5 кінастужак, якія сёлета нас расчулілі

Источник материала:  
30.12.2009 15:24 — Новости Культуры

Сёлета чацвёртым захадам нашу планету выбаўляў Тэрмінатар, трансформеры другім накладам бліскуча ператварыліся ў саміх сябе, а Людзі Ікс каторы ўжо раз не схацелі паставіць на сваёй мутанцкай планетавыбаўляльнай кар’еры тлусты ігрэк.

Аднак пасля кіношных сцэн масавага разбурэння, вяртаючыся ў свае дзіўным чынам ацалелыя пасля ўсіх тых апакаліпсісаў малінаўкі і серабранкі, гледачы бачылі там пазбаўленую дзівосных спэцэфектаў, але адгэтуль не менш феерычную рэчаіснасць. Рэальнасць, замяшаную не на камп’ютарных труках, а чалавечых пачуццях.

Але ж былі, былі сёлета стужкі, які абралі не ісці зорным шляхам неймаверных прышэльцаў і бляшаных кібаргаў, і ўсё ж трапілі ў нашыя сэрцы праз службовы ўваход «Толькі для людзей». 5 фільмаў, якія нас сёлета расчулілі.

5.Ён яшчэ вернецца


Узлёт Мікі Рурка ў "Рэстлеры"

.«Рэстлер» з Мікі Руркам. Нягледзячы на кідкую рэкламную кампанію і бляск галоўнай тэмы (пастановачныя баі, рэстлінг), гэта сцішаны, асабісты фільм: прыватны аповед пра прыватнага чалавека. Адвечная песня пра спробу вяртання да ўласных вяршыняў. Пра пакліканне, улюбёную справу, якая мае сваю высокую цану. Нават усведамляючы, што хэпі-энда не прадбачыцца, усё роўна ўсе глядзяць, прыглядаюцца, прымерваюцца: не выключана, што і самім колісь давядзецца здзейсніць свой камбэк.

4.Раскатурхаем гэты свет!


"Рок-хваля"


"Стылягі"

На чацвертым месцы аднаяйкавыя браты-блізнюкі: англійская «Рок-Хваля» і расійскія «Стылягі». Першыя з брытанскіх мораў 70-х на пірацкім радыё транслююць яўную контру саладжавай эстрадзе, другія - у Маскве 60-х на злосць камсамольскай арганізацыі настаўляюць фіялетавыя чупрыны і скочуць яўна неканвенцыйныя бугі-вугі. Сэкс, рок-н-рол і ўсё такое па поўнай праграме. І, вядома, ім процістаяць: першым - кепскі афіцыёз з ураду Яе Каралеўскай Мосці ў зашпіленых на ўсе гузікі гарнітурах, другім: стрыманая звонку і ашалелая з сярэдзіны савецкая ўраўнілаўка. І саўндтрэк, вядома: для англа-амерыканскага вуха «Маё пакаленне» гурту The Who – гэта ўсё роўна як для постсавецкага -«Cкованные одной цепью» «Наутылуса Пампіліуса».

3.Голая праўда пра эмігранцтва


«Маўчанне Лорны»

«Маўчанне Лорны». Албанская імігрантка Лорна заключае фіктыўны шлюб з безнадзейным наркаманам Кладзі, каб атрымаць бельгійскае грамадзянства. Саўдзельнікі Лорны чакаюць, калі наркаман памрэ: тады аўдавелая Лорна ізноў праз шлюб — выцягне на Захад расійскага мафіёзі з вялікімі грашыма. Але ў гераіні нечакана абуджаецца спачуванне.

Пасля шэрагу стужак, у якім ўся віна за гаротнае становішча эмігрантаў ў Еўрасаюзе ўскладалася на карэнных жыхароў краіны, «Маўчанне Лорны» – контратака. Гэтым разам ад вока кінамастакоў не схаваўся той факт, што пакрыўджаныя, адаптаваныя да ўдараў, наносяць крыўдзіцелю не менш жахлівыя ўдары ў адказ. Аднак рэжысёры, браты Дардэны, забаўленыя зусім не праблемай еўрапейскай эміграцыі, а хутчэй вымалёўваннем абрысаў чалавечай душы, што абуджаецца й праяўляе сябе. Фільма намінаваўся ў Канах за «Залатую пальму».

2.Блуканні пад бел-чырвоным сцягам


«Польска-руская вайна пад бел-чырвоным сцягам»

На гэтае месца трапляе не аблашчаная і не абеларушаная нашым кінапракатам «Польска-руская вайна пад бел-чырвоным сцягам». Варшаўскі мікрараён: яго насельнікі, нанюханыя замест какаіну супам з пакеціка, закінутыя піўцом з пластыкавых кубачкаў, каламутным вокам назіраюць за калдырным конкурсам прыгажосці, што прысвечаны таямнічаму Дню без рускіх. Фантасмагарычны раман Дароты Маслоўскай перакінуўся ў яскравую вытворную мастацкага фільма. Няма ні Польшчы, ні Расіі, ні згаданай у фільме Беларусі, а ёсць прыгарадны сплін і гопнік па мянушцы Сільны, якога нешчаслівае каханне ўдарам па галаве разбудзіла сярод беспрабуду сацыяльнай матрыцы, і ўклала ў вусны сакраментальнае «Хто я?».


Толькі для людзей. Раён №9

1.Выключна для людзей

Пакінем «Аватар» для будучыні – з усімі сваімі касмічнымі анімацыямі, іншапланетнымі паўстаннямі ён прыляцеў да нас, пэўна, з наступнага дзесяцігоддзя, дзе, падазраем, гэтых незямных даброццяў будзе напоўніцу.

Наш выбар - «Раён нумар 9».

У 80-я над Ёханэсбургам трапляе ў аварыю іншапланетны карабель. Пацярпелых — інсектападобных істотаў — рассяляюць пад горадам у нешта накшталт лагера для ўцекачоў, ад чаго тамтэйшыя зямляне не ў захапленні, бо разбэшчаныя галечай і крыміналам, прыхадні зусім як людзі пачынаюць весці антысацыяльны грамадскі лад жыцця.

Дробны чыноўнік Вікус (Шартло Коплі) мусіць арганізаваць пераезд іншапланетнікаў у канцэнтрацыйны лагер. Але ад канфіскаванага карабельнага паліва герой сам пачынае пераўтварацца ў інсекту — і яму даводзіцца на ўласнай скуры зазнае чалавечую лютасць.

«Раён нумар 9» - таксама фантастыка, таксама высокі бюджэт. Але рэжысёр Нэйл Бламкамп дабіўся праўдзівай спагады: стварыў прыхадняў з космасу, адно каб мы адчулі чалавечнасць, адзеў людзей у спэцэфектную браню, каб мы дакрануліся да іхняй датклівасці, перакінуў у паралельнае светавымярэнне, дзеля таго каб мы зведалі наш час з сапраўднымі жалюгоднымі лагерамі для ўцекачоў у Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

←Новые ленты о войне снимут на Национальной киностудии "Беларусьфильм"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика