Колькі каштуе працадзень расійскага актора?
Пётр Мамонаў, расійскі рок-музыка і актор, які ўчора выступаў у Мінску з сольнай праграмай «Даўнавата мы цябе не бачылі» распававёў журналістам, колькі ён атрымаў за здымкі ў рымэйку культавага фільма «Іголка».
«За адзін дзень здыманняў у рымейку стужкі «Іголка», які цяпер здымаецца, рэжысёр Рашыд Нугманаў, заплаціў мне 10 тысячаў даляраў», — сказаў Пётр Мамонаў, пасля таго, як на сцэне мінскай КаЗы прапяяў хіты гурту «Звуки Му», паказаў перфоманс, і прачытаў уласнасачынённыя вершасказы «Закаручкі».
«Іголка» — адна з першых у савецкім кінематографе стужак, якая засяродзілася на з"яве наркаманіі ў СССР. У ролі хлопца, які спрабуе зняць з іголкі сваю сяброўку, зняўся рок-спявак Віктар Цой. Пётр Мамонаў у гэтым фільме атрымаў эпізадычную, але яскрава выкананую ролю эксцэнтрычнага лекара, пастаўшчыка наркотыкаў.
Да 20-гадовага юбілею з дня смерці вакаліста «Кино» казахска-расійскі рэжысёр Рашыд Нугманаў надумаў выбудаваць сваю ўласную сцяну Цоя, і ў жніўні 2010 году мае прэзентаваць публіцы рэмікс «Іголка».
«Вялізная колькасць людзей кажа, што выправілася ў кінатэатры, каб паглядзець на «Іголку», — сказаў Рашыд Нугманаў у інтэрв"ю расійскай рэдакцыі часопіса Rolling Stone. — Тут мне і ўроілася ў галаву ідэя зрабіць рэмікс. Аснову складае старая стужка, якую я пераманцірую, плюс старыя матэрыялы з Цоем, новыя эпізоды з Башыравым і Мамонавым, а таксама ўсялякія стыльныя дамалёўкі».
Пётр Мамонаў - выбітны прадстаўнік расійскага інтэлектуальнага року, адзін з заснавальнікаў гурту «Звуки Му». Культурны герой перабудовачнай смуты: узгадаем роль запойнага саксафаніста ў «Таксі-блюзе» Паўла Лунгіна. І вось цяпер выканаўца няпростай ролі Івана Жахлівага ў гістарычнай драме «Цар», дзе ягоным партнёрам па здымках быў Алег Янкоўскі.