Рускамоўныя паэты Мінска прэзентуюць альманах - 18 снежня
Мы ведаем, што культура бывае поп‑ і суб‑, а спажывец яе — масавым, ці мэтавым. Сакрэты ж крыюцца там, дзе сканчаецца відавочнае, а пачынаецца схаванае — таемнае, вірлівае творчае жыццё, якое незаўважна працякае скрозь штодзённыя літаратурныя вечарыны, прэзентацыі і стракатыя кніжныя паліцы.
18 снежня ў кнігарні галерэі «Ў» збяруцца адцененыя на дальні план рускамоўныя літаратары,
пачытаць якіх можна толькі ў самвыдаце, мастакі слоў і словаценяў, якім, па іх жа сцверджанні, пакуль так і не ўдалося спаткаць свайго чытача. Магчыма, ім станеце вы, таму што суполка «Минская поэтическая школа» выходзіць на святло і прэзентуе свой альманах.
Прадстаўнікі «МШ» настойваюць на тым, што іх уплыў на беларускую літаратуру — значны, аднак не даследваны літаратуразнаўцамі. Яны падкрэсліваюць, што іх лучыць не групавая салідарнасць і адзінства канцэпцыі, а падобны сацыяльны, культурны і экзістэнцыйны досвед. Адной са сваіх першасных мэтаў «МШ» бачыць выданне рускамоўных беларускіх паэтаў, вяртанне ім статуса, месца ў культурнай прасторы, вяртанне права на аўдыторыю і дыялог.
Удзельнікі вечара: доктар філалагічных навук Ірына Скарапанава; маладыя філолагі і паэты Надзея Наважылава, Вольга Маркітантава, Таццяна Светашова, Сяргей Чарнабай; паэты Раман Бернштэйн, Міхаіл Ганчароў, Алена Казанцава, Ігар Корзун, Ала Левіна, Дмітрый Строцаў.
У праграме: вершы, песні, танцы, пераклады і круглы стол. Можна ў чарговы раз паспрачацца пра тое, ці магчымая паўнавартасная беларуская культура не па‑беларуску, ахвотныя да спрэчак і сузіранняў запрашаюцца да 19.00.