Цяжкасці перакладу
Адна з самых чакаемых прэм’ер года адбылася. У Купалаўскім тэатры Мікалай Пінігін прадставіў спектакль “Translations” (“Пераклады”). У зале аншлагі, білетаў няма ўжо нават на студзень, на сцэне сузор’е маладых і таленавітых, а на тварах гледачоў расчараванне. На жаль, менавіта так коратка можна апісаць новую пастаноўку.
Гэта другая прэм’ера года ад мастацкага кіраўніка тэатра. Першая — камедыя “Вячэра з прыдуркам”. Але, па-першае, то была не зусім прэм’ера, таму што спектакль першапачаткова антрэпрызны, і яго проста трошкі адаптавалі пад Купалаўскую сцэну. А па-другое, па прызнанні самога Мікалая Пінігіна, “Вячэра з прыдуркам” — не той спектакль, з якога павінен пачынаць сваю працу мастацкі кіраўнік. Гэта, хутчэй, тэатральны кашалёк, пастаноўка, якая прыносіць грошы. Іншая справа — “Translations”. Па словах рэжысёра, гэта сур’ёзны спектакль, ментальна блізкі беларускаму народу. Магчыма, вось гэтая ментальная блізкасць і стала галоўным каменем спатыкнення ў пазітыўным успрыманні пастаноўкі. Мікалай Пінігін паставіў п’есу ірландскага драматурга Браяна Фрыла. Фармальна гэта гісторыя пра тое, як Ірландыя паступова становіцца англійскай калоніяй, як у карэнных жыхароў адбіраюць лепшую зямлю, уводзяць новыя звычаі, мяняюць назвы вёсак і рэк, знішчаюць культуру і мову. І тут без цяжкасцей прасочваецца аналогія з беларусамі, якую і паспрабаваў правесці рэжысёр. Мікалай Пінігін нават увёў у спектакль дзве мовы: руская сімвалізуе мову “англійскіх” захопнікаў, а на беларускай размаўляюць карэнныя ірландцы. На жаль, ідэя, якую некаторыя нават называюць сумніўнай у краіне, дзе руская мова мае статус дзяржаўнай і доля рускіх у супольнасці “беларускі народ” вельмі і вельмі значная, засланіла ўсё астатняе — герояў, іх жыццё, іх трагедыі і радасці. І магчыма, таму, што на першым месцы была ідэя, яна не закранула сэрцы гледачоў. Не сакрэт, што ўсе значныя творы літаратуры, кіна- альбо тэатральнага мастацтва толькі тады маюць поспех і толькі тады думку, якую яны нясуць, гледачы прапускаюць праз сябе, калі ёсць магчымасць суперажываць з героямі. А як можна суперажываць з абсалютна плоскімі вобразамі: са спектакля “Пераклады”, не напоўненымі жыццём, за якімі не адчуваецца гісторыі, мінулага і будучыні?! Ствараецца стойкае ўражанне, што рэжысёру героі часам нават перешкаджаюць увасабляць абраную ім ідэю. Яшчэ адна праблема спектакля ў яго зацягнутасці. Ідэя становіцца абсалютна зразумелай ужо на чацвёртай хвіліне. І канешне, у гэтай сітуацыі ўзнікае заканамернае пытанне: навошта яшчэ тры гадзіны трымаць акцёраў на сцэне, а гледачоў у зале?! Ствараецца ўражанне, што рэжысёр дакладна перанёс тэкст п’есы Браяна Фрыла на сцэну. Нават героі з’яўляюцца паступова, ну як быццам бы гледачы чытаюць напісаны тэкст. Мікалай Пінігін забяспечыў кожнаму персанажу сольны выхад. І гэта доўгае знаёмства з усімі героямі проста стамляе.Якую выснову з гэтага можна зрабіць? На спектакль будуць хадзіць, ён будзе збіраць аншлагі. Гэта адбудзецца з-за ігры Аляксандра Казелы, з-за такіх імёнаў, як Раман Падаляка, Сяргей Чуб, Валянціна Гарцуева, Міхаіл Зуй, Ганна Хітрык... І канешне, з-за таго, што на афішы ёсць надпіс: “Рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін”. Баюся толькі, што нават у поўнай зале, дзе сядзіць больш за пяцьсот чалавек, нямногія адчуюць гэту гісторыю. Зразумеюць амаль усе, але не прапусцяць праз сябе, як гэта не зрабілі рэжысёр і акцёры. На жаль, слоўнік, напэўна, быў не той, як перакласці ірландскую п’есу на беларукую сцэну. Што зробіш, цяжкасці перакладу...