Скарбы вяртаюцца

Источник материала:  
Скарбы вяртаюццаНясвіжская бібліятэка і архівы Радзівілаў уключаны ў рэгістр ЮНЕСКА «Памяць свету»
Рарытэты, пра якія ідзе гаворка, не ўбачыш пакуль пад час звычайнай экскурсіі ў Нясвіж. Іх яшчэ належыць сабраць, “прыжывіць” нанава ў родавым гняздзе Радзівілаў. Прычым большасць скарбаў, мусіць, завітае туды адно што віртуальна. Бо вядома ж, як няпроста вярнуць назад культурныя каштоўнасці, вывезеныя з Беларусі ў розны час і пры розных абставінах.
Пра Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, які па праву мае славу аднаго з самых прыгожых месцаў у Беларусі, ведаюць многія. Ён надзвычай цікавы як для навукоўцаў, так і для звычайных турыстаў. Між тым, у Нясвіжы Радзівілы сабралі і каштоўныя архівы, вялікую бібліятэку. Айчынныя спецыялісты, вядома ж, ведалі пра тыя архіўна-бібліятэчныя скарбы. Менавіта Беларусь і стала ініцыятарам ідэі: падаць неабходныя дакументы на уключэнне архіваў і Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў у рэгістр ЮНЕСКА “Памяць свету”. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, і нас падтрымалі Расія, Украіна, Літва, Польшча, Фінляндыя — тыя краіны, дзе цяпер захоўваюцца значныя часткі магнацкіх багаццяў. Даследчыкі сцвярджаюць, што ў Нясвіжы быў адзін з буйнейшых асабістых архіваў і кнігазбораў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Асаблівая цікавасць да яго ў гісторыкаў, бо фарміраваліся калекцыі на працягу доўгага перыяду — з XVI па XX стагоддзе.
Праект па ўключэнні нясвіжскіх скарбаў у рэгістр «Памяць свету», а па сутнасці — па вяртанні Радзівілаўскай спадчыны ў культурную прастору Беларусі, быў падтрыманы Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА. І нядаўна ў Мінску адбылася знакавая падзея.
Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны уручыў удзельнікам праекта сертыфікаты: аб уключэнні архіваў і Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў у сусветны рэгістр ЮНЕСКА “Памяць свету”. Рэгістр быў заснаваны ў 1992 годзе. Цяпер у ім 197 аб’ектаў дакументальнай спадчыны, якія маюць сусветнае значэнне.
Як паўплывае на лёс Радзівілаўскай спадчыны рашэнне ЮНЕСКА? Уладзімір Шчасны лічыць, што ўключэнне ў сусветны рэгістр “Памяць свету” дасць магчымасць не проста захаваць унікальную калекцыю архіваў і Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, але і зрабіць яе даступнай для ўсіх жадаючых.

Іван Іванаў


←ЧЬЯ ЗВЕЗДА ГОРЕЛА ЯРЧЕ?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика