Зайка
Жыў-быў зайка. Ваўкі яго злякалі, лісы ганялі, пугачы — палохалі. Сядзіць зайчык пад кусцікам, дрыжыць.
Толькі надакучыла зайку баяцца.
Ад зорачкі, што ціха гаварыла і днём, і ўначы — даведаўся ён пра Цара цароў, Караля каралёў.
«Паскачу я да Цара цароў, Караля каралёў — думае зайка. — Ён мне дапаможа. Выратуе.»
Але страшна зайку: небяспечны шлях.
Паскакаў зайчык лясамі цёмнымі, ярамі непралазнымі.
З-за дрэва крывога кінулася на яго ліса:
–Заяц-заяц! Я цябе з’ем!
–Не ясі мяне, ліска рудая! Я бягу да Цара цароў, Караля каралёў, каб яму пакланіцца.
–Да Цара цароў? — думае пра сябе ліска хітрая: «Калі гэты Цар моцны, то можна яго падмануць дый выпрасіць, што захочаш, а калі слабы — пазнушчацца. Усё мне — на карысць і радасць.»
–Ну, дык бяжы, зайчык, пакланіся, — кажа хітрая млосным голасам. Вачыма ліслівымі — зырк! — і потым раскажаш!
Паскакаў зайчык далей. А лес яшчэ цямнейшы. Бураломы яшчэ страшнейшыя.
Ля дуба гнілога сцапаў зайку воўк. Зубамі ляскае, вочы галодныя:
–Ага, заечына! Я цябе з’ем! Нават костак не застанецца!
–Не з’ядай мяне, ваўчына шэранькі! Я бягу да Цара цароў, Караля каралёў, каб яму пакланіцца.
–Гы!.. а ён смачны? Заяц, гэта, — кажа воўк шэры і бруха гладзіць, — дазнайся, дзе Цар і мяне да яго прывядзі. Каб, ам! яму пакланіцца.
Скача зайчык балотамі багністымі, палянамі спаленымі.
Даскакаў амаль.
І тут — бух! — схапіў яго мядзведзь люты. На шматкі парваць, дзеля забавы звярынай. Улю-лю!
–Не забівай мяне, мядзведзю люты! — узмаліўся зайка. — Я бягу да Цара цароў, да Караля каралёў, пакланіцца яму.
–Цароў я яшчэ не драў кіпцюрамі… Ха-ха!
І загадаў мядзведзь зайцу, каб той усё выведаў пра Цара цароў.
Дабяжаў-такі зайка. І тут боязна яму стала: «Я маленькі зайчык. А Цар цароў — у палацы, з аховаю. У аховы, відаць, алябарды і шаблі, а на ланцугах — сабакі драпежныя.»
Толькі бачыць зайка, няма на месцы, што зорка паказвала — палацу ніякага.
Сняжынкі віюцца, падаюць, анёлы пляшуць, радуюцца:
–Не бойся, зайка! Збаўца Свету нарадзіўся. У небе — радасць, а на зямлі — супакой усяму жывому, хто добрае волі.
Стаіць, асветлены, хлявок ціхі. Зайчык у хлеў зазірае, вушамі варушыць, здзіўляецца па-заечы:
–А чаму Цар цароў, Кароль каралёў не ў палацы каменным, не ў калысцы пазалочанай, а ў стаенцы, на сене?
–Таму, што палац — Божы Свет, а сапраўднае Царства там, дзе дабрыня і спагада. Кіска мурканнем Хрыста сагравае, кароўка — сена сваё падкладае, Юзаф і Марыя любоўю атуляюць.
–А чаму Цар цароў, Кароль каралёў — дзіцятка бездапаможнае?
–Таму, што Бог ёсць любоў. І ўцелавіўся, каб збавіць кожнага — ад найслабейшага і да самага моцнага. У кожную хвілю — па смерці, і ад нараджэння.
–А чаму ахова Цара цароў, Караля каралёў — пастушкі і ягняткі, валы дый асляняткі?
–Таму што шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Узрадаваўся зайка, вушкамі залопаў, ножкамі заскокаў. Падбег зайчык, пакланіўся Немаўляці
Кажа яму анёлак на развітанне:
–Не бойся, зайчык, не бойся! А злым і падступным пакуль не кажы нічога, каб шкоды Немаўляці не нарабілі.
Пабег зайка дадому.
–Не бойцеся, звяры! Не бойцеся!
Радаваліся вавёркі і матылькі. Хаваліся ваўкі і мядзведзі.