Беларуская паэтка атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію
13.01.2010 17:25
—
Новости Культуры
Вальжына Морт. Фота: Pieter Vandermeer via Blueflowerarts.com |
Літаратурныя прэміі Фундацыі Лэннэна (Lannan Literary Awards) — серыя ўзнагарод і стыпендый, заснаваная ў 1989 годзе, якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя “аўтары надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы”.
Прэмія лічацца адной з самых фінансава прывабных у свеце. Гэтак, за апошнія 20 год узнагароды Фундацыі Лэннэна атрымалі 173 чалавекі, а агульная сума прэмій склала 13 млн даляраў. Напрыклад, у 2006 годзе памер прэмій ў галіне паэзіі, мастацкай і дакументальнай літаратуры склаў па $150 тысяч кожная.
Характэрна, што фонд не прымае заяваў на ўзнагароды або стыпендыі. Кандыдаты вулучаюцца ананімна “сеткай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў і рэдактараў ", пасля чаго літаратурны камітэт фундацыі прымае канчатковае рашэнне.
Апроч Морт лаўрэаткай літаратурнай стыпендыі Фундацыі Лэннана за 2009 год стала 50-гадовая амерыканская паэтка Сара Ліндсэй.
Вальжына Морт (Мартынава) нарадзілася ў 1981 ў Мінску, дзе скончыла лінгвістычны універсітэт. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды "Крышталь Віленіцы" Міжнароднага літаратурнага фестываля "Віленіца-2004" (Славенія, 2005). У 2005 годзе ў мінскім выдавецтве “Логвінаў” выйшаў яе дэбютны зборнік вершаў "Я тоненькая, як твае вейкі".
З 2006 года — жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008-м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову “Factory of Tears” (“Фабрыка слёз”), названы амерыканскім друкам “першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў”. Пераклад выканалі пулітцэраўскі лаўрэат, паэт Франц Райт і ягоная жонка, Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне.
“Вальжына Морт — маладая беларуская паэтка, якая жыве ў Амерыцы, імкнучыся стаць пасланцам Беларусі па-за яе межамі. Яе творы — крык душы аўтара, які піша пра змаганне роднай Беларусі за ўласную мову і ідэнтычнасць. Усе, апроч аднаго верша, размешчаныя ў кнізе побач з беларускамоўным арыгіналамі. Вершы прасякнуты тонкай лініяй барацьбы паміж цынізмам і патрыятызмам: Беларусь для Морт – рубец на яе сэрцы”, — напісаў у рэцэнзіі да “Фабрыка слёз” самы аўтарытэтны літчасопіс Амерыкі New Yorker.
Ужо пасля ад’езду за акіян Вальжына Морт стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Хуберта Бурды (Нямеччына, 2008) і стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Gaude Polonia, выйгравала стыпендыі ды магчымасць працаваць у Літаратурным калоквіюме ў Берліне і Міжнародным доме пісьменнікаў у Грацы (Аўстрыя). Яе ангельскамоўныя пераклады ўсходнееўрапейскіх паэтаў друкаваліся ў анталогіі New European Poets (Graywolf Press, 2008). Аўтарытэтнае амерыканскае літаратурнае агенцтва Blue Flower Arts называе беларуску сярод найбольш вядомых і самых таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амерыкі.
Апошнім часам Вальжына Морт выкладае ва ўніверсітэце Балтымару (ЗША). Яе муж, амерыкнец Ёзэф Скарсэзэ — уладальнік незалежнай студыі гуказапісу.
“Яшчэ да 2005 года, калі ў Беларусі выйшла яе першая кніга “Я тоненькая, як твае вейкі”, Морт стала сенсацыяй у якасці выканальніцы сваіх вершаў. Паводле характару яна пра камунікаванні з людзьмі стрыманая, але на сцэне яна дамінуе, а яе постаць, здаецца, расце з кожным радком: ступні нібы ўрастаюць у сцэну, вочы проста замарожваюць слухачоў, голас насычаны, экспрэсіўны, гучны як труба. Далёка разнесліся чуткі пра яе майстэрства, і хутка ўжо яна была запатрабаваная на літаратурных вечарынах ва ўсёй Еўропе”, — напісаў пра яе ў вялікім матэрыяле амерыканскі часопіс Poets & Writers, пераклад якога надрукаваў Arche.
У снежні 2009-га Морт стала першай паэткай, запрошанай для творчай працы і прэзентацыяў ў культурным цэнтры Alice House ў сталіцы Трынідада і Табага Порт-оф-Спэйн.
“Ненавіджу, калі мяне называюць беларускай паэткай, — распвядае Вальжына Морт у інтэрв’ю трынідадскай газеце Newsday. — Я заўсёды думала, што паэт — сама па сабе нацыянальнасць, якая не мае патрэбы ў дадатковых азначэннях. Няма такога паняцця як беларускі паэт, ямайскі паэт... Ёсць добры паэт альбо дрэнны, і іншай альтэрнатывы не існуе".
Пры гэтым яна падкрэслівае, што, негледзячы на тое, што выхоўвалася ў расейскамоўнай сям’і, заўсёды пісала толькі па-беларуску і для яе жыццёва важна.
У сераду ўвечары 13-га студзеня адбудзецца выступ Вальжыны Морт у Стэнфардскім універсітэце.