Прэм’ера ў Купалаўскім тэатры: доўгачаканы спектакль Translations у пастаноўцы Мікалая Пінігіна
Сёння, 23 снежня, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца доўгачаканая прэм’ера спектакля Translations паводле п’есы ірландскага драматурга Брайана Фрыла ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.
У аснове спектакля гісторыя жыхароў невялічкай ірландскай вёскі Бэйле Бэг у XIX стагоддзі, да якіх аднойчы прыязджаюць англійскія вайскоўцы з мэтай: пераўтварыць ірландскі Бэйле Бэг у англійскі Бэллібэг.
Гэта не толькі гісторыя пра каланізацыю Ірландыі Англіяй і пра тое, як адна мова выцясняе другую. Перш за ўсё гэта гісторыя кахання англійскага салдата і ірландскай дзяўчыны, якія размаўляюць на розных мовах і папросту не могуць разумець адзін аднаго.
У прэм’ерным спектаклі бяруць удзел лепшыя артысты купалаўскай сцэны. Разам з прызнанымі майстрамі — заслужанымі артыстамі Беларусі Аляксандрам Падабедам, Віктарам Манаевым, Сяргеем Краўчанкам — заняты маладыя акцёры Сяргей Рудзеня, Аляксандр Казела, Ганна Хітрык, Святлана Анікей, Святлана Зелянкоўская, Валянціна Гарцуева і іншыя.