Ноч Божага Нараджэння
Горад засыпала снегам, і высыпаў
Пчоламі зорнымі рой над выспамі
Ватных аблокаў. 
Ён, нібы лес, зарастае хваінамі; 
Пахне хурмой і цяплом мандарынавым
За кожным парогам.
Усё наваколле заклеена золатам, 
Сотні гірляндаў ратуюць ад холаду
Плечы сталіцы. 
Месяц завешаны лямпачак нізкамі,
І выцінанкаю з фольгі паблісквае
У завушніцах.
Не, не пасуе. Бясспрэчная праўда: 
Снежныя гурбы мала нагадваюць
Холад пустыні, 
Там, дзе мяце завіруха пясчаная, 
Там, дзе раскрэсленыя караванамі
Схілы пустыя;
Поўня хурмой сакавітай гайдаецца
І перад золакам з важкасцю валіцца
З зорнай галінкі; 
Вецер прыносіць пах міра і ладану; 
З цэлага году скляпаны прыладамі
Дзень пілігрымкі.
Тут — не хапае ўсходняга прысмаку, 
Але становяцца ўбогай калыскаю
Яслі ў стайні, 
Там, дзе жывёла маўклівай чародкаю
Стала ля Маці, якая дрыготкага
Чакае світання.
Хутка прыспешыцца першая раніца, 
Ноч развіднее і з хрустам зламаецца, 
Быццам аплатка; 
Покуль аблокі ў гурбы збіраюцца, 
Зорка бацькоўскай любові ўзіраецца
У Немаўлятка.