2009 год на адных эмоцыях
Першыя дзесяць год доўга і з заміраннем сэрца чаканага ХХІ стагоддзя прайшлі гучна, бясконца грымелі прадказаннямі апакаліпсіса і прэм’ерамі кінафільмаў на тэму гібелі зямлі. Аднак ні браты Стругацкія, ні Рэй Брэдберы не захацелі дапусціць, што людзі ў пачатку новага тысячагоддзя ўсё яшчэ не трапяць на Марс і не займуцца падрабязным вывучэннем глебаў Венеры, а працягнуць займацца сваімі ўлюбёнымі хобі — ваяваць, перамагаць на выбарах, змагацца з прыродай, зарабляць грошы, хварэць і паміраць. Паміж усімі гэтымі заняткамі новы чалавек новага часу ўсё яшчэ звяртаюцца да старых і малафантастычных спосабаў спаталення духоўнага голаду — слухае айпод, чытае кнігі з манітора, а часам нават ходзіць у тэатр.
«Беларускія навіны» паспрабавалі класіфікаваць духоўны рацыён беларускіх людзей у 2009 годзе, пазбегнуўшы звычайных для рэйтынгаў катэгорый і аперуючы выключна паняццямі эмоцый і пачуццяў, якія ўдалося здабыць за 365 дзён беларускай культуры.
Выбухам году бясспрэчна з’яўляецца гурт The Toobes — маладыя мінскія рок-н-рольшчыкі, якіх прынята крытыкаваць на чым свет стаіць, пры гэтым паслухмяна наведваючы кожны іх выступ і перасылаючы сябрам спасылку на новы кліп. Яны падобныя да White Stripes, The Strokes і Arctic Monkeys, кажуць адно адному хлопчыкі і дзяўчынкі, сцягваючы вялізныя чабурашыя навушнікі з вушэй на шыю. Яны спазніліся на пяць гадоў, выносяць яны вердыкт мінскай троіцы. Між тым, абодва канцэрты The Toobes у клубе «Рэактар» — красавіцкі і кастрычніцкі — збіраюць поўную залу, іх дэбютны альбом патрапляе на першае месца ТОП-10 паводле «Экспертаў.by», http://experty.by а брытанскі прадзюсер Tricky прапануе ім супрацоўнічаць. Праехаўшыся з канцэртамі па Швецыі, цяпер хлопцы гастралююць у Расіі, так што іх ніяк не атрымаецца выклікаць на навагодні карпаратыў.
Яшчэ адным выбухам, а потым і няспраўджанай надзеяй году стаў «Волшебный кролик» Юрыя Дземідовіча. Атрымаўшы нацыянальны давер і так і не атрымаўшы чаканага першага месца на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Кіеве, песня пра дзіўнага труса з крэйдачкай у руцэ у многіх беларусаў змяніла ўяўленне пра сябе, разбурыўшы дыктатуру аднастайных напамажаных Лаліт і даўшы волю сапраўдным Алісам з краінаў цудаў.
Неаспрэчнасцю году, якой і насуперак нічога не скажаш, стаў, бадай што, самы вядомы беларускі гурт «Ляпис Трубецкой», якому ўдалося двойчы (у 2008 і 2009 гадах) стаць «Гуртом году» ў Расіі, набіць бітком мінскі Палац спорту, «пажаць» усе кароны «Каранацыі», выступіць хэдлайнерам фестываляў Be2gether, BeFree, «Навальніца» і выпусціць новы альбом, які абуджае рабочыя масы, натхняючы на барацьбу з усясветным злом.
Праўда, праз сваё несканчальнае існаванне ў медыяпрасторы і на фестывальных сцэнах у хэдлайнерскія гадзіны «Ляпісы» маглі б узяць першае месца ў катэгорыі «Намазольванне вачэй», але, здаецца, тут іх апярэджвае трэш-кабарэ бэнд «Серебряная свадьба», які не проста «намазоліў», а і крыху стаміў. Другі фестываль беларускай музыкі ў Маскве «Можно!» з іх удзелам практычна праваліўся па наведвальнасці, а на апошні канцэрт з іх удзелам у Мінску прыйшло ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек. Раней паглядзець на трэш-кабарэ збіраліся сотні.
У намінацыі «Агаленне году» можна было атрымаць цэлыя дзве яскравыя эмоцыі. «Што гэта ўсё было?» — думалася, гартаючы «Каляндар аголеных літаратараў». Сваім нечаканым распрананнем беларускія пісьменнікі, паэты і філосафы вырашылі сцвердзіць еднасць цела і слова, паказаць вычарпальнасць творчага акту, невербальную форму творчасці пісьменніка, перспектыву новага тэксту. Аднак усё пералічнае — шматлітарнасць, лішнія словы, а словам у календары — канец. Да таго ж каляндар зроблены «вечным» — каб не трэба было яго змяняць штогод. Відаць, пісьменнікі баяцца, што з часам целы не зробяцца маладзейшымі і больш падцягнутымі, а вось ці прыйдуць у беларускую літаратуру новыя мускулатуры, ніхто не ведае.
«Неверагодна! Дзе гэта перагледзець?» — пасля першага прагляду апошняга кліпа транс-поп ансамбль «Разбітае сэрца пацана» ў большасці тут жа ўзнікала праблема з праглядам паўторным. Голых хлопцаў з «РСП», якія танчаць разам са сваім фантастычным дуэтам «ЭВМ» і дэманструюць абсалютна новы, вышэйшы ўзровень тэкстовак (у адрозненне ад іх папярэдніх куплетаў пра пацанскае каханне і жорсткіх дзяўчын), тут жа знялі з сервіса YouTube. Наогул кліпу на песню Wall-e можна было б без ваганняў даваць прэмію ў намінацыі «Відэа году», шкада толькі, што шукаць яго складаней, чым звычайна. Аднак тыя, хто маюць 18 год і спакойна пераносяць нецэнзурную лексіку, маюць шанец убачыць яго вось тут.
Не чытаўшы кніг Альгерда Бахарэвіча пра знікненне ўсіх людзей з Мінску, падарожжы па жаночых целах і гопніцкія палкі складана вызначыць, якія эмоцыі ён выклікае. Роўна ж, як і ніколі яго не бачыўшы. Цалкам магчыма, што існуе асобная эмоцыя «Бахарэвіч», якая выклікаецца знаёмствам з самым запатрабаваным маладым беларускім раманістам і перакладчыкам, стваральнікам кудзінскай мовы. У намінацыі «Бахарэвіч году» сёлета перамог пераклад казкі Вільгельма Гаўфа «Халоднае сэрца» з аўтарскай пасьлямовай да яе. Раману «Сарока на шыбеніцы», выдадзенаму напачатку году, нічога не дастаецца, паколькі ў ім аўтар надзвычай блізка падыходзіць да ажыццяўлення сваёй мары — пісаць так, каб кнігі немагчыма было дачытваць да канца.
Праўда, пакуль Бахарэвіча, хоць і не ў кожнай прадуктовай краме, а ўсё ж магчыма набыць без праблем, сама па сабе напрошваецца намінацыя «Псіхічныя захворванні году», у якой безапеляцыйна перамагае параноя вакол рускамоўнага і выдадзенага ў Расіі рамана беларускага журналіста Вікатара Марціновіча «Паранойя», прысвечанай дыктатуры, размовам у ложку і, уласна, самому псіхічнаму адхіленню. Пра тое, што кнігу непазбежна забароняць, казалі яшчэ да яе з’яўлення яе на паліцах, яшчэ да таго, як першы чалавек спасціг таямніцы яе сюжэтных ліній. Не паспеўшы з’явіцца ў крамах, кніга і сапраўды ўмомант адтуль знікла. Да гэтага часу невядома, ці вернецца «Паранойя» ў продаж, а беларускія чытачы выстройваюцца ў чэргі да тых, хто аказаўся спрытнейшым і паспеў выдзерці свой томік з лап сістэмы.
І яшчэ — што да пісьменнікаў — то ў намінацыі «Поўная зала» ў гэтай катэгорыі лідэр харкаўскі літаратар Сэргій Жадан, выступ якога ў Акадэміі мастацтваў суправаджаўся амаль што аншлагам.
Што да кніг, то ў намінацыі «Ніколі не стане тваёй» на першым месцы «Кніга Вялікага Княства» — самае цяжкае па кілаграмах і важкае па колькасці аўтараў выданне апошніх часоў, якое нельга набыць, хіба што, ахайна пагартаць у бібліятэцы. У стварэнні гэтага выдання паўдзельнічалі гісторыкі, публіцысты і літаратары трох краін — Беларусі, Польшчы і Літвы. Нават прэзэнтацыя «Кнігі Вялікага Княства» праходзіла не ў звычайных для кніг умовах — яе на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра атачалі дэкарацыі, грымёры і акторы.
Выпрабаваннем часу 2009 год стаў для цэлага полку беларускіх калектываў і ансамбляў. Свае дзесяцігоддзі адзначылі этна-трыо «Троіца», B:N, «J-морс», «Сьцяна», «БезБилета», «Бан Жвірба», «Вірус Ліха», «Тяни-Толкай», UR’IA. Дваццацігоддзе сёлета справіў «Нейра Дзюбель». Сабраўшы поўны клуб «Рэактар», «Дзюбелі» зладзілі настальгічны канцэрт, прагуляўшыся па ўсёй сваёй музычнай біяграфіі і праз песню моцна націскаючы на нескупую глядацкую слязу. У той незабыўны вечар на сцэне побач з Аляксандрам Куллінковічам граў экс-клавішнік Макс Івашын, віншавальна спявалі брутальная Вольга Самусік і стваральнік нацыянальнай кантры-музыкі Алег Хаменка. Знакавай гэта падзея была для ўсіх, хто яшчэ памятае, як «Дзюбелям» за імгенне да канцэрту адмяўлялі ў яго правядзенні, і гурт, наспех пераўвасобіўшыся ў «Хроники доктора Сайкова», як Маісей, вёў за сабой гледача з «Рэактара» — у больш лаяльны клуб «Акварыум».
Тое, ад чаго мы нічога асабліва не чакалі, і нічога не атрымалі — гэта кінафестываль «Лістапад-2009». Прыемнымі момантамі быў прыезд расійскага рэжысёра Кіры Муратавай і прагляд яе новага фільма «Мелодыя для шарманкі», ну і, хутчэй за ўсё, для тых, хто быў на фестывалі, знайшлася пара-тройка асабістых прыемных момантаў (прыезд Кшыштафа Занусі?). Аднак, чаму, напрыклад, фільм Муратавай не атрымаў ніякіх узнагарод, засталося таямніцай для большасці сталічных кінаманаў.
Таксама ў гэтым годзе мы асабліва нічога не чакалі ад дарослага песеннага фестывалю «Еўрабачанне», які праходзіў у Маскве. Мала таго, што беларус Пётр Ялфімаў, чый вобраз цяпер неразрыўна звязаны з белымі скуранымі штанамі, не прайшоў у паўфінал, дык яшчэ і рассварыўся са сваёй камандай і айчыннай журналістыкай як з’явай. Затое ў намінацыі «Эмігранты, якія нас парадавалі» — «залаты медаліст» фестывалю Аляксандр Рыбак, чые бацькі збеглі за мора з савецкай Беларусі. І тое, і іншае менш істотна для глабальных працэсаў, чым той факт, што беларусы ўпершыню аддалі свае максімальныя балы суайчынніку, а не расійскаму выканаўцу.
Сёлета, бадай, як ніколі раней, было шмат спробаў і праверак, сярод якіх — ідэя прывезьці ў Беларусь зорку сусветнай велічыні, стварыць для яе выступу беспрэцэдэнтныя умовы і сабраць дастатковую колькасць людзей. Prodigy ў Мінску — у гэта нават зараз верыцца слаба, аднак, праверка адбылася. Людзей прыйшло надзіва няшмат, затое тыя, хто быў, упершыню бачылі і чулі цэнтр беларускай сталіцы такім. Цяпер чакаем вынікаў — хто прыедзе ў 2010 годзе?
Яшчэ адна спроба разнастаіць карціну мінскага цэнтра — арт-фестываль «ДАХ-9», пад дахам якога мелася аб’яднацца беларускае афіцыйнае і андэграўнднае мастацтва, мастацтва ўсіх відаў, форм і жанраў. Праўда, першая аладка не атрымалася вельмі смачнай: высветлілася, што афіцыйнае мастацтва не можа існаваць без цэнзуры, а беларускі мастацкі андэграўнд збольшага злеплены з газет, поліэтыленавых пакетаў, ліпкай стужкі, пластыліну і іншых не вельмі дарагіх рэчаў. Прычым злеплены на вельмі хуткую руку.
У рубрыку спробаў і праверак яшчэ ўвайшла намінацыя «Гэтым не пахвалішся». Напярэдадні новага году тэлекампанія СТВ вырашыла парадаваць Беларусь чатырохсерыйным сіткомам «Тэарэтыкі», па задуме падобным да амерыканскага серыялу «Тэорыя вялікага выбуху». Выйшла па КВН’аўску калярова і па-няўклюднаму забаўна, але вельмі нясмешна.
Складана пахваліцца таксама новым праектам «Звездный ринг» канала СТВ. Аматараў беларускай музыкі, вядома, вельмі цешыць, што на экране з’яўляюцца Піт Паўлаў, «Нейра Дзюбель», «Крама» і «Палац», толькі спаборнічаюць яны чамусьці з поп-зоркамі, якія працуюць для зусім інакшай аўдыторыі.
Самымі лепшымі і ўтульнымі месцамі году, на жаль, назваць можна толькі два: паб-клуб «Граффіці», які спазнаў знешнюю рэканструкцыю і быў захоплены двумя крэатыўнымі маладымі людзьмі, якія любяць музыку, новую музыку і яшчэ не вядомую музыку, і зрабілі сваё захапленне канцэпцыяй клуба. Другое месца тут ўзгадваецца з авансам на недалёкую будучыню — галерэя «Ў», у нетрах якой апроч уласна галерэі існуюць кавярня і кнігарня, напоўніцу распачне сваю працу ў 2010 годзе і, можа быць, ператворыцца ў сапраўдны цэнтр сучаснага мастацтва і культуры, пра які так мараць мастакі і пісьменнікі.
Будзем спадзявацца, што наступны культурны год не саступіць 2009 па эмацыйнасці і смелых першых кроках у няпэўную будучыню.