята ўвасабляе ўяўленні пра аднаўленне жыцця прыроды і духоўнае адраджэнне чалавецтва.

Людзі ў гэты дзень услаўляюць Нараджэнне Хрыста і з'яўленне новага свету — свету дабрыні і надзеі. Бог паслаў Свайго Сына на зямлю, каб збавіць людзей ад граху, дараваць сэрцу чалавека спакой, а яго бессмяротнай душы – надзею на выратаванне для вечнага жыцця. Свята Нараджэння Хрыстова — гэта свята міру чалавецтва з Богам, спагады паміж людзьмі і чалавека з самім сабой. Гэта нараджэнне вечнага, духоўнага, незаходзячага сонца.

Выстава “Светлае Свята Раства” мастачкі Валянціны Шоба прысвечана менавіта гэтаму святу – святу Раства. Больш за 30 работ, выкананых у змешанай тэхніцы, адлюстроўваюць духоўнасць і любоў, магічнасць і казачнасць, спакой і спагаду атмасферы свята.

Мастачка нарадзілася ў горадзе Мозыр Гомельскай вобласці. Жыве і працуе ў Гродне. Пасля заканчэння Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка паступіла ў 1989 годзе ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі. Вучылася ў прафесара В.Шаранговіча, прафесара У.Савіча.

З 1985 года Валянціна Шоба пачала ўдзельнічаць у выставах. З’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Адзначана прэміяй за лепшую працу года ў галіне графікі (1992 г.), заахвочвальнай прэмія на выставе моладзі "Час, асоба, прастора" (1998 г.), узнагароджана медалём за дасягненні ў выяўленчым мастацтве (1998 г.), прэміяй "За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" імя А. Дубко (2004 г.).

Працы мастачкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.


←В этот день в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика