Націск на націск
30.12.2009 15:50
—
Новости Культуры
Надта непісьменна cтавяць націскі журналісты некаторых станцый і нават акторы. З гэтай нагоды мовазнаўцу Алесю Каўрусу напісаўся вершык, складзены са словаў з тыповымі памылкамі націску. «Выкладаю крыху завострана, але аб’ектыўна», — піша ён.
- Скуль жа гэта ўзялося?
«СабралІся», «сабралОся»…
«ДабралІся» так да слова,
Што яно крычаць гатова.
Мо «адбЫлася» дамова
Весці націску абнову?<
- Вось «Культура», вось «Сталіца»:
То «шпацЫр», а то «сківІца»…
Ды «палУтара», «каторы» —
Прамаўляюць ледзь не хорам.
(Як жа, людзі, вам не сорам!)
- Вы, «Свабода» і «Белсат»,
Лепш пільнуйце моўны сад.
Доўга дома не былі —
Дык не «бАлі», а «балІ»,
Замест «звЯзаны» — «звязАны»,
Адно мове болі, раны.
Блэнды пруць з усіх бакоў,
Не дасць рады й Бушлякоў.
- А засмучаны чытальнік…
Той з «гурбЫ» ступіў на «цАлік»,
Зняў «дзягУ», сеў на «крушнЮ»
І, здарожаны, прыснуў.
Потым дома, у «сенцАх»,
Учуў хлеба смачны пах!