«Ты мусіш падняцца!»
«Чорная маланка» Цімура Бекмамбетава — расейскі комікс пра супермэна.
Чорная маланка (Чёрная молния)
Расея, 2009, каляровы
Рэжысёр: Цімур Бекмамбетаў
Ролі выконваюць: Грыгорый Дабрынін, Кацярына Вілкава, Віктар Вяржбіцкі, Сяргей Гармаш, Валер Залатухін, Іван Жыткоў, Кацярына Васільева, Міхаіл Яфрэмаў, Юозас Будрайціс
Жанр: расейскі комікс пра супермэна
Адзнака: 5 (з 10)
Сквапны нягоднік марыць прабурыць пліту, на якой стаіць Масква, каб дарвацца да алмазаў. Для гэтага яму неабходна машына з нанарухавіком. І менавіта такая машына — у выглядзе дапатопнай «Волгі» — трапляе ў рукі ў галоўнаму герою. Небагаты студэнт Дзіма, закаханы ў мясцовую прыгажуню, падпрацоўвае развозам кветак. Па сумяшчальніцтве яму прыйдзецца стаць супермэнам.
Праца ў Галівудзе пайшла рэжысёру Бекмамбетаву на карысць. Цяпер у ягоным фільме ёсць людзі (няхай і аднамерныя) — і ёсць сюжэт, а не бязладны набор статусных кліпаў. Навязліва-рэкламныя ды «всталосколенные» моманты амаль незаўважныя. Хаця ветліва падкрэсліваецца, што «Волга» — машына Пуціна, а галоўныя разборкі адбываюцца на Краснай плошчы.
Натужліва ўсміхаецца гераіня, ззяюць чырвоныя зоркі. «Ты мусіш падняцца! Ты мусіш падняцца!» — заклікае патрыятычны слоган.
Толькі кіроўца — не супермэн, а «Волга» — не бэтмамабіль.
Кінатэрміны
Кінападзеі
Усе фільмы
Кінатворцы